У Карэлічах ідэолагі абмеркавалі пытанні дэмаграфічнай бяспекі і бяспекі дзяцей на канікулах
На семінар-нараду ідэалагічны актыў раёна сабраўся ў аддзеле культуры і вольнага часу «Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры». Адкрыў сустрэчу галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Карпаленка, які назваў абмяркоўваемую тэму вельмі актуальнай і нагадаў адрасы працоўных калектываў, куды 20 ліпеня з нагоды дня інфармавання насельніцтва наведаюцца членя шасці інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. «Самае галоўнае — правесці жывую гутарку з работнікамі калектываў, для гэтага маецца змястоўны і цікавы матэрыял на сайце райвыканкама», — заклікаў Генадзій Анатольевіч.
«Дэмаграфічная бяспека — аснова росквіту грамадства, галоўная ўмова развіцця дзяржавы» — па асноўнай тэме слова трымалі намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце УАЗ «Карэліцкая ЦРБ» Дар’я Нячай і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Іна Богуш.
Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік поруч з відэаролікамі на экране адзначыў важнасць пільнай увагі з боку дарослых за паводзінамі дзяцей на канікулах. Разам з тым прамоўца звярнуў увагу на тое, што найчасцей прычынамі пажараў становіцца чалавечы фактар: курэнне ў ложку і выпітая чарка, таму з гэтай нагоды заклікаў ідэолагаў раёна праводзіць растлумачальную работу сярод насельніцтва, каб не здарылася бяды.
Падчас правядзення семінара-нарады былі разгледжаны пытанні стану ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА