Пункт погляду журналіста: «З чаго пачынаецца Радзіма?»

У каторы раз задаю сабе гэтае пытанне і імкнуся знайсці адказ. Кожны раз шчыміць сэрца пасля наведвання родных мясцін. Пераасэнсоўваю ўсе «за» і «супраць» — і прыходжу да высновы: яна адзіная ў свеце. На роднай зямлі ты свая, тут усё тваё: ад сцяжынкі каля роднай хаты да клёкату буслоў на высокім явары. І колькі б разоў сюды ні вярталася, кожны раз родная зямля прыцягвае з неймавернай сілай.

Вёска не тая, якая была шмат гадоў таму. Не чуваць зараз шумлівай дзетвары на вуліцах, не выганяюць кароў на пашу, не спяшаецца брыгадзір ад хаты да хаты, клічачы вяскоўцаў на працу… Вёска прадаўжае жыць сваім жыццём, многіх жыхароў называюць дачнікамі.

У роднай вёсцы не так даўно паклалі асфальт — і вуліца стала больш шырокай. Хаця назва Вялікая Слабада сведчыць пра тое, што роднаму куточку ніколі не змяльчэць, ва ўсялякім разе для ўраджэнцаў, а нам трэба не здрадзіць роднаму краю і не парываць з ім сувязяў. Адсюль нашы карані.

Мой дзядуля каля дому пасадзіў дуб. Для прадаўжальнікаў роду дрэва-волат служыць абярэгам у жыцці і ахоўнікам для маладога саду. Дрэўцы падрастаюць і набіраюць сілу, вясной радуюць бела-ружовай квеценню, восенню — смачнымі яблычкамі. Дуб прыцягвае шумлівай гаворкай лістоты з ветрыкам, прыхіліся да дрэва — і на сэрцы становіцца лагодна і спакойна.

Успаміны вярэдзяць душу і вяртаюць у дзіцячыя і юнацкія гады. Немагчыма забыцца, як дзецьмі гулялі ў лапту і класікі, як збіралі каласкі на збожжавых палетках, палолі дзялкі буракоў і рвалі лён, увіхаліся на агародзе. А яшчэ гэта быў цудоўны час для сапраўднага сяброўства, першага кахання, цікавых падарожжаў — і гэтыя моманты назаўсёды засталіся ў памяці.

Вельмі часта ўспамінаю родную матулю. Яе няма побач адзінаццаць гадоў. Яна была радавой працаўніцай у калгасе і выконвала розныя работы. Шчыравала па асабістай гаспадарцы і ў агародзе. Жыла не азіраючыся, рана ўставала і позна ішла да сну. У працы знаходзіла сэнс жыцця, і ў гэтым былі яе моц і сіла.

Увогуле, мае аднавяскоўцы былі вельмі шчырымі, годнымі і працавітымі людзьмі. Да работы прывучалі сваіх дзяцей, у душы жадалі ім лягчэйшага хлеба, таму раз’ехаліся дзяўчаты і юнакі па вялікіх гарадах. Многія час ад часу вяртаюцца да роднага парога. Яны падтрымліваюць парадак на могілках, дзе пахаваны іх родзічы. Наведваюць мясцовую царкву, каб памаліцца за іх душы.

Існуе меркаванне, што вёска з’яўляецца месцам, адкуль у юнацтве хочацца паехаць, а ў сталыя гады вярнуцца. Мы родам з вёскі, адкуль у вялікае жыццё забралі з сабою любоў да роднага куточка: блакіт неба, спеў жаўрука, цвіценне садоў, калоссе збажыны.

На роднай зямлі вырошчваюць хлеб, тут бурліць жыццё, у сэрцах вяскоўцаў цепліцца надзея і жыве любоў.

Галіна СМАЛЯНКА

2