Выпускніца філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Кацярына Саўко аб удзеле ў Рэспубліканскім свяце выпускнікоў: «Гэта была сапраўдная казка, у якой мы адчулі сябе зоркамі, людзьмі, якім ёсць чым ганарыцца»
Калі даведалася, што буду ў ліку тых, хто адправіцца ў Мінск на свята выпускнікоў, — адчула небывалы гонар. Таму што ў такія моманты прыходзіць разуменне, наколькі адказны і паспяховы быў пройдзены шлях, якіх высокіх вынікаў удалося дасягнуць.
Усё яшчэ застаюся пад прыемнымі ўражаннямі, мяне перапаўнюць пачуцці захаплення і шчырай радасці. Таму што тое свята, якое для нас падрыхтавалі, тая веліч і прыгажосць – нешта незвычайнае. Гэта была сапраўдная казка, у якой мы, пакуль яшчэ студэнты, адчулі сябе зоркамі, людзьмі, якім ёсць чым ганарыцца.
Асаблівым момантам мерапрыемства для мяне стаў зварот Прэзідэнта. Вельмі краналі яго словы пра тое, што ў нашых руках не толькі ўласны лёс, але і лёс роднай краіны. А таму нельга траціць час на бессэнсоўныя справы, адкладаючы сапраўды важнае на заўтра.
Мы — яшчэ ўчора студэнты, ужо сёння гатовыя плённа працаваць на карысць дзяржавы і грамадства. Развіваць, удасканальваць і паляпшаць дабрабыт любімай Беларусі.