Как служба ЖКХ Кореличского района готовится к отопительному сезону
Як вядома, лепшым часам для рамонту санак з’яўляецца лета. Гэта прасцейшае правіла актуальна і для сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Таму, нягледзячы на тое, што ацяпляльны перыяд пачнецца як мінімум у канцы верасня, падрыхтоўку да яго пачынаюць ужо адразу пасля заканчэння папярэдняга. Традыцыйна пашпарты гатоўнасці прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінны атрымаць да 30 верасня. Пра тое, што будзе зроблена і як ідзе падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду 2023-2024 гадоў у Карэліцкім раёне, расказаў начальнік ацяпляльных кацельных і сетак Карэліцкага РУП ЖКГ Уладзімір Сап’янік.
– Пашпарты гатоўнасці да асенне-зімовага сезона павінны атрымаць 20 цеплакрыніц, 98 жылых дамоў, аб’екты РУП ЖКГ, да якіх адносяцца дзве гасцініцы, адміністрацыйны будынак прадпрыемства.
З мая па жнівень бягучага года работнікамі РУП ЖКГ запланаваны значны аб’ём работ па падрыхтоўцы да асенне-зімовага сезона. Так, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па замене ацяпляльнага абсталявання ў кацельні г.п. Карэлічы па вул. Гагарына. Зараз там кіпіць работа: праводзіцца капітальны рамонт будынка, будуць заменены катлы, якія адпрацавалі свой рэсурс, на катлы з больш высокімі каэфіцыентам карыснага дзеяння і магутнасцю. Як і папярэднія, яны будуць працаваць на мясцовых відах паліва.Кошт аб’екта складае 5,5 мільёнаў рублёў. Заказчыкам выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Навагрудскага раёна, генеральным падрадчыкам – ААТ «Прамтэхмантаж» г. Гродна. Згодна з пашпартам будаўнічага аб’екта, работы па мадэрнізацыі павінны быць завершаны ў кастрычніку бягучага года. Як сцвярджаюць камунальнікі, з наступленнем халадоў жыхары райцэнтра без цяпла і гарачай вады не застануцца.
За кошт уласных сродкаў Карэліцкага РУП ЖКГ будзе выкананы бягучы рамонт катла КВ-Р-1/95 у кацельні аграгарадка Цырын.
Таксама пры падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона работнікі РУП ЖКГ плануюць выканаць прафілактычнае абслугоўванне і прамыванне 128,9 км водаправодных сетак, 35 артэзіянскіх свідравін, прафілактычнае абслугоўванне 150 водаразборных калонак і рамонт 35. Будзе перакладзена 0,153 км водаправоднай сеткі пры заданні 0,153 і прамыванне 15,2 км, прафілактычны агляд 55,1 км каналізацыйнай сеткі.
– Безумоўна, вялікая ўвага будзе нададзена падрыхтоўцы жыллёвага фонду да ацяпляльнага сезона, – адзначае Уладзімір Іванавіч. – Будзе праведзены прафілактычны рамонт сістэм ацяплення 98 дамоў, рамонт 10 квадратных метраў шклення месцаў агульнага карыстання шматкватэрных жылых дамоў, электраабсталявання 17 жылых дамоў. Таксама зробім паверку прыбораў уліку цеплавой энергіі.
Калі ў бягучым годзе пачнецца ацяпляльны сезон, прадбачыць ніхто не бярэцца. Усё будзе залежаць ад сярэднясутачнай тэмпературы паветра. Але спадзяёмся, што ўсё запланаванае пройдзе ў штатным рэжыме і без збояў.
У апошнія гады надвор’е прыпадносіць нямала сюрпрызаў, таму расслабляцца няма калі. Камунальныя службы трымаюць руку на пульсе і імкнуцца дзейнічаць на апераджэнне ў плане падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду, паколькі, як паказвае вопыт апошніх гадоў, ацяпляльны сезон пачынаецца значна раней традыцыйных тэрмінаў і заканчваецца пазней. Калі ў ранейшыя часы ацяпленне ўключалі прыкладна ў сярэдзіне кастрычніка, то зараз ужо на працягу некалькіх гадоў запар камунальнікі ўключаюць яго ў дамах жыхароў ужо ў трэцяй дэкадзе верасня. І, дзякуючы дасканалай падрыхтоўцы, гэты працэс у рэгіёне праходзіць, што немалаважна, без аварыйных сітуацый.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара