У Карэлічах на стадыёне «Юнацтва» адбыўся скандынаўскі марафон пакаленняў «Час выбіраць здароўе» (+відэа)

13 мая, напярэдадні Дня сям’і, на стадыёне «Юнацтва» ў райцэнтры прайшоў скандынаўскі марафон пакаленняў «Час выбіраць здароўе». Яго ўдзельнікі — прадстаўнікі старэйшага і маладога пакаленняў.
Адкрыла мерапрыемства дырэктар ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна» Інэса Сямібратава. Яна адзначыла, што марафон праводзіцца з нагоды Дня сям’і і пажадала яго ўдзельнікам згуртаванасці на дыстанцыі, і каб яны займаліся спортам з задавальненнем у такое цудоўнае надвор’е.
Старшыня ДУ «Фізкультурна-спартыўны клуб Карэліцкага раёна» Наталля Галушка нагадала, што трэба тройчы абысці стадыён і заклікала, каб скандынаўская хада была ім толькі ў вялікую асалоду і прынесла добры настрой.

Мы папрасілі падзяліцца сваімі меркаваннямі арганізатараў і ўдзельнікаў скандынаўскага марафона.

Вольга БЛАКІЦКАЯ,
трэнер-выкладчык па гандболе
ДУ «ДЮСШ Карэліцкага раёна»:
— Скандынаўская хада — гэта актыўны від дзейнсасці, які аб’ядноўвае ўсе ўзроставыя катэгорыі людзей. Ёй можна займацца ў любую пару года, без абмежавання па стане здароўя. Галоўнае — мець добры настрой і добрага кампаньёна. Скандынаўская хада нясе вялікую карысць — дабаўляе сілы і энергію.


Еўдакія РУМЯНЦАВА,
жыхарка г.п. Карэлічы, 82 гады:
— Скандынаўскай хадой займаюся каля 10 гадоў скандынаўскай хадой і вельмі задаволена: лягчэй для ног і суставаў. Рэгулярна наведваю гурток «Крокі здароўя» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Тут мы займаемся на трэнажорах, фізкультурна-аздараўленчай гімнастыкай і скандынаўскай хадой. Усё гэта ідзе нам толькі на карысць.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ
Відэа Сяргея СТОЛЯРА