5 августа знаменитому уроженцу Кореличского района Владимиру Макею исполнилось бы 65 лет: о нем вспоминают земляки
5 жніўня знакамітаму ўраджэнцу Карэліцкага раёна міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею, які раптоўна памёр 26 лістапада мінулага года, споўнілася б 65 гадоў. Сёння яго землякі ўспамінаюць, якім ён быў.
Бацькоўскае гняздо
Вёска Некрашэвічы Турэцкага сельсавета, дзе нарадзіўся будучы дзяржаўны дзеяч, сустракае дагледжанымі дамамі і кветнікамі за акуратна пафарбаванымі платамі. Стараста вёскі Анатоль Сямёнавіч Палуян паказвае дом пад нумарам 35 па вуліцы Школьнай, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Уладзіміра Макея.
Дом вельмі сціплы з выгляду, але акуратны і дагледжаны. У палісадніку — гладыёлусы і язмін, на невялікай градцы — зеляніна і агуркі.
— Гэта пляменнікі Валодзі, дзеці яго роднай сястры Наталлі, прыязджаюць сюды з Баранавіч і агароднічаюць. Мяне папрасілі засеяць агарод пшаніцай, каб пустазелле не расло, я, вядома, пасеяў. Тут усё засталося так, як было пры жыцці бацькоў Валодзі — Уладзіміра-старэйшага і Фані. Яны жылі сціпла, са свайго мазаля, — расказвае Анатоль Сямёнавіч, які ўсё жыццё быў бліжэйшым суседам і сябрам сям’і Макей.
Бацькі будучага дыпламата былі родам з Некрашэвіч, ведалі адзін аднаго з дзяцінства. Вяселле ў маладых было вельмі сціплае: селі ўдваіх на сівую кабылку і паехалі ў сельсавет распісацца. Ніякіх гулянняў не ладзілі. Затое ўсё жыццё пражылі душа ў душу, у працы і клопатах пра сваіх дваіх дзяцей — дачку Наталлю і сына Уладзіміра. Уладзімір-старэйшы ўсё жыццё шчыраваў у калгасе і на свінаферме, і на канюшні, і нават пасля выхаду на пенсію дапамагаў у калгасных справах. Працаваў заўсёды з поўнай аддачай, так, як, мабыць, ніхто ў вёсцы. І дома ад дзяцей патрабаваў дысцыплінаванасці і працавітасці. Яго жонка Фаня была звеннявой, затым даяркай, займалася хатняй гаспадаркай і дзецьмі. Яна па-майстэрску вышывала, выдатна спявала і была ўдзельніцай Некрашэвіцкага хору, вядомага далёка за межамі раёна. Уладзімір-малодшы ўсё лета разам з іншымі вясковымі дзеткамі таксама дапамагаў калгасу. Дзеці зразалі каласкі на палях, каб насенне не змешвалася, на конях вазілі сена. Дома ён таксама быў незаменны памочнік па гаспадарцы, бо бацька ад відна да цямна прападаў на калгаснай працы.
— Нават у тыя часы, калі Валодзя займаў высокія дзяржаўныя пасады і быў вельмі заняты, ён стараўся часцей наведваць бацькоў, проста гутарыў з намі, вяскоўцамі. Калі бацькоў не стала, ён прыязджаў на могілкі на Радаўніцу. Сам прыязджаў за рулём. Ніякай фанабэрыстасці ў яго ніколі не было. Заўсёды заходзіў да мяне ў госці, цікавіўся вясковымі навінамі. Ён застаўся такім жа простым чалавекам, якім мы ўсе яго ведалі, — успамінае Анатоль Сямёнавіч.
Таленавіты вучань і сціплы хлопец
Менавіта такім памятае Уладзіміра Макея настаўніца хіміі і біялогіі Тамара Трафімаўна Башко, якая і сёння жыве ў Некрашэвічах.
— Валодзя ўжо ў тры гады чытаў не проста кнігі, а газеты, седзячы на печы ў свайго суседа. Той тады сказаў, маўляў, расце будучы міністр. А ўжо калі пайшоў у школу, то хутка перачытаў усе да адной кнігі ў сельскай бібліятэцы.
У 8 класе ён напісаў сачыненне на беларускай мове на патрыятычную тэму, куды ўключыў вершы ўласнага сачынення. Там былі такія радкі: “Песні Коласа нас навучылі Радзіму любіць, родны край бараніць, лютых злодзеяў біць”. Мы былі вельмі здзіўлены тады, бо ён нікому не казаў, што піша вершы. Гэтае сачыненне заняло першае месца ў вобласці, а Валодзю заахвоцілі паездкай у лепшы дзіцячы лагер краіны «Зубраня». Мне даверылі яго суправаджаць. Памятаю, да Мінска даехалі, а да «Зубраняці» прыйшлося на перакладных: частка шляху на аўтобусе да вёскі Лынтупы, частка на папутцы. Прывяла я Валодзю да ўваходу ў лагер, а далей мне нельга. Ён мяне моцна абняў, на вачах — слёзы, яно і зразумела: сельскае дзіця, не прывычнае да раз’ездаў.
Тамара Трафімаўна кажа, што Валодзя быў круглым выдатнікам, яму лёгка даваліся ўсе школьныя прадметы. Але пры гэтым ён быў вельмі сціплым, не любіў прыцягваць да сябе ўвагу. У той час была папулярная гульня КВЗ. Менавіта ён пісаў сцэнарыі, з’яўляўся рэжысёрам гэтых школьных гумарыстычных вечароў. Але на сцэну выходзіць не любіў, быў сціплым. А яшчэ ў яго было абвостранае пачуццё справядлівасці: не мог бачыць сварак і разладаў, заўсёды дапамагаў вырашаць канфлікты. Словам, сапраўдны дыпламат. Некрашэвіцкую базавую школу ён скончыў на выдатна, а затым Лукскую дзесяцігодку на залаты медаль. Стаў студэнтам Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт), які таксама скончыў з чырвоным дыпломам. Будучую прафесію Уладзімір абраў дзякуючы свайму настаўніку нямецкай мовы Куліку Генадзію Уладзіміравічу, які не толькі змог навучыць замежнай мове, але і прыходзіў на ўрокі з акардэонам. На яго занятках гучалі вершы і песні, панавала творчая атмасфера. За 40 гадоў педагагічнага стажу, як кажа Тамара Трафімаўна, у яе не было такога таленавітага і разам з тым сціплага вучня, як Уладзімір Макей.
— У нашай вёсцы пра яго ўсе ўспамінаюць добрым словам, шкадуюць, што так рана пайшоў з жыцця, калі так патрэбны быў сваёй краіне і народу, — са смуткам кажа педагог і дадае: Напішыце пра яго добра, вельмі быў светлы, просты, прыстойны чалавек.
Уладзімір Уладзіміравіч Макей нарадзіўся ў 1958 годзе ў в. Некрашэвічы Карэліцкага раёна.
У 1980 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт), у 1993 годзе – дыпламатычную акадэмію МЗС Аўстрыі.
У 1980-1993 гадах служыў ва Узброеных Сілах СССР і Беларусі. З 1993 года знаходзіўся на дыпламатычнай службе. У 1993-1995 гадах Уладзімір Макей працаваў трэцім сакратаром упраўлення інфармацыі і гуманітарнага супрацоўніцтва, другім сакратаром аддзела аналізу і прагназавання, другім сакратаром Сакратарыята міністра ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. У 1995-1996 гадах — намеснік начальніка Службы дзяржаўнага пратакола МЗС. З 1996 па 1999 год быў прадстаўніком Беларусі пры Савеце Еўропы, дарадцам пасольства РБ у Францыі. У 1999-2000 гады займаў пасаду начальніка ўпраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва знешнепалітычнага ведамства Рэспублікі. З 2000 па 2008 год з’яўляўся памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У 2008-2012 гадах кіраваў адміністрацыяй Кіраўніка дзяржавы. З 20 жніўня 2012 года Уладзімір Макей займаў пасаду міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Меў дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла. Быў палкоўнікам запасу. Валодаў англійскай і нямецкай мовамі.
Узнагароджаны ордэнамі Пашаны (2006 г.) і Айчыны III ступені (2018 г.).
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара, БелТА, з сямейнага архіва