Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін сустрэўся з адпачываючымі ў «Вясёлцы» дзецьмі

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін правёў сустрэчу з дзецьмі, якія адпачываюць у аздараўленчым лагеры “Вясёлка”.

17 ліпеня ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Вясёлка” ў рамках інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Крок да поспеху” адбылася сустрэча дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Сонгіна з выхаванцамі лагера.

Інфармацыйна-асветніцкая акцыя “Крок да поспеху” стартавала ў чэрвені. За сезон яна ахопіць больш за 140 аздараўленчых лагераў па ўсёй Беларусі.

Асноўная мэта правядзення мерапрыемстваў дадзенай накіраванасці – павысіць матывацыю непаўналетніх, якія адпачываюць у летніках, спрыяць выхаванню пачуцця гонару за сваю краіну, папулярызаваць дасягненні Беларусі ў розных сферах.

Лепшым прыкладам для дзяцей можа быць той чалавек, які сам дасягнуў пэўных вяршыняў. Аляксандр Генрыхавіч у нефармальнай абстаноўцы правёў матывацыйную гутарку з выхаванцамі, расказаў пра свой жыццёвы шлях і асабісты сакрэт поспеху. Пачынаў ён сваю кар’еру настаўнікам пачатковых класаў, а цяпер з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Праца вельмі адказная, паколькі яны распрацоўваюць і зацвярджаюць важныя для краіны законы.

– У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця падрастаючага пакалення, усе здольны чагосьці дасягнуць. Самае важнае – кожны павінен асвоіць прафесію “быць чалавекам”. Жывіце ў ладах са сваім сумленнем, знайдзіце прафесію па душы і працу па сэрцы, абавязкова стварыце вялікую і дружную сям’ю, – параіў Аляксандр Сонгін.
Парламентарый на памяць пра сустрэчу ўручыў выхаванцам лагера футбольныя мячы. У сваю чаргу дзеці і выхавальнікі падрыхтавалі нумары мастацкай самадзейнасці, а выконваючая абавязкі дырэктара лагера Вольга Матусевіч уручыла госцю памятны падарунак.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара