Мастер производственного обучения УО «Мирский государственный колледж» Александр Белонович: «Важно верить в творческие способности учащихся»

Лёсавызначальных момантаў у жыцці кожнага чалавека можа быць шмат. Адзін з найважнейшых – выбар прафесіі, справы, якой захочацца служыць верай і праўдай, аддаваць усе свае сілы і атрымліваць ад яе задавальненне.

Напярэдадні святкавання Дня моладзі карэспандэнт газеты “Полымя” сустрэўся з маладым перспектыўным майстрам вытворчага навучання ўстановы адукацыі “Мірскі дзяржаўны каледж” Аляксандрам Белановічам.

Малады выкладчык – неардынарная асоба, выдатны педагог і цікавы суразмоўца. У навучальнай установе працуе дзевяць гадоў. Ён выкладчык сярэдняй спецыяльнай прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Праводзіць заняткі па электратэхніцы, матэрыялазнаўстве, спецыяльнай тэхналогіі і асновах рэстаўрацыіі. Майстар увесь час разнастаіць метады, прыёмы і формы работы, актыўна выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі, каб на занятках было цікава, а навучэнцы лепш пранікліся будучай прафесіяй і ні ў якім разе не расчараваліся ў ёй. У педагагічным арсенале — інавацыйныя распрацоўкі “Рабочыя сшыткі па прадметах “Спецыяльная тэхналогія” і “Матэрыялазнаўства”, відэалекцыіі, тэсты для прамежкавага і выніковага кантролю.

Не менш сур’ёзную ўвагу педагог надае выхаваўчай рабоце з навучэнцамі, не пакідае па-за ўвагай самыя нязначныя парушэнні дысцыпліны, падтрымлівае кантакт з іх бацькамі.
– Нярэдка ў дзяцей, якія прыходзяць да нас вучыцца, узнікаюць праблемы ў паводзінах, – кажа педагог. – Яны адрываюцца ад дома, звыклага ладу жыцця і не заўсёды разумеюць, што быць свабодным — гэта не значыць рабіць тое, што ўздумаецца. Я імкнуся не толькі даць ім веды па профільнай дысцыпліне, але і пераканаць, наколькі важна добразычлівае стаўленне адзін да аднаго, павага да бацькоў і педагогаў, работнікаў каледжа.

Педагог прызнаецца, што яго вельмі радуе, калі навучэнцы пачынаюць разумець агульначалавечыя каштоўнасці, а выпускнікі пры асабістай сустрэчы або па тэлефоне выказваюць словы падзякі, прызнаюцца, што за час вучобы ў каледжы не толькі атрымалі прафесію, але і змаглі сацыялізавацца, разабрацца ў многіх жыццёва важных пытаннях.

Аляксандр Сяргеевіч пастаянна працуе над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню. Прымае ўдзел у метадычнай рабоце каледжа, займаецца растрацоўкай адукацыйнага сайта “Кваліфікацыя рэстаўратара дэкаратыўна-мастацкай афарбоўкі”.

Спіс яго дасягненняў і перамог вялікі: з’яўляецца лаўрэатам абласнога конкурсу “Майстар года-2023”, з’яўляўся педагогам-экспертам падчас правядзення абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурса прафесійнага майстэрства “ProfSkills Belarus-2023”.

У партфоліо выкладчыка ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама і навучальнай установы за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і высокае прафесійнае майстэрства і дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.

– Аляксандра Сяргеевіча адрознівае прынцыповасць і патрабавальнасць да сябе, і тых, хто побач, — кажуць калегі. – Гэта працавіты чалавек, здольны падтрымліваць у калектыве атмасферу добразычлівасці, зацікаўленасці ў дасягненні пастаўленых мэт, верыць у творчыя здольнасці навучэнцаў, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам, і навогул, для яго гэта не прафесія, а сапраўднае мастацтва.

Моладзь – гэта будучыня, і па праву ёй можна ганарыцца. І калі маладыя людзі сумленна працуюць, удзельнічаюць у жыцці дзяржавы і рэгіёна, то ад іх шмат у чым залежыць, як будзе развівацца наша краіна. Падтрымка талентаў ва ўсіх сферах – адна з галоўных задач, якая стаіць перад дзяржавай.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара