Заведующий Циринской амбулатории врача общей практики Владимир Климчак: «У каждого человека свой выбор, и он должен идти своим путем»

Шмат прафесіяналаў сваёй справы ў галіне медыцыны працуе на Карэліччыне.

Сярод іх — загадчык Цырынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Уладзімір Мікалаевіч КЛІМЧАК, з якім журналіст раённай газеты «Полымя» пагутарыла напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў.

З БІЯГРАФІІ

Нарадзіўся ў горадзе Ургенч (Узбекістан) Закончыў ваенна-медыцынскі факультэт пры Куйбышаўскім медінстытуце Загадчык Цырынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі
Мае двух дачок і чацвярых унукаў

— Уладзімір Мікалаевіч, якім быў шлях у прафесію?

— Я марыў быць ваенным ці ўрачом. Лёс распарадзіўся так, што мне ўдалося спалучыць дзве мары. Я стаў і афіцэрам, і ўрачом.

— У Вас гэта сямейнае?

— Не, не сямейнае. Жонка Галіна Сцяпанаўна працуе ў Дэпартаменце аховы. Сярод сваякоў і блізкіх урачоў няма. У кожнага чалавека свой выбар, і ён павінен ісці сваім шляхам.

— Што галоўнае ў прафесіі ўрача? Якімі рысамі характару павінен валодаць чалавек, які выбірае гэтую жыццёвую дарогу?

— Веды, прафесіяналізм і дабрыня. Я заўсёды імкнуўся адносіцца да людзей так, як бы хацеў, каб адносіліся да мяне. Галоўнае ў працы — гэта канчатковы вынік. Пацыенту трэба так дапамагчы, каб у яго не засталося нявырашаных пытанняў.

— У Вас за плячыма — багаты жыццёвы вопыт. А які сёння сучасны ўрач? Ці зрабіў адбітак час на прафесію медыцынскага работніка?

— Безумоўна. Кожны дзень мы вучымся. Дзесяцігоддзі, якія я правёў у медыцыне, далі вопыт, прафесіяналізм, упэўненасць, а сучасныя метады абследавання дазволілі ўстанаўліваць дыягназ хутчэй і дакладней, што дазваляе аказваць медыцынскую дапамогу своечасова і кваліфікацыйна.

— Скажыце, а што ўваходзіць у абавязкі загадчыка амбулаторыі ўрача агульнай практыкі? Колькі людзей на абслугоўваемым участку?

— На медыцынскім абслугоўванні — 1406 жыхароў Цырынскага і Райцаўскага сельскіх Саветаў, з іх 163 дзіцяці. Асноўная задача 2023 года — правядзенне дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва. Для гэтых мэт арганізаваны кабінет дыспансерызацыі ў Цырынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Гэта робіцца з мэтай прафілактычных аглядаў, фарміравання здаровага ладу жыцця і выхавання адказнасці пацыентаў за сваё здароўе.

— Чым любіце займацца ў вольны ад работы час?

— Я люблю займацца вядзеннем асабістай гаспадаркі: трусы, куры, агарод. Вырошчваем гародніну, садзім бульбу. Люблю з карысцю праводзіць час, кожная хвіліна павінна быць выкарыстана эфектыўна. Працуем на канчатковы вынік і маем свае прадукты харчавання.

— Чым прывабліве Карэліччына?

— Больш за ўсё не самой прыродай, а людзьмі. За гады працы (а ў Цырыне — 30 гадоў) я зжыўся з вясковымі людзьмі, з сельскім бытам, палюбіў зямлю і ацаніў яе за багацце. Я адчуваю сябе камфортна.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА