У аграгарадку Турэц праведзены мітынг «Будзем памятаць» з нагоды Свята Вялікай Перамогі
5 мая. А 10 гадзіне каля помніка воінам і партызанам у аграгарадку Турэц
сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, жыхары населенага пункта, вучні мясцовай школы.
Слова трымае вядучая, загадчык аддзела культуры і вольнага часу «Турэцкі Дом культуры» Жанна Комар, якая называе 9 Мая свяшчэнным днём для людзей усіх пакаленняў, а Дзень Перамогі — усенародным святам са слязамі на вачах. Яно злучае ў сабе радасць і боль, гонар за нашу гісторыю, шчыры смутак аб шматлікіх ахвярах вайны.
Для адкрыцця мітынгу, прысвечанага 78-годдзю Вялікай Перамогі, запрашаецца старшыня Турэцкага сельскага Савета Сяргей Барычэўскі. Прамоўца нагадаў пра тое, што ў чарговы раз людзі прыходзяць да помніка, каб аддаць даніну памяці, і ніякая сіла не зломіць наш народ. Велізарную цану заплаціла наша Беларусь за жыццё пад мірным небам, і яго трэба імкнуцца захаваць. Сяргей Васільевіч падзякаваў вучням школы, якія аддаюць даніну павагі і памяці загінулым воінам, пажадаў усім здароўя, міру, шчасця.
«Тры пакаленні жывуць у мірнай і свабоднай краіне, — сказаў старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. — Меркавалі, што так будзе заўсёды. Сёння ж бачым, што ў суседняй Украіне ідзе вайна, гінуць людзі і дзеці. Вайна — гэта боль і слёзы.» Прадстаўнік мясцовай улады заклікаў, што трэба зрабіць усё для таго, каб не быў парушаны мір на нашай зямлі і выказаў упэўненасць, што будзе развівацца мірная, цывілізаваная, развітая краіна. Заўжды будзем памятаць і паважаць салдат-вызваліцеляў нашай зямлі.
Настаяцель царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Турэц, іерэй Андрэй Абрамовіч адзначыў, што «ў Бога ўсе жывыя», у тым ліку і тыя, хто паклаў свае жыцці за нашу свабодную і незалежную краіну. Ёсць відавочца — Свята-Пакроўская царква, святыя разам з воінамі кавалі Перамогу над ворагам. Царква прадаўжае маліцца за мір на зямлі.
Вучні мясцовай школы прызнаваліся ў любові да салдат, якія заваявалі Вялікую Перамогу. Заклікалі ўдзельнікаў мітынгу памятаць пра герояў і быць дастойнымі іх памяці. Яна была ўшанавана хвілінай маўчання
Да помніка ўскладзены гірляда, карзіны, вянкі, кветкі.
Галіна СМАЛЯНКА