Чым карэліччане здзіўлялі на “Белагра-2023”

На гэтым тыдні ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» шматлюдна. Наведвальнікі выставы «Белагра» знаёмяцца з прадстаўленымі экспанатамі. Хтосьці з цікавасцю ходзіць вакол вялікіх трактароў і сельскагаспадарчых машын. Маленькія дзеці са сваімі татамі з задавальненнем падымаюцца ў кабіну, разглядаюць шматлікія кнопачкі і рычажкі. Іншыя цікавяцца не машынамі, а шыльдамі каля іх альбо ўважліва слухаюць кансультантаў — іх цікавяць тэхнічныя характарыстыкі, і, самае галоўнае, кошт. Дырэктары сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, галоўныя аграномы і ветэрынары, фермеры і спецыялісты сельскай гаспадаркі з усёй краіны прыкідваюць, што новага купіць у сваё прадпрыемства, з якой фірмай заключыць найбольш выгадны кантракт.

Ад прадстаўленых на выставе экспанатаў разбягаюцца вочы. У гэтым годзе тут прэзентуюць сваю прадукцыю 450 кампаній з Беларусі, Расіі, Кітая, Пакістана, Турцыі, В’етнама, Італіі, Германіі, Італіі, Індыі, Палесціны і іншых краін. Акрамя сельскагаспадарчай тэхнікі, тут можна ўбачыць узоры аграрных хімічных прэпаратаў, расліны і жывёлу. Штогод «Белагра» становіцца адной з галоўных пляцовак для дзелавых перагавораў.

У другі дзень выставы праходзіў конкурс на лепшую племянную карову. На імправізаваную сцэну выходзілі самыя лепшыя рагулі племпрадпрыемстваў з усёй краіны. Журы ацэньвала жывёл па 18 параметрах. Да канкурсантак традыцыйна высокія патрабаванні: каровы першай лактацыі павінны даваць не менш 30 кг малака за суткі! Ад рагуль другой лактацыі неабходна было надаіць 7 тон за 305 дзён. Каровы трэцяй лактацыі за гэты ж перыяд павінны даць ад 8 тон, чацвёртай — ад 9 тон малака.

Ад Карэліцкага раёна на выставу прыехала рагуля з малочнатаварнага комплексу «Райца-2» СВК «Свіцязянка-2003» па мянушцы Ціара. Канкурсантка адрозніваецца высокімі паказчыкамі: яе прадуктыўнасць па найвышэйшай лактацыі за 305 дзён склала 14738 кг.

Недалёка ад выставы кароў размясціліся загоны з іншай жывёлай. Сярод іх знаходзіліся гадаванцы комплексу «Тарасавічы» ДП «Чарняхоўскі-Агра» — тры рамонтныя свінні пароды Ландрас і тры свінні Ландрас-Ёркшыр.

— У нас ёсць племянная ферма, дзе мы разводзім свінак у генетычнай чысціні, — расказвае тэхнік па племянной справе Ганна Рабчанка. — Працуе рэпрадуктар, дзе двухпародную матку пакрываем трэцяй пародай. Гэта можа быць Ёркшыр альбо Гемпшыр. Трохпародная жывёла хутчэй расце. Свіней кормім канцэнтратамі. Для кожнага ўзросту падбіраюцца свае кармы.

Колькасць матачнага пагалоўя ў ДП «Чарняхоўскі-Агра» — 181 галава, прадуктыўнасць — 12,8 парасяці на адзін апарос, колькасць парасят пры адборы — 12,1 галава. Сярэднясутачныя прывагі складаюць 675 г. Вытворчасць з пачатку 2023 года — 12916 галоў.

Між тым прыйшоў час, калі журы было гатова аб’явіць самых лепшых кароў рэспублікі. Гледачы гучна падтрымлівалі рагуль са сваіх рэгіёнаў. На імправізаваную сцэну выйшаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло, які адзначыў, што кожная канкурсантка вартая перамогі, бо яны з’яўляюцца элітай нашай малочнай жывёлагадоўлі, але ў любых спаборніцтвах пераможцам можа быць той, хто крыху лепш за астатніх. Свіцязянская Ціара, якая супернічала з сямю рагулямі трэцяй лактацыі, па выніках конкурсу заняла ганаровае трэцяе месца. Узнагароду з рук міністра атрымаў аператар па штучным асемяненні Кірыл Яўцееў.

— Ціара з самага нараджэння была ў нас на комплексе, вырасла ў нас на вачах. Так, яна дасягнула высокіх паказчыкаў, але ў нас усе каровы такія, — расказвае Кірыл.
— Мы ўжо каторы год прывозім сваіх гадаванцаў на выставу, і ніжэй трэцяга месца ніколі не атрымлівалі, — дадае ветэрынарны ўрач СВК «Свіцязянка-2003» Уладзімір Мянькоўскі. — Тут вельмі вялікая канкурэнцыя, усе канкурсанткі вартыя перамогі. Але мы будзем старацца, каб у наступным годзе атрымаць лепшы вынік.

— Гэтая выстава — выдатны спосаб даведацца аб тым, што новага з’явілася на рынку, удакладніць падрабязнасці, атрымаць кансультацыі і заключыць выгадныя дагаворы, — кажа першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько. — Мы сустрэліся з калегамі, абмеркавалі сітуацыю на нашых сельскагаспадарчых прадпрыемствах, даведаліся, як у іх наладжана праца, папоўнілі свой вопыт.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара