Член Совета Республики Национального собрания Беларуси Эльвира Сороко: «Белая Русь» — это партия неравнодушных людей»

 

 Устаноўчая канферэнцыя па стварэнні абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь», якая прайшла 31 жніўня ў Гродне, стала сапраўды гістарычнай падзеяй для рэгіёна. Такое меркаванне выказала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня савета Навагрудскага раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Эльвіра Сарока.

— Устаноўчая канферэнцыя сабрала ў Гродне 83 дэлегаты з усяго рэгіёна. Старшыні раённых аддзяленняў партыі падымаліся на сцэну за членскімі білетамі, а мяне перапаўняла пачуццё гонару за нашу краіну і людзей, якія гатовы ёй служыць і словам, і справай, — дзеліцца эмоцыямі парламентарый.

Сёння ў радах новай беларускай партыі — аўтарытэтныя, неабыякавыя, паважаныя ў грамадстве і патрыятычна настроеныя грамадзяне. І гэта заканамерна, бо «Белая Русь» будзе адстойваць інтарэсы ўсіх слаёў грамадства, кожнага чалавека, які хоча быць пачутым і прымаць удзел у будаўніцтве будучыні сваёй краіны. Пасля падзей 2020 года беларусы сталі больш актыўна праяўляць сваю грамадска-палітычную пазіцыю. Калі раней большасць удзельнічала ў выбарах і лічыла, што на гэтым іх грамадзянскі абавязак выкананы, то сёння кожны з нас праяўляе сваю грамадзянскую волю, дэманструе цікавасць да дзяржаўнага будаўніцтва. Абыякавасці няма месца ў грамадстве. Беларусы шмат чаго пераацанілі і сталі палітычна граматнымі.

На думку дэпутата, «Белая Русь» стане масавай партыяй у нашай краіне, аб’яднаўшы як людзей вопытных, так і моладзь. Адным трэба перадаваць свой вопыт, а другія хочуць яго атрымаць. Шмат увагі будзе нададзена данясенню да моладзі гістарычнай праўды і сучаснай карціны свету. Маладыя людзі павінны атрымліваць праўдзівую інфармацыю з першых рук, а не фэйкі з праплачаных тэлеграм-каналаў.

Наперадзе ўсіх нас чакае электаральная кампанія. Члены партыі будуць вылучацца ў кандыдаты ў дэпутаты рознага ўзроўню, прымаць удзел у рабоце выбарчых камісій. Для гэтага патрэбны прафесіяналізм, грамадзянскасць і патрыятызм, каб абараніць сваю краіну ад знешніх выклікаў і пагроз.

Іна ЛЕЙКА