Ганаровы работнік вышэйшай прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі Людміла Вайтовіч часта бывае на малой радзіме ў Карэліцкім раёне
На Карэліччыне нарадзілася шмат знакамітых людзей — наш гонар і слава. Мой аповед — аб адной з вучаніц Райцаўскай сярэдняй школы, якая дасягнула значных поспехаў у навуковай дзейнасці ў галіне эканомікі, кандыдаце эканамічных навук Людміле Цімафееўне Вайтовіч.
У пачатку 50-х гадоў у наш раён пасля заканчэння інстытута на працу ў Палужскую сямігадовую школу была накіравана маладая сям’я настаўнікаў Вайтовіч. 27 лютага 1953 года ў іх нарадзілася дачка Людміла. У 1955 годзе яны былі пераведзены на працу ў Райцаўскую сярэднюю школу: Цімафей Мікалаевіч — настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, Клаўдзія Васільеўна — біялогіі і геаграфіі. У 1957 годзе ў сям’і нарадзіўся сын Аляксандр. Сям’я настаўнікаў жыла ў вёсцы Юрздыка (з 30.06.1964 г. Зелянец), дзе пабудавалі ўласны дом. Працавалі ў школе да выхаду на пенсію.
Жыццё настаўнікаў было не з лёгкіх. Падрыхтоўка да ўрокаў, іх правядзенне, праверка сшыткаў займалі шмат часу, а яшчэ хатнія справы. Дзеці дапамагалі бацькам па дамашняй гаспадарцы і вучыліся ў школе. Гэта выхавала ў іх характары абавязковасць, прыстойнасць, любоў да працы. Многае даводзілася стрымліваць у дзіцячых свавольствах з-за таго, што яны дзеці настаўнікаў, і гэта таксама адбілася на характары, як стрыманасць і ўменне прымаць аптымальныя варыянты ў вырашэнні любых складанасцяў жыцця.
У 1960 годзе дачка Людміла пачала вучобу ў першым класе Райцаўской сярэдняй школы, 10 класаў якой скончыла ў 1970-м. Да вучобы даводзілася ставіцца сур’ёзна: як дачка настаўнікаў яна не магла зрабіць штосьці неабдумана, што было б нявартым учынкам і гэтым скампраметаваць сваіх бацькоў. Пасля заканчэння Райцаўскай сярэдняй школы працавала нейкі час паляводам калгаса імя Гастэлы (з 05.03.2003 г. СВК “Свіцязянка-2003”), затым выхавальнікам групы падоўжанага дня Тудараўскай васьмігадовай школы. У гэты час Людмілу Цімафееўну не пакідае мара аб далейшай вучобе, вызначэнні сваёй ролі ў планах развіцця вялікай краіны.
У 1972 годзе Людміла Цімафееўна паступіла ў Маскоўскі інстытут кіравання на факультэт «Эканоміка, арганізацыя і кіраванне аўтатранспартнымі прадпрыемствамі». Старанне і настойлівасць дапамаглі дасканала засвоіць вучэбныя дысцыпліны і паспяхова скончыць вышэйшую навучальную ўстанову. Пасля заканчэння інстытута ў 1977 годзе Людміле Цімафееўне прысвоілі кваліфікацыю інжынера-эканаміста і прызначылі на працу ў Смаленскае транспартнае ўпраўленне.
У Смаленскім транспартным упраўленні Людміла Цімафееўна працавала тры гады на пасадзе эканаміста планава-эканамічнага аддзела. Як малады спецыяліст зарэкамендавала сябе добрасумленным і дасведчаным работнікам. Шмат увагі надавала набыццю практычных навыкаў у сваёй працы, цікавілася новымі метадамі эканамічнага планавання і развіцця транспартнай сістэмы краіны. Увесь час яе не пакідала думка аб далейшай вучобе для таго, каб больш спазнаць ісціну, мець поўнае ўяўленне пра складанасці эканамічнага развіцця падчас вырашэння планаў развіцця краіны. Гэта і падштурхнула Людмілу Цімафееўну да далейшай вучобы, набыцця больш сучасных ведаў, на падставе якіх можна было б займацца навуковай дзейнасцю.
З 1980 года Людміла Цімафееўна вучыцца ў аспірантуры Маскоўскага інстытута кіравання на кафедры «Фінансаванне і крэдытаванне прамысловасці». Імкненне да авалодання новымі ведамі, развіцця творчай дзейнасці, уседлівасць і цярпенне, набытыя ў дзіцячыя гады, далі магчымасць паспяхова скончыць аспірантуру. У 1983 годзе пасля яе заканчэння абараніла дысертацыю кандыдата эканамічных навук па спецыяльнасці «Фінансы, грашовы абарот і крэдыт». Тэма дысертацыі — «Фінансавыя пытанні развіцця вытворча-тэхнічнай базы аўтатранспартных прадпрыемстваў». Пасля заканчэння вучобы ў аспірантуры вярнулася на ранейшае месца працы і з 1984 года працавала начальнікам фінансавага аддзела Смаленскага транспартнага ўпраўлення.
У 1985 годзе Людміла Цімафееўна прымае ўдзел і праходзіць па конкурсе на пасаду выкладчыка фінансавых дысцыплін Смаленскага філіяла Усесаюзнага завочнага фінансава-эканамічнага інстытута. З 1990 года працуе дацэнтам кафедры «Фінансавы і інвестыцыйны менеджмент».
У 1992 годзе інстытут быў перайменаваны ва Усерасійскі завочны фінансава-эканамічны інстытут. У сувязі з рэарганізацыяй у 2012 годзе УЗФЭІ ўвайшоў у склад Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі, а кафедра «Фінансавы і інвестыцыйны менеджмент» была перайменаваная ў кафедру «Эканоміка і фінансы». Людміла Цімафееўна з’яўляецца аўтарам больш як 100 апублікаваных навукова-даследчых работ у галіне інвестыцыйнай, фінансавай і падатковай палітыкі арганізацый, прымяненне формаў і метадаў якіх ажыццяўляецца ў фінансавай дзейнасці прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі.
За асаблівыя заслугі ў галіне развіцця навукі і творчасці ў 2003 годзе Людміла Цімафееўна ўзнагароджана медалём «Ганаровы работнік вышэйшай прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі». У цяперашні час жыве з мужам Сяргеем Васільевічам у горадзе Смаленску Расійскай Федэрацыі, маюць дачку Юлію і ўнукаў Дзяніса і Данііла.
Дзе б ні жыў чалавек і кім бы ні быў, яго ўвесь час цягне ў тыя мясціны, дзе прайшло дзяцінства і застаўся хатні ачаг, каля якога шмат мілых сэрцу месцаў, што захоўвае дзіцячая памяць. Вось і цягнуць яны нас на радзіму дзяцінства, і забыць іх чалавек не ў сілах. З году ў год падчас адпачынку або ў святочныя дні Людміла Цімафееўна прыязджае з мужам, а калі і з унукамі на сваю маленькую радзіму ў вёску Зелянец Карэліцкага раёна. Нягледзячы на тое, што нарадзілася ў вёсцы Палужжа, лічыць Зелянец сваім родным. Тут прайшло дзяцінства і пачалося юнацтва, адсюль павяла дарога ў вялікае жыццё, якое дазволіла дасягнуць вяршынь навукі, творчасці і працоўнай дзейнасці. Людміла Цімафееўна з братам Аляксандрам даглядаюць бацькоўскі дом, не забываюць, адкуль яны адправіліся ў вялікае жыццё, дзе засталіся іх дзяцінства і сябры, школьныя гады і першыя сустрэчы маладосці.
Баляслаў НАВІЦКІ,
ветэран працы, краязнаўца