В лагере «Вясёлка» состоялось открытие первой смены
14 чэрвеня ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Вясёлка” адбылося свята – адкрыццё першай спартыўна-аздараўленчай змены. У гэты дзень асабліва адчувалася ўсеагульная радасць і цудоўны настрой. Лета — самая доўгачаканая пара. Асабліва, калі кожны дзень напоўнены цікавымі падзеямі, зносінамі з новымі сябрамі. Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне святочнага мерапрыемства ў раённым летніку на пачатку работы лагернай змены.
З урачыстасцю павіншаваць усіх супрацоўнікаў і рабят паспяшаліся загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка, благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса і дырэктар ДУА “Дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка” Карэліцкага раёна” Вольга Матусевіч.
Выступаючыя пажадалі дзецям добра адпачыць, набрацца сіл, сустрэць новых сяброў, весела і з карысцю правесці канікулы, быць уважлівымі і паслухмянымі, а таксама здароўя і радасці. Завяршылася мерапрыемства канцэртам, арганізаваным выхаванцамі лагера.
Як адзначыла дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера “Вясёлка” Вольга Матусевіч, галоўная мэта — арганізаваць добры адпачынак, стварыць паўнавартасныя ўмовы для фізічнага і духоўнага развіцця, бяспечнага знаходжання дзяцей падчас адпачынку. Першая змена будзе працаваць з 11 па 28 чэрвеня. Усіх адпачываючых — 50, усе яны прыхільнікі спорту. У іх будзе цудоўная магчымасць працягнуць вучэбна-трэніровачны працэс. На тэрыторыі летніка размясціўся і палатачны лагер, у якім адпачывае 45 школьнікаў.
Дырэктар і яго намеснік, выхавальнікі, педагог-арганізатар, інструктары па фізічнай культуры, медработнікі і работнікі кухні — усе працуюць сумленна дзеля добрага адпачынку дзяцей.
— Запланавана шмат цікавых спраў, мерапрыемстваў, сустрэч, якія не дазволяць рабятам сумаваць. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з рознымі раённымі службамі. Гэта дасць магчымасць правесці час весела, цікава, праявіць свае лепшыя якасці, — адзначыла Вольга Матусевіч.
Важным складнікам аздараўлення дзяцей у летнім лагеры з’яўляецца паўнавартаснае збалансаванае харчаванне. У летніку наладжана пяціразовае харчаванне: сняданак, абед, падвячорак, вячэра-1 і вячэра-2. У рацыёне — тварог, рыба, мяса і шмат свежай агародніны і садавіны, розныя напоі.
Слова — дзецям:
Зарына ЕРАМЕЦЬКА
—Я люблю спорт. Займаюся цяжкай атлетыкай. У лагеры хачу адпачыць, набрацца новых сіл і энергіі. Увогуле, тут мне ўсё падабаецца. Харчаванне каларыйнае і смачнае, за што вялікі дзякуй паварам. Спадзяюся, што адпачынак пройдзе з карысцю і нам пашанцуе з надвор’ем.
Павел ЛАЗАРЭВІЧ:
— Я люблю спорт. Займаюся гандболам. Прыехаў у “Вясёлку” ўпершыню. Тут у мяне ўжо з’явіліся новыя сябры. Разам удзельнічаем у мерапрыемствах, ходзім на трэніроўкі, гуляем у футбол. Нам вельмі цікава і весела.
Сяброўкі Ангеліна ГЛАДКАЯ, Паліна ШАЎЦОВА, Маргарыта АМЕЛЬЯНОВІЧ прыехалі на адпачынак у дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка” з аграгарадка Краснае. Маюць розны вопыт знаходжання ў лагерах. Дзяўчынак аб’яднала секцыя па гандболе. Кожная з іх адзначае, што ў летніку ім цікава. Яны лічаць, што прыехаць сюды варта дзеля прыемнай атмасферы, вясёлых дзён, часу, праведзенаму на прыродзе, і новых знаёмстваў.
Лета толькі пачалося, і наперадзе рабят чакае шмат займальных, пазнавальных і вясёлых мерапрыемстваў. Хочацца пажадаць, каб уся лагерная змена прайшла гэтак жа цікава, як адкрыццё! Добрага летняга адпачынку!
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара