Как кореличские школьники работают летом

Лета — цудоўны час для адпачынку дзяўчынак і хлопчыкаў і  магчымасць заняцца карыснай працай — знайсці занятак для душы.

Журналіст раённай газеты «Полымя» завітала ў Карэліцкую раённую бібліятэку, дзе працуюць дзеці, і пагутарыла з вучаніцамі 10 класа дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» Дар’яй ЛАГУТАЙ і Аляксандрай МУЛЯРЧЫК.

— Вы ўпершыню ўладкаваліся на працу на летніх канікулах?

Даша: Раней працавала ў Карэліцкай раённай бібліятэцы. Мне вельмі тут падабаецца, і калі была б у мяне магчымасць, прыйшла  б яшчэ раз сюды.

Саша: Я таксама  была на працы ў бібліятэцы. Мне тут вельмі камфортна, ад працы атрымліваю вялікае задавальненне.

— Якую мэту ставілі перад сабой?

Даша: Вельмі хацелася паглядзець на працу людзей, якія заняты тут не першы год, і адчуць сябе на іх месцы. Мне гэта ўдалося: я атрымала вельмі шмат станоўчых эмоцый.

Саша: Я хацела правесці вольны час з карысцю і ў мяне гэта атрымліваецца:  дапамагаю супрацоўнікам установы і бібліятэкарам, набываю карысны вопыт для сябе.

— Што вы робіце?

Даша: Кожны дзень напоўнены разнастайнай работай. Пачынаем з падшыўкі газет і часопісаў, рамантуем кнігі, клеім на іх і часопісы лісткі вяртання, замацоўваем і ажыццяўляем падрыхтоўку фармулярў чытачоў.  Вельмі шмат патрэбнай інфармацыі атрымліваю ў зносінах з бібліятэкарамі.

Саша: Тут вельмі шмат рознай работы, і гэта вельмі цікава, прывучаем сябе да працы. Мне здаецца, што пачынаю разумець бібліятэкараў.  З аднаго боку, здаецца, што гэта лёгка, а на самай справе патрабуецца шмат навыкаў, цярпення, уседлівасці.

— Куды мяркуеце патраціць заробленыя грошы?

Даша: Аб гэтым яшчэ не думала, але хочацца зрабіць што-небудзь прыемнае і карыснае сваім родным і сябрам.

Саша: Я хацела б зрабіць сваёй бабулі Валянціне Уладзіміраўне падарунак. Яе вельмі люблю і хачу парадаваць.

— Чытаць кнігі любіце?

Даша: Так, я вельмі люблю чытаць. Менавіта таму прыйшла на летніх канікулах на працу ў бібліятэку. Мяне больш за ўсё захапляюць фантастычныя і дэтэктыўныя творы. Любоў да кніг мне перадалася ад маці Вольгі Віктараўны Лагуты, якая сабрала дамашнюю бібліятэку. У ёй ёсць кнігі ад даведнікаў па кулінарыі і рукадзеллі і да раманаў.

Саша: У маленстве не асабліва любіла чытаць кнігі. У сярэдняй школе звярнулася да вялікіх твораў і зразумела, што гэта вельмі пазнавальна. Чытаю кнігі сучаснай літаратуры, дэтэктывы, фантастыку. Мяне вельмі захапляе беларуская літаратура. Лічу, што кожны беларус павінен яе чытаць, гэта наша гісторыя, культура, самабытнасць.

— Што яшчэ мяркуеце рабіць на летніх канікулах?

Даша: У мяне ёсць захапленні: вязанне і маляванне. Буду дапамагаць родным і бабулі Наталлі Міхайлаўне Крывапуст з вёскі Горныя Руткавічы, якая трымае вялікую гаспадарку і займаецца рукадзеллем.

Саша: На летніх канікулах буду чытаць кнігі. Хачу наведаць сваю бабулю Валянціну Уладзіміраўну Мулярчык з вёскіДорагава.

Па словах начальніка аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Наталлі ГОЦКА,  згодна з выкананнем мер, якія прадугледжаны Дзяржаўнай праграмай «Рынак працы і садзеянне занятасці» на 2021-2025 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2020 г. № 777, вучні школ раёна, а таксама навучэнцы Мірскага дзяржаўнага каледжа працуюць на базе ўстаноў адукацыі ў Райцы, Жухавічах, Цырыне, Ярэмічах, Луках, Міры, Карэлічах, у Карэліцкай раённай бібліятэцы.

Сёлета запланавана працаўладкаванне больш за 90 чалавек з ліку моладзі, якая вучыцца ў нашых установах адукацыі. На гэтыя мэты накіравана 27 тысяч рублёў са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнга фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Па стане на 16 чэрвеня 2023 года працаўладкавана 56 падлеткаў, з якіх з васьмю праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, чатыры выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях, двое падлеткаў маюць статус сіраты.

Каментарый

Лілія АРЦЮХ,

дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»:

— Наступіла любімая пара для школьнікаў — канікулы. Многія гэты час выкарыстоўваюць не толькі для адпачынку, але і як магчымасць атрымаць працоўны вопыт і зарабіць грошы.

Штогод у ДУК  «Карэліцкая раённая бібліятэка» на летні перыяд пры садзеянні раённай службы занятасці працаўладкоўваюцца дзеці. Яны займаюцца рамонтам кніг, падшыўкай газет, часопісаў, афармленнем палічных раздзяляльнікаў, прыклейваюць лісткі тэрмінаў вяртання. Работа карпатлівая, але не цяжкая. Дзеці выконваюць яе хутка і якасна. Першы працоўны вопыт у вольны ад вучобы час дазваляе дзецям атрымаць практычныя навыкі работы, прывівае дысцыплінаванасць і прывучае да адказнасці.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ