Прадстаўнікі педагагічнай дынастыі Людміла Гавіна і Алена Русецкая з г.п. Мір расказваюць аб сваёй высакароднай прафесіі

Прафесія настаўніка — адна з паважаных у грамадстве. Ведучы дзяўчынак і хлопчыкаў у Краіну ведаў, педагог адкрывае ім нязведаны свет і выхоўвае дастойных грамадзян. Дзякуючы  яго  старанням і няўрымслівасці, вучні вызначаюцца ў жыцці — знаходзяць справу па душы і працуюць на карысць Айчыны.

Прадстаўнікі педагагічнай дынастыі —  былая настаўніца хіміі і біялогіі Мірскай сярэдняй школы Людміла Васільеўна ГАВІНА і настаўнік-дэфектолаг дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячы сад г.п. Мір» Алена Уладзіміраўна РУСЕЦКАЯ расказваюць аб гэтай высакароднай прафесіі.

— Чаму выбралі менавіта педагагічны шлях у жыцці?

Г. Л : — Калі вучылася ў школе, падабалася першая настаўніца, яна была строгай і прынцыповай, а таксама  работа ў калектыве і з дзецьмі. Мне пашанцавала ў далейшым і з класным кіраўніком. Мае настаўнікі былі прыкладам дабрыні, сціпласці, душэўнасці ў адносінах да вучняў.

Р. А.: — Перад вачыма была праца маіх бацькоў  — матулі Людмілы Васільеўны і таты Уладзіміра Уладзіміравіча. У дзяцінстве гуляла ў школу: спачатку вучыла лялек, затым суседскіх дзяцей і малодшую сястру Вольгу, якая таксама стала настаўнікам-дэфектолагам.

— Прафесія настаўніка — вельмі адказная. На што абапіраліся ў жыцці? Якіх прынцыпаў прытрымліваліся?

Г. Л.: — Гэта найперш любоў да вучняў. Хацелася жыць іх інтарэсамі і іх жыццём. Іх даверлівасць акрыляла — і марылася адкрыць для іх новы нязведаны свет. Ведаць не толькі як вучняў, але і як асоб.

Р. А.: — Галоўнае — рабіць дабро і дапамагаць дзецям. Заўсёды быць уважлівай і адказнай. Аддаваць часцінку сябе і свайго сэрца дзецям. Заўсёды кіравалася прынцыпам: калі не ведаеш, як паступіць, рабі так, як падказвае сэрца.

— Ці заўсёды было лёгка сеяць разумнае, добрае, вечнае? Ці калі авалодвала расчараванне ў прафесіі?

Г. Л.: — Усяго было ў педагагічнай працы. Мы шмат чыталі і пісалі, у той час не было новых тэхналогій.  Мы заўсёды былі ў творчым пошуку — і расчараванне было хвілінным. Жаданне несці вучням веды і жыццёвы вопыт не пакідала нас.

Р. А.: — Спачатку было няпроста. Трэба  мець шмат ведаў і ўменняў, каб працаваць з дзецьмі.  З цягам часу напрацоўваліся навыкі і станавілася працаваць лягчэй. Былі бачныя вынікі працы, і прыходзіла яшчэ большае задавальненне.

— Дзеці таленавітыя, непаўторныя, гарэзлівыя. А што Вам найбольш падабаецца ў іх?

Г. Л.: — Я люблю іх розных: таленавітых і працавітых, непаслухмяных і гарэзлівых. Ва ўсіх іх жыццёвых сітуацыях імкнулася разабрацца і падтрымаць бацькоў. Мы рабілі агульную справу — выхоўвалі дастойных грамадзян краіны. Радаваліся іх дасягненням і поспехам, у якіх быў уклад настаўніка.

Р. А.: — Дзеці своеасаблівыя, цудоўныя, непаўторныя — і цікава знайсці да іх падыход і ключык да сэрца. Больш за ўсё падабаюцца непасрэднасць, ясны розум, неардынарнасць. Дзіця —  асоба, і ў кожным знаходзіш штосьці індывідуальнае, на што звяртаеш увагу, і гэта дапамагае ў працы.

— Ці часта тэлефануюць былыя вучні і запрашаюць на вечары сустрэчы?

Г. Л.: — Так, тэлефануюць з розных куткоў Беларусі, клічуць на вечары сустрэчы. Сустракаемся ў нефармальнай абстаноўцы, прыязджаюць дамоў, цікавяцца маім жыццём на пенсіі і расказваюць пра свае жыццё, радасці, праблемы. Гэтыя сустрэчы для мяне, як бальзам для душы. Успамінаючы школьныя гады, маладзею душой.

Р. А.: — Я сустракаю ўдзячных бацькоў, якія гавораць мне словы падзякі. Дарослыя дзеці прыводзяць сваіх дзяцей і многія памятаюць, як у мяне вучыліся. І гэта для  мяне вышэйшая ўзнагарода за працу.

— Педагог выхоўвае будучых спецыялістаў розных галін народнай гаспадаркі. Якімі навыкамі трэба валодаць?

Г. Л.: — Трэба быць граматным у сваёй прафесіі. Любіць дзяцей, і душой, і сэрцам быць прыгожым. Педагог выхоўвае чалавека, сее добрае і вечнае, і гэта ніколі не павінна знікнуць на зямлі. Мне пашанцавала з калегамі па працы, з якімі сустракаемся і падтрымліваем адносіны.

Р. А.: — Быць псіхолагам у шырокім сэнсе гэтага слова, каб атрымаць давер і падпусціць да сябе дзіця. У цяперашні час трэба быць на адной хвалі з дзецьмі. У наша жыццё прыйшлі новыя тэхналогіі.

— Выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт.

Г. Л.: — Я, хаця не родам з Міра, але зжылася з людзьмі, у мяне добрыя суседзі і сябры па вакальнай групе ветэранаў працы Мірскага ГДК.  Мір стаў для мяне родным.

Р. А.: — Я люблю Беларусь, наша краіна вельмі прыгожая і цудоўная. Падабаецца пасёлак, у якім жыву і  працую. Людзі, якія мяне акружаюць, вызначаюцца працавітасцю, добрым сэрцам, сваёй шчырасцю і гэта, безумоўна, вельмі радуе і надае новыя сілы.

— Якімі Вы бачыце сваіх выхаванцаў у будучым?

 Г. Л.: — Граматнымі, чалавечнымі, душэўнымі.  Хочацца, каб  дапамагалі адзін аднаму ў складаных жыццёвых сітуацыях і маглі людзьмі звацца.

Р. А.: — Упэўненымі ў сабе, — упэўненасць дапамагае дасягнуць патрэбных вынікаў. Непаўторнымі асобамі і проста людзьмі добрага сэрца.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі КУПРЫЕНКІ