Путешествуем по туристическому маршруту «Дорогами Второй мировой войны» и заглядываем в Новое Село, Песочную и г.п. Мир

(Працяг. Пачатак у № 50 ад 28.06.2023 г.)

Вёска Новае Сяло — яшчэ адна з многіх у Беларусі сясцёр Хатыні. Карнікі палілі вёску два разы. Першы раз яе знішчылі ў лютым 1943 года.

З кнігі “Памяць. Карэліцкі раён”:

“У баі за Лядкамі мсціўцы забілі Баранавіцкага гебіткамісара, палкоўніка. І пачалі фашысты спаганяць сваю злосць на мірных людзях […] Той жа карны атрад, які знішчыў партызанскія сем’і ў Лядках, роўна праз месяц з’явіўся ў Новае Сяло, што ляжыць уздоўж Нёмана.

… Вялікім кастром запалала вёска. Растаў снег навокал. Вар’яцелі людзі ад страху, кідаліся ў пошуках ратунку, але іх спатыкаў смяротны свінец. Хоць партызаны Камсамольскага атрада, якія вярталіся з задання, і не дазволілі фашыстам завяршыць сваю чорную справу, зберагчы вёску не ўдалося — на яе месцы засталіся асірацелыя коміны. Уцалелыя хавалі забітых. За адзін дзень на 70 чалавек паменшылася насельніцтва Новага Сяла”.

У пачатку лета 1943 г. фашысты спалілі вёску ў другі раз. Вось як напісана аб гэтым у кнізе “Памяць. Карэліцкі раён”:

“У вёсцы тых, каго злавілі і знайшлі, гітлераўцы заганяюць у дом, што пабудаваў Непагода. Акружылі шчыльна селішча, ніхто не праскочыць. Толькі адна дзяўчынка — Іра Кеда зашылася ў салому і такім чынам выратавалася […].

… Вакол хаты — немцы з кулямётамі. Людзей прыганяюць і запіхваюць у дом. І нават зразумеўшы, што паратунку няма і здарыцца нешта жахлівае, ніхто не прасіў літасці. У апошнюю мінуту выкідвалі хто што мог — грэбень з галавы ці яшчэ якую рэч — каб паведаміць пра сябе тым, хто прыйдзе сюды потым. А карнікі (гэта былі ўжо не тыя, што палілі вёску зімой) дзейнічалі планамерна, усё рабілі раўнадушна і спрактыкавана. Аблілі бензінам хаціну і падпалілі. Людзі ў полі бачылі той жудасны дым, але ўявіць не маглі, як можна гэта — жывых людзей у агонь. Толькі вярнуўшыся, калі пайшлі гітлераўцы, знайшоўшы рэчы побач з папялішчам, зразумелі ўсё. А раскапалі пажарышчы — страшную карціну пабачылі. Унізе кучы попелу, чалавечых касцей, засталіся паўабгарэлыя трупы: маці прыкрывалі сабой дзяцей ад пякельнага агню… […].

Большасць жыхароў Новага Сяла загінула ў агні. Самаму старому, Марціну Іванавічу Гінаку, споўнілася 80 гадоў. Ганна Стасянюк нарадзілася ў тым жа сорак трэцім. А хто быў той хлопчык, які ў апошні шлях захапіў з сабой свае мячык і аловачак? Можа, двухгадовы Саша Бусько, можа, чатырохгадовы Ваня Кеда? Яны сталі ахвярамі чалавеканенавісніцкай палітыкі фашызму. Толькі за тое, што жылі і хацелі жыць. Дык якая ж гэта была злосць ці помства? 3 мірнымі, бяззбройнымі людзьмі ваяваць лягчэй. Не перамаглі партызан у адкрытым баі, паздзекаваліся і знішчылі насельніцтва”.

У 1959 г. у цэнтры Новага Сяла ў памяць аб 256 жыхарах, жыўцом спаленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі, усталяваны помнік — скульптурная кампазіцыя: воін, жанчына з дзіцем на руках і стары. На помніку надпіс: «Вас не скарылі ні страхам, ні сілаю. Помстай да ворага дыхаюць грудзі. Спіце спакойна, родныя, мілыя. Вас не забудуць савецкія людзі».

Вяртаемся на дарогу Карэлічы-Мір. На беразе ракі Уша размяшчаецца вёска Пясочная, дзе ўзвышаецца помнік, усталяваны ў 1966 годзе ў гонар 56 землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пасёлак Мір. На вуліцы Танкістаў, недалёка ад сцен Мірскага замка, знаходзіцца абеліск у памяць аб расстраляных мірных жыхарах пасёлка. Ён з’явіўся ў 1966 годзе на месцы пахавання больш за 1700 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці, якія загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у лістападзе 1941 г.

У кастрычніку 1997 г. помнік быў дапоўнены дзвюма дошкамі. Мемарыяльны знак быў абноўлены на грошы асацыяцыі былых вязняў Мірскага гета ў Ізраілі. На адной з дошак пазначана, што гэта помнік габрэям, забітым тут. Другая дадае, што на гэтым месцы быў забіты рабін свету, Абрагам Цві Камаі.

Як сведчаць крыніцы, жахлівая трагедыя разыгралася ўжо восенню 1941 года. На ўскраіне замкавага парку, з боку вуліцы Танкістаў, 9 лістапада былі расстраляны каля 1600 мясцовых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Старажылы Міра, успамінаючы тыя жудасныя падзеі, да гэтага часу распавядаюць пра іх са слязьмі на вачах і дрыжаннем у голасе. У іх памяці засталася доўгая калона людзей, якая складалася са старых, мужчын, жанчын, дзяцей, што не спрабавалі бегчы, таму што бегчы не было куды. Яны павольна ішлі да сваёй немінучай пагібелі. Хтосьці адразу быў забіты, кагосьці параненага закапалі жывым. Яшчэ 700 мясцовых яўрэяў у тым жа лістападзе 1941 года расстралялі на ўскраіне мястэчка Мір (цяпер гэта вуліца Кастрычніцкая), дзе знаходзіцца яшчэ адзін помнік, усталяваны ў 1967 годзе.

У маі 1942 г. гета з цэнтральнай часткі мястэчка было пераведзена ў Мірскі замак, дзе яно праіснавала тры з паловай месяцы. Каля 850 яўрэяў апынуліся ізаляванымі ў сярэднявечных сценах. Замкавая тэрыторыя была абнесена плотам з калючага дроту, меўся прапускны пункт. Вязняў выводзілі на працы, у асноўным, на разборку завалаў пасля бамбёжак. У гета сярод моладзі была арганізавана група супраціўлення, зброю для якой дапамог здабыць 20-гадовы яўрэйскі юнак Освальд Руфайзен, які служыў у мясцовым аддзяленні паліцыі перакладчыкам. З яго дапамогай 11 жніўня ўцяклі каля 200 чалавек. Пакінутыя ў гета 750 яўрэяў былі расстраляны фашыстамі ў лесе Яблонаўшчына.

У 1966 годзе саўгас «Мірскі» ўсталяваў фундаментальны помнік-абеліск. На помніку маецца пяціканцовая зорка і надпіс: «Тут у 1943 годзе былі па-зверску расстраляныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі 750 чалавек мірных жыхароў г.п. Мір». Памятны знак нагадвае пра падзеі, якія адбыліся ў мястэчку Мір 20 ліпеня 1943 года. Менавіта ў гэты дзень сюды прыбыла зондэркаманда. Мужчынам-яўрэям загадалі сабрацца на Рынкавай плошчы, узяўшы з сабой каштоўныя рэчы. Былі адабраны 24 чалавекі. Сярод іх быў Якаў Разоўскі, 30-гадовы мужчына, які да апошняга спадзяваўся, што яму, а можа, і ўсім астатнім удасца выратавацца. Таму па дарозе да месца расстрэлу ён выкінуў свой кашалёк, каб паказаць сваякам дарогу, па якой іх павезлі. Кашалёк знайшла сястра Якава — Соня. Пазней яна даведалася, што ўсіх расстралялі ў лесе Яблонаўшчына разрыўнымі кулямі.

Освальд Руфайзен быў схоплены фашыстамі, але яму ўдалося ўцячы. Ён схаваўся ў манашак мясцовага каталіцкага манастыра, у якіх прабыў 15 месяцаў. Затым адправіўся ў партызанскі атрад, дзе ваяваў да вызвалення Беларусі. У 1945 г. уступіў у каталіцкі ордэн кармелітаў і пазней з’ехаў у Ізраіль. Освальд Руфайзен (Айцец Даніэль) стварыў у горадзе Нагарыя дом састарэлых для “Праведнікаў народаў свету”, заўсёды служыў імшы па просьбе тых, хто да яго звяртаўся. У горадзе Хайфа, дзе ён жыў апошнія гады, кармеліцкі настаяцель прымаў вернікаў любой канфесіі, праводзіў для іх экскурсіі. Кожнаму, хто прыходзіць да яго ў госці, ён любіў казаць: “Тут мы знаходзімся ля вытокаў хрысціянства. Тут няма месца раздзяленням”. У 1992 г. Освальд Руфайзен прыехаў у пасёлак Мір, дзе сустрэўся з вязнямі Мінскага гета, якія былі абавязаны яму сваім выратаваннем.

У цэнтры пасёлка, на месцы пахавання 45 чырвонаармейцаў (па іншых дадзеных — 41 чырвонаармеец і 5 партызанаў), якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца яшчэ адзін помнік — скульптура воіна, устаноўленая ў 1951 г.

У ноч на 22 сакавіка 1944 г. партызаны брыгады імя Г. К. Жукава (камандзір Р. Л. Васілевіч, камісар А. З. Гайсараў) і брыгады «Камсамолец» (камандзір Р. М. Панявін, камісар А. І. Дзееў) пад камандаваннем камандзіра партызанскага злучэння Стаўбцоўскай зоны У. З. Царука разграмілі буйны варожы гарнізон у Міры. У пачатку ліпеня 1944 г. пасёлак быў вызвалены.

На гэтым завяршаецца першы дзень падарожжа. У Міры ёсць многа месцаў, дзе можна правесці ноч і адпачыць пасля доўгага падарожжа.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара