Члены ветэранскай арганізацыі Карэліцкага раёна прынялі ўдзел у мерапрыемстве “Мы гэтай памяці верныя”
22 чэрвеня з нагоды Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны члены ветэранскай арганізацыі Карэліцкага раёна на чале са старшынёй Валянцінай Кошур, наведвальнікі ЦСАН Карэліцкага раёна прынялі ўдзел у мерапрыемстве “Мы гэтай памяці верныя”, што прайшло на базе Карэліцкай раённай бібліятэкі.
Гадзіна памяці ў чытальнай зале бібліятэкі пачалася роўна апоўдні, калі ўвесь Карэліцкі раён далучыўся да агульнарэспубліканскай хвіліны маўчання.
Вядучая мерапрыемства, старшыня ветэранскай арганізацыі Карэліцкага раёна Валянціна Кошур, у сваім звароце да прысутных адзначыла, што 22 чэрвеня 1941 года – страшная дата, якая падзяліла жыццё мірных беларусаў на да і пасля. 82 гады таму на досвітку фашысцкая Германія пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Мільёны пакалечаных лёсаў, боль, адчай і смерць прынеслі нямецкія захопнікі на беларускую зямлю. На працягу некалькіх гадоў нашы дзяды і прадзеды змагаліся з ворагам за свабоду Айчыны, за будучыню сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, за магчымасць жыць у мірнай, квітнеючай краіне.
– Не абмінула гэтая трагедыя і наш раён. У канцы чэрвеня фашыстамі быў захоплены наш пасёлак. Акупацыя г.п. Карэлічы і ўсяго раёна працягвалася больш за тры гады. За гэты час на прымусовыя работы было вывезена 1154 чалавекі. Спалена дванаццаць вёсак, а ў іх 562 жыхары. На тэрыторыі нашага раёна пахавана больш за 500 воінаў, загінула 132 партызаны і падпольшчыкі.
Сёння ў нашым раёне пражывае чатыры ветэраны і адзінаццаць вязняў Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам тых, хто змагаўся ў імя будучага пакалення, у імя сваёй Радзімы, становіцца менш, але ў нашай памяці і сэрцах іх імёны застануцца назаўжды.
Госцем урачыстасці стала навуковы супрацоўнік установы “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» Марыя Беленава, якая расказала пра Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Зянонавіча Царука.
– Мы павінны памятаць, што такія людзі змагаліся дзеля таго, каб мы жылі спакойна і мірна. Іх патрыятызм, сіла духу і асабісты подзвіг стаў сімвалам усенароднага супраціўлення фашызму. Мы павінны не толькі захаваць незалежнасць, дзеля якой гінулі нашы суайчыннікі, але і перадаць яе наступным пакаленням, – заключыла Марыя Уладзіміраўна.
З вялікім задавальненнем удзельнікі гадзіны памяці чыталі любімыя вершы, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны.
Фашысцкая ідэалогія заўсёды была чужая беларусам, і генетычная памяць стала сапраўдным нацыянальным імунітэтам. Нельга забыць жорсткасць, нялюдскасць і бясчынствы ворага на нашай зямлі. Гэта памятаем, і ў гэтым наша сіла. Шматлікія войны навучылі нас галоўнаму – берагчы і шанаваць мір і незалежнасць. Няхай кожны дзень будзе пражыты ў імя памяці тых, хто змагаўся і паміраў дзеля нашага жыцця, дзеля нашай будучыні, сённяшняга – у чыстай, утульнай, зялёнай, прыгожай, працавітай Беларусі з разумным і мудрым народам.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара