Жыхары Карэліцкага раёна працягваюць звяртацца на суботнія “прамыя лініі”

Жыхары Карэліцкага раёна працягваюць звяртацца на “прамыя лініі”, якія праводзяцца па суботах кіраўніцтвам райвыканкама.

Так, жыхары дамоў № 1-6 па вуліцы Чырвонаармейская ў г.п. Карэлічы патэлефанавалі па пытанні рамонту сваёй вуліцы. У РУП ЖКГ паведамілі, што рамонт участка вуліцы Чырвонаармейская (ад вул. 1 Мая да вул. Чэхава) будзе выкананы да 1 верасня бягучага года.

Жыхарка в. Далматаўшчына паведаміла, што па вул. Піянерская ў гэтым населеным пункце растуць аварыйныя дрэвы, якія пагражаюць лініі электраперадачы. Спецыялісты Карэліцкага раёна электрычных сетак выехалі на месца і ўстанавілі, што пагрозы сеткам няма. Таксама заяўніца паскардзілася на падтапленне яе агарода. Ёй паведамілі, што ДРБУ-158 падоўжыць водаадводную канаву і закрые невыкарыстоўваемы з’езд.

Яшчэ адзін жыхар Далматаўшчыны прасіў дапамагчы з рашэннем праблемы, якая ўзнікла з-за агульнага зямельнага ўчастка. Для вырашэння зямельнай спрэчкі і асабістых непрыязных адносін паміж суседзямі заяўніку трэба звяртацца ў суд.

Іна ЛЕЙКА