20 августа — День военно-воздушных сил. Рассказываем о кореличчанине Иване Гимпеле, который учится на авиационном факультете Военной академии Беларуси
Штогод у трэцюю нядзелю жніўня ў Беларусі адзначаюць Дзень ваенна-паветраных сіл. У гэты дзень прымаюць віншаванні рыцары неба, тыя, хто ахоўвае паветраную прастору нашай Радзімы.
Іван Гімпель з агр. Турэц Карэліцкага раёна з дзявятага класа вырашыў, што стане ваенным. З гэтага ўзросту юнак стаў узмоцнена рыхтавацца да паступлення і дасягнуў сваёй мэты — стаў курсантам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «інжынер па экплуатацыі радыётэхнічных сістэм».
— Спачатку было цяжка, — прызнаецца Іван. — Тут строгая дысцыпліна, было складана адаптавацца пасля бацькоўскага дома.
Аднак цяпер у акадэміі юнаку падабаецца. Будучы афіцэр прадстаўляе сваю ўстанову адукацыі на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, футболе і валейболе. Малады чалавек вельмі рады, што ў яго атрымалася стаць курсантам акадэміі, дзе кожны выкладчык, кожны афіцэр уносіць сваю лепту ў фарміраванне і развіццё юнака.
— Гэта гонар — насіць форму, пагоны, — кажа Іван. — Прадстаўляць сваю краіну, абараняць яе.
Завоблачных мараў у юнака няма. Галоўнае, чаго цяпер жадае малады чалавек, — служыць Радзіме і расці ў званні, стварыць сям’ю і развіваць свае лепшыя якасці.
Сяргей СТОЛЯР
Фота з архіва І. Гімпеля