Маршрут выхаднога дня: аграгарадок Лукі
Выхаванне пачуцця любові да роднага краю, роднай вёскі, роднай мовы -задача першапачатковай значнасці і няма неабходнасці гэта даказваць. Але як выхаваць гэтыя пачуцці?
Якія метады і прыёмы выкарыстоўваць? Вядома, што пазнаваць родны край з яго гісторыяй і самабытнасцю, задача не толькі для работнікаў установы адукацыі, але і для сям’і. Здаецца,трэба выкарыстоўваць самы моцны сродак — свой прыклад, а яшчэ лепш — прыклад сваіх родных.
Так атрымалася, што з бацькамі пашанцавала не толькі дзецям, а ле і педагогам: вывучаць гісторыю вёскі, дзе жывуць сем’і, стала цікавей пры ўзаемадзеянні выхавальніка з сем’ямі выхаванцаў.
Таму маршруту выхаднога дня быць! Курс на аг. Лукі Карэліцкага раёна разам з сям’ёй Меркушавай Софіі.
Цікавыя звесткі паведаміла бабуля Ірына Андрэеўна: аказваецца, Лукі ўпершыню ў дакументах упамінаюцца ў пачатку 15 стагоддзя, а менавіта ў 1518 годзе і належала князю Вітаўту. Значыць, нашай вёсцы 505 гадоў!
У рамках патрыятычнага выхавання разам з дзецьмі вядзецца сістэматычная работа па краязнаўству, таму час дзяліцца ведамі Софіі: праз нашу вёску працякае невялікая рачулка Буча. Калі паглядзець на яе зверху, то відаць, што рака дае ізлучыну і падобна на лук, з якім раней хадзілі на паляванне. Па беразе пачалі сяліцца людзі, а паселішча назвалі Лукі. Першыя жыхары, як свярджае паданне, мелі прозвішча Бучацкія ад назвы ракі Бучы.
Наш аграгарадок нават мае свой герб, які быў распрацаваны
У.У. Матусевічам. Паглядзіце: выява той самай ракі Бучы, ад якой пайшла назва вёскі, ідзе праз увесь герб. Кветка ільна — гэта прыродны сімвал Беларусі. Між тым, наша зямлячка В.Л. Калоша была першай з Лукаў, каму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы з уручэннем ордэна Леніна за плённую працу звен’явой пры ўборцы ільна. Зялёны колер на гербе — сімвал палеткаў, жоўты колер — колер хлеба. Два каласы па баках сімвалізуюць ураджайнасць збожжавых культур.
Базавыя веды засвоены, і Софія атрымала заданне: вызначыць, якія вуліцы ёсць у Луках. Тут на дапамогу прыходзіць прабабуля Вера Лукінішна Забенька:
-Ад Цетры праз усе Доўгавічы — гэта і ёсць Лукі,- кажа яна.
Толькі дзе ж гэта? Аказваецца, раней наша вёска складалася з адной вуліцы. На адным канцы знаходзіцца цятранскі лес, як кажуць людзі. Там, на ўскрайку леса цяпер стаіць дуб, а некалі была і хата панскага работніка. Гэта быў пачатак вёскі. На другім канцы знаходзяцца Доўгавічы, так кажуць цяпер толькі сталыя людзі, ад слова “доўгі”. Цяпер гэта доўгая вуліца складаецца з дзвюх частак. Вуліца Першамайская, што названа ў гонар свята 1 мая, і вуліцы Партызанскай: адны кажуць, што праз яе хадзілі партызаны ў час вайны, іншыя лічаць, што яе так назвалі ў гонар тых партызан, што загінулі ў час вайны.
Не застаўся ў старане і дзядуля Аляксандр Дзям’янавіч: ёсць у нас і вуліца імя І.Д. Чарняхоўскага, двойчы Героя Савецкага Саюза, самага маладога генерала арміі (загінуў у 37 гадоў), выдатнейшага палкаводца Вялікай Айчыннай вайны.
Цікавая назва — вуліца Камунараў: яна сваю назву атрымала таму, што там пражываў В.Бучацкі, які ў 1919 годзе заснаваў сельскагаспадарчую камуну “Праца” імя У.І.Леніна ( цяпер ДП “ Лукі-Агра”).
Ішоў час, вёска змяніла статус на аграгарадок. З’явіліся вуліцы Садовая, Школьная, Новая, Зарэчная і Юбілейная. Іх значэнне добра зразумела Софія: на працягу навучальнага года разам з дзецьмі знаёміліся з імі падчас мэтавых прагулак.
Пры арганізацыі работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту неабходна ўлічваць асаблівасці ўспрымання дзяцей: найлепш запамінаецца тое, да чаго можна дакрануцца. З абстрактнымі паняццямі ўсё цяжэй: як дакрануцца да Радзімы? Мама Аксана і тата Аляксандр гэта ўлічылі і вынікам стала карта, якую малявала ўся сям’я. Там і вуліцы, і садок, і свая хата. Цяпер засталося разам з дзецьмі размясціць магазіны, бальніцу і іншыя сацыяльна значымыя аб’екты, а самае галоўнае — кожнае дзіця зможа намаляваць сваю хату.
Менавіта дарослыя надаюць сэнс дзеянням дзяцей: Софія добра правяла дзень, агульная справа аб’яднала дарослых. Яшчэ цяплей ад таго, што сям’я стала найлепшым прыкладам пры вывучэнні роднай вёскі.
Добрых Вам сямейных выхадных.
В. В. Свінцова,
выхавальнік ДУА “Лукскі дзіцячы сад Карэліцкага раёна”