В Мирском замке прошел концерт «Музыка вне времени» заслуженного коллектива Республики Беларусь Национального академического концертного оркестра Беларуси им. М.Я.Финберга
Тэлеканал АНТ аднавіў легендарны фестываль «Музыкальныя вечары ў Мірскім замку».
Фестываль, які ўпершыню быў праведзены ў 2006 годзе, стаў любімым для многіх гасцей пасёлка Мір. Канцэрты ля вежаў старажытнага волата за 10 год наведала звыш 1 мільёна гледачоў.
У першы вечар фестывалю перад гледачамі выступіў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Я. Фінберга. Мастацкі кіраўнік і дырыжор аркестра Максім Рассоха прыляцеў на сцэну на верталёце. Выступаючы перад гледачамі фестывалю, ён падзякаваў усім, дзякуючы каму «Музыкальныя вечары» вярнуліся пасля перарыву ў восем гадоў. Музыкі Нацыянальнага акадэмічнага аркестра выканалі класічныя хіты і мелодыі з замежных і савецкіх кінафільмаў. На выступленне былі запрошаны спецыяльныя госці: фіналістка тэлепраекта «Зорны шлях» Караліна Яфрэмава, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Мікіта Мазоль (скрыпка), Арына Чырыца (саксафон-барытон), дуэт акардыяністаў «Snack duet», Фёдар Анцух, Раман Федуковіч.
Каля сцэны выконваліся харэаграфічныя нумары, якія задавалі настрой гучаўшай мелодыі. Перад гледачамі танчылі піраты і тролі, а для суправаджэння кампазіцыі кампазітара Джэймса Хорнэра, напісанай для кінафільма «Тытанік» каля сцэны ўзнік нос легендарнага карабля.
Нягледзячы на перыядычны дождж, гледачы з асалодай слухалі выступленне аркестра і салістаў, а калі загучалі знаёмыя гукі з савецкіх кінафільмаў, некаторыя пачалі танчыць.
Пасля невялікага перарыву, на сцэну выйшла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вікторыя Алешка, якой акампаніраваў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам дырыжора Віталія Кубракова. Са сцэны прагучалі лепшыя хіты Вікторыі, а таксама яе сяброў Аляксандра Льва-Канавалава, Артура Рудзенка, Алега Шаумарава і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Саладухі.
Кацярына Жамойда, аграгарадок Вялікія Жухавічы:
Адкрыццё фестывалю было сапраўды яркім і маляўнічым. Вельмі ўразіў канцэрт аркестра імя Міхаіла Фінберга. Неверагодная энергетыка, музыка, гучанне, работа цэлага калектыву як адзінага цэлага стваралі своеасаблівую магію на сцэне і перадавалі яе гледачам. Цудоўныя ўражанні пакінуў і канцэрт Вікторыі Алешка. Ён атрымаўся вельмі душэўным. Прагучала мноства выдатных песен на беларускай і рускай мовах, былі выкананы цікавыя харэаграфічныя нумары.
Ганна Ратарэнка г. Мінск:
Прыехалі з дачкой на канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага аркестра. Калісьці мы з сябрам былі на «Музыкальных вечарах», і так сталася, што гэта быў апошні канцэрт перад перарывам. Вельмі рада, што фестываль вярнуўся. Канцэрт парадаваў. Мне вельмі падабаецца кампазіцыя Эдварда Грыга «У пячэры горнага троля», і вельмі цікава было пачуць яе ў незвычайным выкананні аркестра. Таксама ўразіў танец з «Тытаніка».
Ірына Мальчук Кобрынскі раён:
Была ў сяброўкі ў Нясвіжы, і калі даведалася, што тут будзе такі канцэрт, то вырашыла абавязкова прыехаць. Да гэтага ні разу не была ў Мірскім замку, сёння выпаў шанец наведаць яго. Вельмі прыгожае месца. Вельмі спадабаўся канцэрт аркестра і харызматычны дырыжор.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара