Начальник налоговой инспекции Кореличского района Марина Осипович рассказывает об акцентах службы

Падатковая служба – адна з найбольш эфектыўных і ўплывовых структур дзяржаўнага кіравання,  надзейная апора ўлады, а таксама гарант эканамічнай бяспекі краіны. Для выканання сваіх функцый дзяржаве патрэбны сродкі, значная частка якіх фарміруецца за кошт падатковых паступленняў.  Таму зразумела важнасць і значнасць працы людзей гэтай прафесіі, ад вынікаў якой залежыць эканамічнае развіццё краіны і дабрабыт яе грамадзян. Ведамства забяспечвае рэалізацыю эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, садзейнічае выкананню канстытуцыйных правоў грамадзян на адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, выплату заработнай платы і пенсій.

Аб рабоце арганізацыі напярэдадні прафесійнага свята мы пагаварылі з намеснікам начальніка інспекцыі – начальнікам упраўлення па працы з плацельшчыкамі па Карэліцкім раёне ІМПЗ па Навагрудскім раёне Марынай Сцяпанаўнай Асіповіч.

– Марына Сцяпанаўна, што сабой сёння ўяўляе падатковая сістэма?

–        Падатковая сістэма Рэспублікі Беларусь з’явілася ў 1990 годзе, але ўжо зарэкамендавала сябе як дынамічна развіваючаяся структура, якая прымяняе ў сваёй працы новыя тэхналогіі, формы і метады, што дазваляюць вырашаць  асноўную задачу — забеспячэнне ўстойлівага папаўнення бюджэту.

Сам факт наяўнасці прафесійнага свята гаворыць аб асаблівай значнасці для краіны нашай дзейнасці. Бо паспяховая работа падатковых органаў дае дадатковыя магчымасці для павелічэння зарплаты супрацоўнікаў бюджэтнай сферы, пенсій і дапамог, развіцця сельскай гаспадаркі, будаўніцтва дарог, жылля і выканання іншых сацыяльных праграм дзяржавы. Негалосным дэвізам супрацоўнікаў інспекцыі ўжо даўно стала правіла: адносіны з падаткаплацельшчыкам будаваць на даверы і ўзаемапавазе. Бо высокай выніковасці ў працы можна дасягнуць, толькі калі прафесіяналізм супрацоўнікаў ідзе “ў адной звязцы” з уменнем будаваць гэтыя адносіны.

 — Хто ўдзельнічае ў фарміраванні бюджэту Карэліцкага раёна?

—  На сённяшні дзень гэта 295 юрыдычных асоб, 398 індывідуальных прадпрымальнікаў і 16071 фізічная асоба. З  іх 89% паступленняў у бюджэт ад арганізацый, 8% выплачваюць прадпрымальнікі і 3% – фізічныя асобы.

—  Раскажыце, як пабудавана работа падатковых органаў з падаткаплацельшчыкамі.

— Па стане на пачатак ліпеня, 469 суб’ектаў гаспадарчай дзейнасці ажыццяўляюць узаемадзеянне з падатковымі органамі ў электронным выглядзе. Гэта ў асноўным індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы. Па сродках электроннага ўзаемадзеяння плацельшчыкі прадастаўляюць падатковыя дэкларацыі, заявы для ажыццяўлення адміністратыўных працэдур і іншую інфармацыю: аб асноўных зменах у падатковым заканадаўстве, паведамленні аб ажыццяўленні адміністратыўных працэдур, апавяшчэнне аб прыёме падатковых дэкларацый. Да асабістага кабінета плацельшчыка  таксама могуць падключыцца і фізічныя асобы.  Яны  будуць атрымліваць усю інфармацыю па вылічаных маёмасных падатках, звесткі аб запазычанасці перад бюджэтам, прадастаўляць паведамленні аб выплаце адзінага падатку фізічнымі асобамі (самазанятымі).

— Якія меры прымаюцца ў дачыненні да тых, хто ўхіляецца ад выплаты падаткаў?

—  За несвоечасовую выплату падаткаў налічваецца пеня ў памеры дзённай стаўкі рэфінансавання (на сённяшні дзень — 0, 0278 руб.) за кожны дзень пратэрміноўкі. У адносінах юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў спыняюцца аперацыі па рахунках, накладаецца арышт на маёмасць. У адносінах да ўсіх суб’ектаў гаспадарчай дзейнасці выносіцца рашэнне падатковым органам  і падаецца  заява ў аддзел прымусовага выканання. Згодна з арт.14.4 КаАП РБ за нявыплату падаткаў прадугледжаны штраф.

— Марына Сцяпанаўна, з якімі паказчыкамі ў працы сустракаеце сваё прафесійнае свята?

— За шэсць месяцаў бягучага года ў кансалідаваны бюджэт паступіла 10,3 мільёна рублёў, план даходаў выкананы на 101,2%. Звыш задання паступіла 101,7 тысячы рублёў. Тэмп росту паступленняў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 115,7%

— Якія асноўныя змены адбыліся ў падатковым заканадаўстве за першае паўгоддзе 2023 года?

— Эканамічныя працэсы, якія адбываюцца ў краіне, аказваюць уплыў і на дзейнасць падатковых органаў. Ужо са студзеня ўведзены падаткі на прафесійны даход для фізічных асоб (самазанятых), таксама ўзрасла стаўка  падаходнага падатку з 16% да 20%  ад прадпрымальніцкай дзейнасці,  адменены   падаткі пры спрошчанай сістэме  падаткаабкладання для індывідуальных прадпрымальнікаў.  Пачынаючы з лютага месяца, стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб павялічыліся па некаторых відах дзейнасці ад 1,5 да 3 разоў.  Апошнія змены адбыліся з  1 ліпеня: падыход па выплаце падатку рамеснікаў і збору аграэкатурызму. Гэтай катэгорыі плацельшчыкаў неабходна было да пачатку месяца прайсці перарэгістрацыю. Па рашэнні Карэліцкага райвыканкама фізічныя асобы, прызнаныя рамеснікамі, маюць права выбару: выплачваць збор у памеры шасці рублёў у месяц, тыя, хто займаецца аргаэкатурызмам — 37 руб., або перайсці на плату на прафесійны даход. Стаўка выплат  у такім разе складае 10% ад выручкі.

— Што пажадаеце калегам напярэдадні прафесійнага свята?

—            Мне хацелася б ад усёй душы пажадаць міру на зямлі, аптымізму, здароўя, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх пачынаннях. Дзякуй вам, паважаныя калегі, ветэраны,  за вашу добрасумленную працу на карысць дзяржавы і нашага раёна.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара