В Кореличах открыли новый хлебный магазин
Шостага чэрвеня на пляцоўцы каля рэстарана “Колас” было шматлюдна. Жыхары райцэнтра прыйшлі на ўрачыстае адкрыццё крамы “Малюшыцкі гасцінец”. Хлебная прадукцыя, якую вырабляюць малюшыцкія майстры, палюбілася карэліччанам. Многія жыхары райцэнтра ездзілі па свежы хлеб у вёску Баранавічы, дзе ўжо працуе аналагічная крама. Кожны дзень карэліччане чакалі, калі прадукцыю прывязуць у райцэнтр. Цяпер усе жадаючыя могуць набыць свежы хлеб у новай фірменнай краме.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў:
— У народзе кажуць «Хлеб — усяму галава». І гэта праўда. Дырэктар ДП “Малюшычы” Міхаіл Валчэцкі разам са сваёй камандай рэалізаваў вельмі сур’ёзны праект, дзякуючы якому жыхарам Карэліч дастаўляюць свежы, духмяны, якасны хлеб.
Ад імя Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў пажадаў хлебаробам і хлебапёкам прадпрыемства далейшых поспехаў і выказаў пажаданне, каб у “Малюшыцкі гасцінец” карэліччане заходзілі з задавальненнем, і крама не пуставала.
Пасля таго, як была перарэзана чырвоная стужка, першыя пакупнікі новай крамы паспяшаліся па свежы хлеб. Жыхарка райцэнтра Таццяна Гурына кажа, што з задавальненнем купляе малюшыцкія булкі:
— Хлеб вельмі смачны. Ёсць і “Мужчынскі”, і “Жаночы”, і салодкі — любы. І заўсёды свежы. Пра тое, што ў Малюшычах пякуць такі смачны хлеб, даведалася ад знаёмых. Ездзілі нават у вёску Баранавічы купляць гэтую смакату.
Крама працуе з 9:00 да 18:00 кожны дзень акрамя нядзелі. З 14:00 да 15:00 — перапынак на абед.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара