У вёсцы Рап’ёва Турэцкага сельсавета праведзены сельскі сход
КАРЫСНЫЯ СУСТРЭЧЫ
Сельскія сходы сталі традыцыйнымі на Карэліччыне. Ад іх двайная карысць: вяскоўцы атрымліваюць інфармацыю па актуальных пытаннях ад прадстаўнікоў арганізацый і ўстаноў раёна, а яны ў сваю чаргу вывучаюць абстаноўку на месцах. Запыты людзей бяруцца на кантроль для далейшага іх вырашэння.
Для сустрэч выбіраюцца розныя населеныя пункты раёна — ад аграгарадка да невялікай вёскі. Задача мясцовай улады і раённых служб адна на ўсіх — пачуць кожнага. У чарговы раз нагадаць аб тым, што жыццё — найкаштоўнейшы дар, і трэба яго берагчы. Усё зрабіць для таго, каб нішто і ніколі не магло парушыць плыні жыцця.
Рап’ёва — вёска з ліку тых, у якой жыхароў можна па пальцах палічыць. Яна размешчана каля цэнтральнай шашы Карэлічы — Мір, непадалёку ад аграгарадка Турэц. Гэта невялікі прыгожы астравок, у якім прадаўжае бурліць жыццё, і тут жывуць шчырыя і працавітыя людзі. У гэты раз сюды наведаліся прадстаўнікі мясцовай улады і раённых служб.
БЫЦЬ ПІЛЬНЫМІ І ЎВАЖЛІВЫМІ
Першы намеснік начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Бунчук, прааналізаваўшы пажарную абстаноўку ў раёне, адзначыў, што прычынай пажараў часта становіцца бяспечнасць жыхароў, якія не захоўваюць неабходныя правілы. Прамоўца засяродзіў увагу прысутных на пытанні спальвання смецця. Гэта трэба рабіць у бязветранае надвор’е і прысутнічаць.
Сяргей Юр’евіч заклікаў вяскоўцаў менавіта ў летні перыяд надаць немалаважную ўвагу пячному ацяпленню. Трэба, каб печкі і дымаходы былі ў спраўным стане, пры неабходнасці іх адрамантаваць.
Не менш актуальным з’яўляецца і пытанне наяўнасці ў пакоях дамоў вяскоўцаў аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. АПА павінны працаваць (быць спраўная батарэйка), у выпадку задымлення пакоя менавіты яны могуць папярэдзіць жыльцоў дома ад бяды.
На сустрэчы з вяскоўцамі прамоўца заклікаў пры наяўнасці шэршняў і восаў тэлефанаваць па нумары 101. «Самі нічога не рабіце, мы прыедзем у вячэрні час і выканаем неабходныя работы», — сказаў Сяргей Юр’евіч.
ДА ПАСЛУГ НАСЕЛЬНІЦТВА
Пытанне забеспячэння насельніцтва газам з’яўляецца важным, аб чым яшчэ раз падкрэсліў у сваім выступленні майстар Карэліцкага цэха газазабеспячэння Мікалай Рытус. «Абаненты павінны сачыць за спраўнасцю газавых пліт».
Беражлівых адносін патрабуюць і газавыя балоны. Іх эксплуатацыя складае не больш дваццаці гадоў і для таго, каб карыстацца імі без перабояў, вяскоўцам мэтазгодна мець два балоны. Гэта задаволіць і запыты карыстальнікаў, і пазбавіць іх узнікнення пытанняў па забеспячэнні газам.
УСЕ ПЫТАННІ ВАЖНЫЯ
Жыхары вёскі Рап’ёва хочуць бачыць свой населены пункт прыгожым і дагледжаным, таму падчас сустрэчы выказалі шэраг просьбаў. «У вёсцы арганізавалі звалку смецця, і зрабілі гэта не мы», — сцвярджалі рап’ёўцы і прасілі дапамагчы вырашыць гэтае пытанне.
Вяскоўцы прасілі таксама арганізаваць пакос травы ў вёсцы, упарадкаваць месцы з пустуючымі дамамі, наладзіць асвятленне.
Пытанні ўсе важныя і патрабуюць вырашэння. Яны ўзяты на кантроль.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кірыла ШПАРЛО