Начальник Кореличской инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды Владимир Сакович: «Забота о порядке на земле — дело каждого жителя региона, страны, планеты»
Клопат аб парадку на зямлі – справа кожнага жыхара рэгіёна, краіны, планеты. Гэтым пытаннем прафесійна займаюцца спецыялісты цэлага шэрагу службаў. З нагоды Дня аховы навакольнага асяроддзя пагутарылі з галоўным “захавальнікам прыроды” нашага раёна – начальнікам Карэліцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімірам Саковічам.
– Уладзімір Ігаравіч, раскажыце, калі ласка, пра асноўныя напрамкі дзейнасці раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
– Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ажыццяўляе кантроль у галіне за ўсімі суб’ектамі і аб’ектамі гаспадарання, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна, а таксама дзяржаўнае рэгуляванне і каардынацыю дзейнасці ў галіне забеспячэння экалагічнай бяспекі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
– Якія тыповыя парушэнні выяўляюцца пры працы з насельніцтвам?
– Парушэнні сустракаюцца рознага характару. Асноўныя звязаны з правіламі абыходжання з адходамі, забруджваннем водных аб’ектаў, земляў і лясоў. Незаконная рубка, размяшчэнне адходаў у несанкцыянаваных месцах і складзіраванне іх на землях ляснога фонду — гэтыя і шэраг іншых праблемных момантаў рэгулярна ў полі нашага зроку.
– Вялікая доля функцый, ускладзеных на ваш нешматлікі калектыў, звязана з інспектаваннем. Якім чынам праводзіцца дадзеная работа?
– Кантроль ажыццяўляецца шляхам правядзення спецыяльных мерапрыемстваў, планавых і пазапланавых праверак. Кожны працоўны дзень гэта перш за ўсё новыя падзеі. Вядома, мы загадзя плануем выезды, рэйды, але забруджванні, як правіла, адбываюцца спантанна і даводзіцца рэагаваць аператыўна. Выязджаць, разбірацца, мець зносіны з жыхарамі, адміністрацыяй сельгаспрадпрыемстваў. У залежнасці ад сезоннасці змест работы таксама мяняецца. У пажаранебяспечны перыяд мы кантралюем абстаноўку, каб не было палаў, увесь летні перыяд — несанкцыянаванага размяшчэння цвёрдых камунальных адходаў. Калі ўносяць угнаенні ў глебу, адсочваем, як гэта адбываецца. Узімку гэтак жа вядзём маніторынг несанкцыянаваных звалак, праводзім пастаноўку аб’ектаў на ўлік як аказваючых негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе. Ажыццяўляем сумесныя выезды з зацікаўленымі службамі раёна, а таксама па скаргах жыхароў.
– З якімі сумежнымі службамі ўзаемадзейнічае раённая інспекцыя?
– Мы цесна супрацоўнічаем з Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам лясной гаспадаркі, санітарнымі службамі, мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады. Гэта дазваляе падняць на больш якасны ўзровень саму інспектарскую дзейнасць, што спрыяльна адбіваецца на экалагічнай бяспецы рэгіёну.
– Як сфарміраваць у грамадзян экалагічную свядомасць?
– Я лічу, што гэтым трэба займацца з дзяцінства, каб выпрацавалася звычка правільных экалагічных паводзін. Кожны чалавек павінен беражліва ставіцца да навакольнага свету і роднай прыроды. Сумна ўсведамляць, што экалагічныя праблемы ствараюць самі ж людзі.
– Чаму вы вырашылі звязаць сваё жыццё з аховай прыроды?
– Я не думаў, што давядзецца працаваць у гэтай галіне. Па спецыяльнасці юрыст. Але, калі ў лістападзе 2022 года ў мяне з’явілася магчымасць працаваць у сферы, звязанай з падтрыманнем прыроднай чысціні, пагадзіўся не раздумваючы. Прыемна адчуваць, што твая праца прыносіць вынік. Прыязджаць на праблемнае месца і бачыць, што парушэнні ліквідаваны і адным пунктам у спісе “гарачых кропак” становіцца менш. А яшчэ вельмі прыемна бачыць, як людзі пачынаюць беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя, не па загадзе, не толькі ў рамках якой небудзь акцыі, а свядома, ад душы. Гэта, напэўна, і ёсць галоўная ўзнагарода для чалавека, які вырашыў стаць на абарону прыроды.
– Калі ласка, раскажыце пра кадравы склад Карэліцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
– У райінспекцыі разам са мной працуе галоўны спецыяліст Сяргей Сянкевіч, які з’яўляецца незаменным памочнікам і надзейным таварышам. Ён адказна ставіцца да выканання сваіх службовых абавязкаў. Разам мы вырашаем шырокі спектр задач. Пра вынікі працы гаварыць пакуль складана, бо працуе ён, як і я, з лістапада 2022 года.
– Уладзімір Ігаравіч, з якім настроем сустракаеце прафесійнае свята і што хацелася б данесці да жыхароў нашага рэгіёна?
– Я лічу, што Дзень аховы навакольнага асяроддзя — добрая нагода задумацца, як кожны з нас можа дапамагчы прыродзе. Гэта падстава нагадаць насельніцтву, што ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў — адна з самых актуальных праблем сучаснасці. Магчыма, хтосьці пачне правільна сартаваць смецце, пасадзіць дрэва на месцы высечанага. Толькі сумеснымі сіламі мы можам дамагчыся квітнеючай будучыні.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара