Работники Кореличского РОЧС установили нарушения во время кормозаготовки
Вырасціць, нарыхтаваць і захаваць корм для жывёлы — справа важная і працаёмкая. Паводле сумнай статыстыкі, у рэспубліцы кожны год адбываюцца пажары ў сенасховішчах. Часцей за ўсё да загаранняў прыводзіць чалавечы фактар. Прычынамі становяцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, дзіцячае свавольства, падпалы — у першую чаргу з-за адкрытага доступу да месцаў складзіравання і захоўвання грубых кармоў. Таксама да пажару можа прывесці парушэнне тэхнічнага рэгламенту захоўвання сена або саломы.
У перыяд нарыхтоўкі кармоў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — на асаблівым кантролі ў выратавальнікаў, якія перыядычна праводзяць рэйды па аб’ектах аграпрамысловага комплексу раёна.
На гэтым тыдні інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Карэліцкага РАНС Павел Купрас адправіўся з праверкай на сенасховішчы КСУП «Племзавод Карэлічы», «Лукі-Агра» і СВК «Свіцязянка-2003». Рэйд паказаў, што пажарная бяспека ў месцах захоўвання грубых кармоў забяспечана не ва ўсіх гаспадарках. Найбольш распаўсюджанымі парушэннямі сталі незабеспячэнне складоў першаснымі сродкамі пажаратушэння і неабмежаванне доступу іншых асоб у сенасховішчы. Па выніках маніторынгу кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў прадпісана выправіць выяўленыя парушэнні ў бліжэйшы тэрмін.
Служба МНС нагадвае, што склады грубых кармоў неабходна размяшчаць на спецыяльна адведзенай пляцоўцы, якая знаходзіцца на адлегласці 15 м ад сцірты, і павінна быць акапанай паласой шырынёй не менш за 4 м. Асобныя сцірты таксама павінны быць абаронены ахоўнымі палосамі на адлегласці 5 м ад іх падножжа. Не дапускаецца праводзіць работы з адкрытым агнём бліжэй 50 м ад сцірты сена і саломы. Адлегласць ад сцірты, падстрэшкаў і штабялёў грубых кармоў да лініі электраперадач павінна быць не менш за 15 м, да дарог – 20 м, да будынкаў (збудаванняў) – не менш за 50 м, да межаў ляснога масіву – не менш за 100 м.
Нярэдка прычынамі ўзнікнення пажараў у сенасховішчах з’яўляецца парушэнне супрацьпажарнага рэжыму (курэнне, спальванне смецця і г.д.). Нельга дапускаць іншых асоб у памяшканні складоў. Дзверы (вароты) складоў, калі праца ў іх не ажыццяўляецца, павінны быць зачынены на замкі.
Сяргей СТОЛЯР