Школьница из Кореличского района, победившая на внутривузовской олимпиаде, стала студенткой Гродненского медуниверситета

Згодна з новымі правіламі паступлення ў вну, любы вучань можа быць залічаны ў жаданы ўніверсітэт без здачы адзінага экзамена. Для гэтага яму патрэбна прайсці ўніверсітэцкую алімпіяду. Першай у Карэліцкім раёне справілася з такой задачай і стала студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта адзінаццацікласніца ДУА “Сярэдняя школа імя Г. І. Сташэўскай” Ангеліна Стэльмах, якая атрымала Дыплом 3-й ступені на алімпіядзе па біялогіі.

Дзяўчына з дзяцінства марыла быць урачом, бо ёй падабаецца дапамагаць людзям. Ангеліна лічыць, што медыкі ўвесь час даведваюцца аб нечым новым. Гэтая якасць імпануе дзяўчыне, якая прызнаецца, што сама не любіць спыняцца на дасягнутым.

Для таго, каб спраўдзіць мару стаць урачом, Ангеліна з 10 класа займаецца біялогіяй з рэпетытарам, у школе вывучае прадмет на павышаным узроўні, наведвае алімпіядную групу, але, прызнаецца дзяўчына, універсітэцкая алімпіяда стала для яе складанасцю.

— Алімпіядныя заданні былі па тым матэрыяле, які мы не вывучалі ў школе, бо першы этап быў яшчэ 26 лістапада, у пачатку другой чвэрці, і мы яшчэ проста не пачыналі некаторыя тэмы. Але я мэтанакіравана рыхтавалася да алімпіяды і верыла, што ў мяне ўсё атрымаецца.

Ангеліна кажа, што з-за заняткаў і падрыхтоўкі да экзаменаў вольнага часу ў яе няма. Але, калі ў дзяўчыны выдаецца свабодная хвілінка, яна з задавальненнем праводзіць час з сябрамі. На дадзены момант Ангеліна не вызначылася з вузкай спецыялізацыяй, але выбрала лячэбны факультэт.

Хочацца пажадаць, каб усе пачынанні дзяўчыны спраўдзіліся і ў яе ўсё атрымалася.

Сяргей СТОЛЯР