Как приживаются молодые специалисты на Кореличчине

Як прыжываюцца маладыя спецыялісты на Карэліччыне, журналіст раённай газеты «Полымя» пацікавілася ў ветурачоў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Маяк-Заполле» Максіма і Юліі УРБАНЧУК.

— Чаму выбралі прафесію ветэрынарнага ўрача?

Максім: Наша матуля Наталля Антонаўна працавала галоўным ветэрынарным урачом дваццаць гадоў, і гэта было на нашых вачах. Жылі ў вёсцы, сям’я трымала вялікую асабістую гаспадарку, а мы дапамагалі па дому, і дадзеныя абставіны паўплывалі на выбар жыццёвага шляху. Разам з сястрой Юліяй паступілі ў Віцебскую Ордэна Знак Пашаны дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны па спецыяльнасці «ветэрынарная медыцына». Пасля пяці гадоў вучобы па мэтавым накіраванні прыехалі на працу ў СВК «Маяк-Заполле».

Юлія: Проста выпадкова. Брат Максім ехаў паступаць у акадэмію, і я вырашыла паехаць з ім, мела жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю. Аб гэтым выбары не шкадую: прафесія патрэбная, і я стараюся сумленна выконваць свае прафесійныя абавязкі.

— Як прыняла вас Карэліччына?

Максім і Юлія: Наш прыезд нікога не здзівіў. Мы некалькі гадоў запар прыязджалі сюды на практыку. Былі знаёмы са сваёй будучай прафесіяй і з гаспадаркай. Хацелася б адзначыць добрыя і паважлівыя адносіны з боку старшыні СВК Віктара Віктаравіча Маковіка і намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце Вольгі Яўгеньеўны Грыгаровіч. Нам далі добраўпарадкаванае жыллё, аказалі дапамогу па яго абуладкаванні, адгукаліся на ўсе нашы просьбы, як маладых спецыялістаў.

— Чым напоўнены будні? Дзе акрамя працы бываеце?

Максім: У вольны ад работы час працуем з сястрой на прысядзібным участку. Я асабіста прымаю ўдзел у раённых мерапрыемствах маладзёжнага накірунку. У снежні мінулага года заняў ІІІ месца ў раённым конкурсе «Малады спецыяліст ХХІ стагоддзя». 21 чэрвеня гэтага года быў удзельнікам абласнога маладзёжнага форума «Равеснікі маладой Беларусі». Увесь астатні вольны час удзяляю чытанню мастацкай і навуковай літаратуры, іграю на гітары, вышываю крыжыкам — адным словам, стараюся ўсебакова развівацца.

Юлія: У мяне вольнага часу значна менш, працую раніцай і вечарам, і хочацца адпачыць. Але знаходжу час для работы на прысядзібным участку, не адмаўляюся ад сустрэч з маладымі спецыялістамі раёна, вышываю крыжыкам. Імкнуся наладзіць жыццёвы быт.

— Вы бываеце на малой радзіме?

Юлія: Віцебшчына — прыгожыя краявіды, шмат лясоў, успаміны пра паходы. Магчыма таму па родных мясцінах вельмі сумую. Там жывуць родныя і блізкія. Прыязджаць у родныя мясціны можна толькі ў водпуск з-за адлегласці, таму падтрымліваць сувязь дапамагае тэлефонная сувязь.

Максім: Я бываю на малой радзіме часцей, прыязджаю з задавальненнем, там жывуць родныя, блізкія, сябры. З гэтымі мясцінамі звязаны найлепшыя ўспаміны.

— Вашы пажаданні маладым.

Максім: Знайсці справу па душы. Займацца тым, што падабаецца.

Юлія: Не апускаць рукі, быць гатовымі да цяжкасцей і не баяцца іх.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА