Памёр Мікалай Іосіфавіч Бусько
Спачуваем
На 83-ым годзе жыцця 18 чэрвеня перастала біцца сэрца выбітнага паэта, цудоўнага чалавека, улюбёнага ў родную зямлю, паэзію, мастацтва
МІКАЛАЯ ІОСІФАВІЧА БУСЬКО
Мікалай Іосіфавіч Бусько нарадзіўся 27 верасня 1940 года ў вёсцы Пагарэлка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў выяўленчы факультэт Маскоўскага народнага ўніверсітэта мастацтва (1967). Працаваў мастаком-афарміцелем у розных установах і прадпрыемствах горада Баранавічы, з 1976 года – мастак-афарміцель аўтобуснага парку.
Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2006 года.
Першыя ягоныя вершы надрукаваны ў 1970 годзе ў раённых газетах “Полымя” (Карэлічы) і “Знамя коммунизма” (Баранавічы). У рэспубліканскім друку дэбютаваў вершамі ў часопісе “Маладосць” (1978). Пазней публікаваўся ў часопісах “Полымя”, “Беларусь”, “Вясёлка”, “Нёман”, “Маладосць”, у расійскіх, украінскіх, польскіх і таджыкістанскіх выданнях.
Аўтар кніг “У Нёмна на плячах” (Мінск, 1986), “Ад галінкі да сучка – тэлефон у павучка” (Мінск, 1993), “Сузор’е Шаляў” (Мінск, 1995), “Шасцікрылец Хмарагон” (Мінск, 1997), “Бабрыная навука” (Мінск, 2001), “Паэзія баразны” (Слонім, 2003), “Чалавек ад плуга і касы. Скрыжалі памяці” (Мінск, 2005), “Сляды ад верасня” (Мінск, 2011), “ Убары жывуць сябры” (Мінск,2017), “Лясныя дзівосы” (Мінск, 2019)
Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2012), адзначаны на рэспубліканскім конкурсе “Лепшы твор 2013 года” ў галiне “Паэзiя”. Лаўрэат Брэсцкага абласнога абласнога конкурса “Духоўная веліч” у намінацыі “Дзіцячая літаратура” (2020) Зусім нядаўна у выдавецкім доме “Звязда” пабачыў свет паэтычны зборнік “Чыстая музыка неба”, у якім сабраны творы знакамітых сыноў Брэстчыны: Міколы Антаноўскага, Анатоля Шушко і Міколы Бусько. Паэт паспеў парадавацца выхаду кнігі.
Мікалай Іосіфавіч быў актыўным удзельнікам свята Дзень беларускага пісьменства.
Вершы Міколы Бусько
***
Бераг. Будан паляўнічага.
Тут пад наглядам планід
Качкі нырцуюць за знічкамі –
Страўніка моцны магніт.
Сцежку латунную месяца
Вечар праклаў на вадзе.
Хвалі абцасамі месяцца –
Вунь паляўнічы брыдзе.
Пенным туманам, бы соладам,
Ночка ахутала плёс.
З сябрам – ніколі не холадна –
Грэе спагадлівы лёс.
Травы ад росаў зіхоткія:
Пацеркі летняй пары.
Тут заўсягды гэтак хочацца
Цішы сябе падарыць.
Лёцьма нясецца над Шчараю
“Вух-вух” самотнай савы.
Круціць вачамі бы фарамі –
Мае агляд кругавы.
Дзе валасамі-кудзеляю
Засціць русалка прасцяг,
Качкі з чыркамі там дзеляцца
Радасцю светлай быцця.
Поўня выразна мне бачыцца –
Цень цераз фортку пранік.
Там, над вадою, пазначыцца
Раніцы добрай каснік.
Эцюд
За сіняй рысай далягляду
Аблок набраклых выспеў круг…
Міг – і сальецца мая радасць
З тваёю, буйнатраўны луг!
Вось-вось чаромхавага ранку
Крануць напятую струну.
Пярун нажніцамі маланкі
На небасхіле разануў.
Валодай, ціш!
Святло пагляду.
У дрэў і траў прывычны рух.
За сіняй рысай далягляду
Плыве аблок чарговы круг.
На золку
Смугой абвіты далячыні –
Свет навакольны шчэ драмаў.
І толькі дрэў сівых вяршыні
Не пахаваліся ў туман.
Дзень атрымаецца прыгожы!
Да заклапочаных сялян,
Світанак росны, пераможна
Святло надзеі пасылай!
Хоць і не ўся растала цемень,
А ў прыбярэжных чаратах
Мне рыфмаў свецяцца адценні
І сэрца спевам цешыць птах.
Світальны час я прывячаю!
Ён над радзімай паўстае.
Такой парой зямля звычайна
Пра справы думае свае.
Мяне заўсёды на работу
Праводзіць ранак малады…
Адно аб будучым турботы
Я пры сабе нашу заўжды.
oo-spb.by