Как проходит вторичная занятость школьников в Кореличском районе
Усё больш навучэнцаў школ у перыяд летніх канікул імкнуцца знайсці часовую працу, каб менш залежаць ад бацькоўскага бюджэту. Дзяржава ў сваю чаргу зацікаўлена ў забеспячэнні моладзі працоўнай занятасцю, бо гэта зніжае сацыяльныя рызыкі і дае магчымасць маладым людзям набыць першыя працоўныя навыкі.
Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама штогод арганізуе ў вольны ад вучобы час часовую працоўную занятасць моладзі, якая навучаецца ва ўстановах адукацыі. Фінансуецца такая занятасць за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. На дадзены момант другаснай занятасцю ў раёне занята 27 навучэнцаў устаноў адукацыі. Моладзь працуе на базе СШ №2 г.п. Карэлічы, дзіцячых садоў №1 і №2 г.п. Карэлічы, Карэліцкай раённай бібліятэкі, сярэдніх школ г.п. Мір, Жухавічах і Турэцы. Усе працуюць афіцыйна і ў строгай адпаведнасці з нормамі заканадаўства, якое рэгулюе і час працы, і ўмовы.
– Дзеці працуюць з задавальненнем, стараюцца, нікога не трэба прымушаць або падганяць. Такая праца – гэта добрая магчымасць для вучняў зарабіць свае першыя грошы і атрымаць працоўныя навыкі, – лічыць кіраўнік часовай працоўнай занятасці непаўналетніх бібліятэкар СШ №2 райцэнтра Алена Аўдакушына. – Важна і тое, што ў летні час яны занятыя, больш цэняць працу, беражліва захоўваюць тое, што створана ў школе. Для вучняў гэта карысны вопыт. Яны вучацца працаваць у камандзе, узаемадзейнічаць, адказваць за якасць выкананай работы. Калі дзеці рамантуюць падручнікі, падшываюцць газеты і часопісы ці займаюцца нейкай іншай справай, потым змяняецца іх стаўленне і да таго, што зроблена іншымі людзьмі.
Працоўны дзень у будучых дзевяцікласнікаў пачынаецца ў 9 гадзін раніцы. У брыгадзе пяць вучняў – усе працуюць старанна, дружна, таму і справа ладзіцца.
– Разам весела і нескладана, нам вельмі падабаецца, – падзяліліся Дар’я Урбановіч і Дар’я Кадуцкая, – рамантуем кнігі, складаем камплекты падручнікаў, дапамагаем рэгістраваць новыя кнігі і яшчэ шмат чаго. Калі стаміліся, можам і адпачыць, так што праца толькі ў радасць. Лепш правесці лета з карысцю і зарабіць грошы, чым праседзець у гаджэтах.
Падзялілася сваімі ўражаннямі аб першым працоўным вопыце і вучаніца 11 класа СШ №1 Валерыя Шпакоўская, якая працуе ў дзіцячым садку №1 райцэнтра.– Мне прапанавалі папрацаваць падсобным рабочым, і я згадзілася. Люблю дзяцей, а цяпер яшчэ і добра ўсвядоміла, што прафесія нялёгкая. Пастаянны пошук чагосьці новага, гэта творчы падыход і новыя адкрыцці. І каб быць патрэбнай і карыснай дзецям, неабходна пастаянна ўдасканальвацца самой, крочыць у нагу з новымі тэхналогіямі. Таму думаю, што гэта карысны своеасаблівы вопыт, які дапаможа мне ў будучым вызначыцца з прафесіяй, ну і ні для каго не сакрэт, што гэта яшчэ асабістая матэрыяльная падтрымка.
Будучы адзінаццацікласнік СШ №1 Яўген Ардзюк аддаў перавагу працы ў дзіцячым садзе №2 г. п. Карэлічы. Работу падсобнага рабочага выконвае з добрым настроем і энтузіязмам.
– Адпачыць з карысцю, папрацаваць дзесяць дзён і зарабіць асабістыя грошы – гэта цудоўна, – лічыць юнак.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара