Школы и детсады Кореличского района получили сертификаты готовности к учебному году
Школьнікі ўсё яшчэ атрымліваюць асалоду ад самых доўгіх канікул у годзе, а тым часам установы адукацыі актыўна рыхтуюцца да сустрэчы з вучнямі і ўжо здаюць свой “экзамен” на гатоўнасць да новага 2023/2024 навучальнага года. 9 і 10 жніўня ўстановы адукацыі раёна наведалі дзве прыёмныя камісіі.
Адну з камісій узначальвае начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч. Разам з ёй і іншымі членамі камісіі адправіўся па навучальных установах і журналіст газеты “Полымя”.
Першым аб’ектам аб’езду групы становіцца ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна”. Дырэктар Наталля Бурак распавядае, што сёлета быў выкананы вялікі аб’ём работы: адрамантаваны дах, заменена плітка ў двух санвузлах і пакладзена на ганку школы, зроблены касметычны рамонт кабінетаў, спартыўнай залы, калідораў, пафарбавана падлога.
Члены камісіі адпраўляюцца на абход школы. Не прапускаюць ні адзін кабінет, зазіраюць у падсобныя памяшканні, спартзалу і сталовую.
Ірына Валер’еўна станоўча адзначае работу тэхнічнага персаналу і заклікае арганізавацца педагагічных работнікаў.
Здаецца, усе работы выкананы, аднак яшчэ ёсць над чым папрацаваць: камісія выявіла некалькі невялікіх недапрацовак. Улічваючы, што на календары пачатак жніўня, небагата часу на ліквідацыю ёсць.
Камісія тым часам пераязджае ў сярэднюю школу № 1 г.п. Карэлічы. Адміністрацыя школы на чале з дырэктарам Аленай Вярбіцкай сустракае правяраючых у двары школы і адразу пачынае распавядаць, што работы па мадэрнізацыі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, рамонце кабінета працы яшчэ працягваюцца, але хутка ўсё будзе зроблена. Праходзім па нязвыкла ціхіх і пустых школьных калідорах, аглядаем чыстыя і ўжо гатовыя сустрэць дзяцей класы. Члены камісіі са станоўчага боку адзначаюць якаснае абнаўленне кабінета рускай мовы, кветнікі і метадычную напаўняльнасць кабінетаў.
Тым часам камісія накіроўваецца ў СШ № 2 райцэнтра. Гэта ўстанова ўжо на працягу многіх гадоў славіцца азеляненнем і з густам аформленымі клумбамі. Сёлета да навучальнага года тут быў выкананы вялікі аб’ём работ: рамонт вентыляцыі ў харчаблоку, пакладзена плітка ў фае, на ганку, зняты лінолеум і пафарбавана падлога на калідоры першага паверха, праведзены работы і на спартыўнай пляцоўцы.
У гэты дзень камісія таксама наведалася ў дзіцячыя садкі №1 і № 2 райцэнтра, дзе супрацоўнікі сур’ёзна паставіліся да падрыхтоўкі да новага навучальнага года і выправілі ўсе ранейшыя прадпісанні.
Усяго дзвюма міжведамаснымі камісіямі была наведана 21 установа адукацыі раёна. Усе аб’екты практычна гатовы да пачатку навучальнага года. Правяралася ўсё: стан навучальных кабінетаў, аснашчэнне харчаблокаў сучасным тэхналагічным абсталяваннем, надворнае абсталяванне, база спартыўных залаў і стадыёнаў, добраўпарадкаванне і азеляненне прылеглай тэрыторыі. Стварэнне бяспечных, камфортных і здароўезберагальных умоў ва ўстановах адукацыі — асноўная задача, якую ставіць перад сабой кожны кіраўнік.
На пасяджэнні з удзелам кіраўнікоў устаноў адукацыі падчас сваіх справаздач кіраўнікі рабочых камісій расказалі прысутным аб гатоўнасці ўстаноў да навучальнага года. Начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч адзначыла:
— Ва ўсіх школах і дзіцячых садах улетку традыцыйна праводзяцца асобныя віды работ у рамках бягучага рамонту. Асвяжаецца фарба на сценах і столях, афарбоўваецца падлога, абнаўляюцца санвузлы, рамантуюцца дахі і фасады, выконваецца дробны бягучы рамонт. Ні адна школа не застаецца без увагі: выдзяляюцца бюджэтныя сродкі, а таксама выкарыстоўваюцца сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці, розныя віды спонсарскай дапамогі, у тым ліку грошы папячыцельскага савета.
Па словах Ірыны Валер’еўны, на першае верасня новага вучэбнага года будзе функцыянаваць 21 установа адукацыі. Паволе папярэдняга падліку, сёлета ў раёне будзе навучацца 1548 вучняў і 417 дашкольнікаў. Для правядзення рамонтных работ ва ўстановах адукацыі сёлета выдаткавана каля 120 тыс. рублёў. На падрыхтоўку аўтобусаў для падвозу вучняў затрачана 8300 рублёў. Акрамя фарбы, цэменту, у будынку былога раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі на суму больш за 66 тыс. рублёў устаноўлены ўнутраныя санвузлы. Дарэчы, сёлета гэты будынак перайшоў на баланс СШ № 2 г.п. Карэлічы, дзе будуць праводзіцца факультатыўныя заняткі і мерапрыемствы ў актавай зале. На мадэрнізацыю аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі ў СШ № 1 райцэнтра зрасходавана 48 тыс. рублёў. Таксама да новага навучальнага года набыты тры адзінкі халадзільнага і дзве тэхналагічнага абсталявання, у стадыі набыцця пасудамыйная машына за 12 тыс. рублёў і электрапліта за 4700 рублёў. Для падвозу вучняў будзе задзейнічана 11 аўтобусаў, якія будуць абслугоўваць 411 вучняў. Плануецца, што ў пачатку навучальнага года СШ № 2 райцэнтра атрымае новы аўтобус. А той, што працаваў раней, згодна з патрабаваннямі будзе рэзервовым.
Гатоўнасць харчовых блокаў да новага навучальнага года, нормы СанПіНа па асвятленні класных пакояў агучыла намеснік галоўнага ўрача ДУ “Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Валянціна Бузюк.
— Калектывы аднесліся да правядзення добраўпарадкавання сумленна, зроблена вялікая работа, — такую ацэнку даў падрыхтоўцы спартыўнай базы ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Галушка.
Па выніках прыёмкі сертыфікаты гатоўнасці атрымалі 20 устаноў адукацыі раёна. СШ № 1 г.п. Карэлічы такі дакумент атрымала 15 жніўня пасля праверкі пуска-наладачных работ аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара