6 ліпеня ў храм святой вялікапакутніцы Варвары агр. Райца была дастаўлена з гары Афон цудатворная ікона “Усецарыца”. Чаму менавіта ў Райцу і чаму менавіта “Усецарыца”?

 

Пад покрывам Маці Божай

– Ну скажыце, калі ласка, ці можа быць месца дзе прыгажэйшае, чым тое, дзе я жыву? – пытаецца айцец Аляксей, звяртаючыся да прыхаджан і прыязджан, што наведваюць храм, не патрабуючы на сваё пытанне адказу. – Раніцою выйду на ганачак хаты – у паветры водар кветак, птушкі на розныя галасы заліваюцца, а перад вачыма – вежы велічнай царквы святой вялікапакутніцы Варвары. “Маці Божая Райчанская! Вітаю Цябе, Каралева Неба і Зямлі! Жадаю Тваёй апекі на дзень сённяшні”, – прамаўляю да свае Нябеснай Апякункі. І так кожны Божы дзянёк, раніцою і ўвечары. Дзякую Богу, што менавіта сюды накіравалі мяне на служэнне! Як аказалася, менавіта адсюль ідуць і мае карані па матчынай лініі. А ўсё магло б быць зусім па-іншаму…

Лініі лёсу

Замуж Валя выйшла рана, толькі 18 стукнула. Ды й не дзіва: муж прыгожы, чарнявы хлопец з пакручастым чубам. Пазнаёміліся на танцах у Валеўцы. Ён – сталы хлопец, які ўжо паспеў адслужыць тэрміновую вайсковую службу, вельмі любіў жартаваць. Прыглянулася яму спрытная весялуха Валька, нічога, што мала яшчэ гадкоў. Падрасце. Запрасіў на адзін з танцаў, затым правёў дадому, так і страчаліся амаль год. Прыкіпела сэрца да дзяўчыны, ды і яна, відаць, не супраць, каб быць разам, але як адважыцца зрабіць прызнанне, хлопец не ведаў. Неяк выпіў для смеласці крыху і кажа: “Ведаеш, Валя, я цябе кахаю, выходзь за мяне замуж”. І ўзрадавалася, і разгубілася дзяўчына, а што адказаць, толкам і не ведае. Па-свойму ўспрыняў гэтую паўзу хлопец і кажа: “Ты не слухай, што я тут табе бАю, я ж п’яны магу многа нагаварыць…” Праз пару дзён гаворка аднавілася на цвярозую галаву, так, як і патрэбна на самой справе. Валя, канешне ж, дала згоду. Перад самым вяселлем сніцца Валі сон, што сустрэла яна сваю пакойную бабулю Стэпку. Вельмі любіла дзяўчына яе пры жыцці, таму хацела падбегчы і падзяліцца з ею сваёй дзявочай радасцю, але пачула: “Не падыходзь да мяне, бо ты мяне пакрыўдзіла…” Прачнулася Валя і давай думаць: чым яна магла пакрыўдзіць любімую бабулю. Узгадала, што тая была вельмі набожная, малітоўная і перад смерцю наказала ўнучцы, каб тая абавязкова павянчалася з будучым мужам. Аб сваім рашэнні вянчацца сказала жаніху і бацькам. Радыя былі ўсе за маладых, але тое вянчанне надоўга запомнілася ў наваколлі, бо былі яны камсамольцамі і “не прыстала ім верыць у нейкага Бога”. Дзеля перасцярогі іх шлюб не запісвалі ў царкоўную кнігу, але такая навіна даходзіць хутка. Валя ўжо была цяжарная, калі прыехалі з абласнога радыё браць інтэрв’ю і сарамаціць за такую правіну. Калі ж прыйшлі да маладога мужа, то той змог аджартавацца, сказаўшы, што павянчаўся, бо цешча абяцала купіць “Жыгулі”. “А купіла?» – пытаюць. – «А дзе яна дзенецца, абяцала ж…” Скончылася “вялікая трагедыя” тым, што маладажонаў выключылі з камсамола… Але жыццё на гэтым не спынілася.

Не паспелі як след пажыць для сябе (так сёння прынята гаварыць), як нарадзілася дачушка, а ў хуткім часе і сынок з’явіўся, Алёшка. Тут і радасць, і бязмерная трывога, бо, нарадзіўся раней часу: медыкі сказалі, што не праслухоўваецца сэрца, таму на сёмым месяцы выклікалі роды. Хлопчык быў вельмі ж кволенькі і маленькі, пазногці яшчэ не сфармаваліся, адно лёгкае было не раскрыта зусім: надзеі на выжыванне амаль не было. Глядзела Валя на сына скрозь слёзы і не ведала, як нават узяць яго на рукі, бо памяшчалася немаўлятка ў яе худзенькую далонь. Штодзённыя кропельніцы ў маленькую галоўку, спыненне сэрца, двухбаковае запаленне лёгкіх у двухтыднёвым узросце… Чаго было чакаць маладой маці, на што спадзявацца? Усякія думкі хадзілі ў галаве жанчыны, а яна толькі ціхенька плакала, гледзячы на спакутаванае цельца. У такім бязважкім стане яе аднойчы заўважыў загадчык дзіцячага аддзялення ў Навагрудскай бальніцы Конюх Георгій Пятровіч, мужчына сталага веку. Падышоў, пакруціў галавою і сказаў: “Не хвалюйся, маці, і не плач: выкарабкаецца твой сынок, ты яшчэ будзеш ім ганарыцца!” З недаверам усміхнулася жанчына: ад лёсу свайго нікуды не дзенешся. (Забягаючы наперад, скажу, што хлопчык выжыў, адужаў свае хваробы. Пасля а. Лазар, старац Лаўрышаўскага манастыра, скажа, што выжыў таму, што бацькі былі павенчанымі). Калі сыну споўнілася два месяцы і з’явілася хоць якая надзея, раптам памірае яе маці – падтрымка яе і апора. І такі сум агарнуў жанчыну, але не прыстала ёй адчайвацца, бо характарам была ўпёртая, працавітая. На руках засталіся не толькі свае дзеці, а і малодшыя браты, якіх вымушана была забраць да сябе (жылі маладыя асобна ад бацькоў і пачалі будавацца). Адзін з братоў заканчваў школу, а другі хадзіў у 5 клас. Бацька ў хуткім часе прывёў мачаху, таму ўсе клопаты па выхаванні братоў Валя з мужам узялі на сябе. Жылі бедна, ды і адкуль багаццю ўзяцца: столькі едакоў за сталом. Але між сабою жылі зладжана, у згодзе і любові ды ў цяжкай працы.

Да каго прыгарнуцца,

з кім падзяліцца журбою,

страхам сваім чалавечым?

Лёшка выжыў, акрэп. Але, як і ўсе дзеці, быў няўрымслівым, цікаўным, а часамі і вельмі шкодным. Калі падрос, стаў задаваць філасофскія пытанні, а ў хуткім часе пачаў наведваць Нядзельную школу пры праваслаўным сястрынстве. Крыху  пазней ужо стаў прыслужваць, дапамагаць у храме Кірыла і Мяфодзія ў Навагрудку. Паступова хлопчык знаёміўся з асновамі праваслаўнай веры. Уражанні з дзяцінства, якія з цягам часу ўзмацняліся разуменнем, што Бог – гэта дабрыня і любоў, пакінулі свой след. Вернікі расказвалі пра ласкі і даброты, якія яны атрымліваюць, дзякуючы шчырым малітвам да Маці Божай, і таму пераадольваюць вялікія жыццёвыя цяжкасці з лёгкасцю. Трапяткое пачуццё даверу да Багародзіцы і Яе Сына, Ісуса Хрыста, з гадамі даспявала і ў сэрцы юнага Аляксея.

Недзе ў двухтысячных, калі хлопчыку было 12 год, а маці не было яшчэ і 32-ух, жанчына занядужала. Выклікалі хуткую, завезлі ў бальніцу. Пасля невялікага абследавання вырашылі, што патрэбна кансультацыя больш спецыялізаваных медыкаў. Праз знаёмых дамовіліся на абследаванне ў Бараўлянах. Паехала туды і прабыла роўна тыдзень у анкалагічным цэнтры. Убачыла людзей, якія трапляюць у цэнтр і ўсё зразумела… Адчуўшы невылечную хваробу, яна заплакала, але не ад таго, што захварэла сама. Сэрцам яна адчула, што пагінуць дзеці. Яна ў гарачцы клікала дапамогу не да сябе, да дзяцей.

На выхадныя Валя прыехала дадому, каб папярэдзіць родных і сабрацца на больш працяглы час лячэння. Доўга думала, як сказаць мужу. Пра дзяцей і гаворкі не было: не павінны яны ведаць пра яе бяду.

Познім вечарам Лёша выйшаў на надворак і глядзеў у маўклівае зорнае неба… Малы-дарослы чалавек пільна ўглядаўся ў прасторныя нябёсы, углядаўся да тае пары, пакуль не пачуў голас сваёй маці, якая гутарыла з бацькам: “Юра, у мяне – РАК!” …Ценькая аблачынка разгубленасці накрыла хлопчыка ў адно імгненне ад пачутага. Ён ужо разумеў, што  рак – дыягназ, які мог абазначыць канцавы прыпынак жыцця маці. Нібы гром з яснага неба: мамы ў мяне больш не будзе, мамы, якая “вачыма, святымі ад слёз, у Бога выпрасіла мой лёс”… Ад такой думкі хлопчык, здавалася, праваліўся ў студню адчаю. І ў той студні не было дна. Узгадалася, як матуля расказвала пра сваё жыццё з мачахай і слёзы самі пакаціліся з вачэй. Прыйшоўшы ў свой пакой, хлопчык доўга думаў. З аднаго боку проста да болю ў сэрцы яму хацелася выгаварыцца каму-небудзь блізкаму, надзейнаму, выплюхнуць усё, што займала галаву, ачысціць душу; з іншага было страшна – нават дзядзькам ці сястры баяўся распавесці тайну падслуханай гаворкі. Перамагла думка, што тайна не яго, а бацькоў і ён проста не мае на яе права. Тым больш, што  ніхто не ведае, што ён выпадкова падслухаў пра страшную навіну. Хай бацькі думаюць, што ён гэтага не чуў. Некалькі гадзін пакутлівых роздумаў ні да чаго не прывялі – толькі выпілі рэшту сілаў і хлопчык у чарговы раз заснуў.

Ноччу яму снілася тое падзенне: у сне ён адчайна хапляўся за сценкі студні, здзіраючы да крыві пальцы, ломячы пазногці, спрабаваў замарудзіць падзенне – і прачынаўся ад болю і бездапаможнасці. Уткнуўшыся ў мокрую ад слёз падушку, ператасоўваў свае думкі-развагі, што  выбар ёсць заўжды. Нават у асуджанага на смерць чалавека, якога вядуць на расстрэл, ёсць выбар. Выбар – з якім настроем туды ісці.  Са злосцю і крыўдай, з дараваннем ці з надзеяй. Ужо засынаючы, Лёша страпянуўся. І раптам думка: а як жа Маці Божая змагла моўчкі перанесці ў сваім сэрцы боль, стоячы пад крыжам, на якім распіналі Яе сына? Здалося, што Багародзіца  хоча падтрымаць, позірк Яе вачэй не халодны, прысутны. Хлопчык пачынае разумець, што пакутаваць трэба не лямантуючы… Правальваючыся ў трывожны сон, Лёша зразумеў, што ў яго выбары – яго выратаванне, і маміна. Зразумеў, што нарэшце зрабіў свой  свядомы выбар. І перастаў падаць у студню. Прыпыніўся. Падняў галаву і ўбачыў неба. І прамяні сонца, якія дацягнуліся да яго ў студні.

Пачуй нас, Божа, бо словамі ціхай малітвы грукаемся ў неба

Нядзеля наступнага дня, здавалася, была падобнай на папярэднія. Лёша з цяжкасцю расплюшчыў вочы, калі маці асцярожна паклікала на сняданак. Валя выцягнула з печы талерку аладачак у смятане, беленькіх і пульхных, і паставіла на стол. Яшчэ раз гукнула дзяцей да стала. Ёй хацелася абняць Ленку, Лёшку, абняць усіх, але яна, стрымліваючы сябе, усё завіхалася, каб не выдаць родным свой неспакой. Лёшку, на дзіва, прасіць доўга не трэба было. Прыцмокваючы і аблізваючыся, ён умінаў аладачкі адну за адной. Набіўшы поўны рот смачных аладачак, хлопчык усё нешта расказваў, шамкаючы ротам, быццам спяшаўся спазніцца.

Ён еў і гаварыў, а Валя сядзела на лаве і, схіліўшы набок галаву, хісталася паціху. Яна глядзела на сына, дачку, але думкі яе былі вельмі далёка.

Лёшка пакінуў есці толькі тады, калі на яго глянула дно талеркі.

— Я пабягу,— сказаў ён. – Сёння ж Нядзельная школа.

Валя правяла яго да дзвярэй, затым  вярнулася ў хату і села на лаву. Яна засталася сам-насам са сваімі думкамі. Яна глядзела ў акно, а з гародчыка ў хату глядзела на Валю чырвоная рабіна. Рабіна хіліла да долу свае абцяжараныя пладамі голлі. Клён па адным губляў жоўтыя лісты. У небе свяціла сонца і плыло срабрыстае павуцінне. У сініх і бяскрайніх прасторах цягнуліся качкі, ляцелі гусі. Непрыкметна бег час. Падумалася: а куды ляцяць гусі? А якімі шляхамі ўецца чалавечы лёс?.. Разгубленасць на твары… Дзе знайсці выйсце? І раптам нібы схамянулася ад трывожнай думкі, бо сына доўга не было з заняткаў. Ніколі не было такога спазнення. Жанчына выйшла на вуліцу, паглядзела ўдалячынь – пуста. Як заўжды, нейкае дурноцце лезла ў галаву, але яна адганяла ад сябе пустое. Сын з’явіўся нечакана, нібы з-пад зямлі вырас.

— Сыночак!.. — уся забыўшыся ад радасці, паўтарала Валя,— хадзі ж хутчэй у хату, хадзі, мілы мой…

Яна схапіла Лёшку за руку і амаль уподбежкі пацягнула яго ў хату. Нервова пасадзіла хлопчыка на лаву. Яна стала перад ім, усёй сваёй постаццю выяўляючы нецярплівасць і хваляванне. На твары ў яе з’яўляліся то радасць, то непакой, то трывога, гэтыя пачуцці чаргаваліся, знаходзілі адбітак на яе блёклым твары. Яна адчувала, што здарылася нешта неардынарнае, бо сын неяк па-даросламу паглядваў на маці.

— Кажы хутчэй, Лёшка! Што здарылася?

Лёшка, адчуваючы ўсю важнасць моманту, не марудзіў, хуценька нырнуў у сваю сумку і дастаў адтуль лёгенькі блакітны лісток, вырваны, відаць, з вучнёўскага сшытка ў клетачку.

— Во,— падаў ён лісток Валі і ўмольна зірнуў на маці. Тая міжвольна выхапіла ліст з Лёшкавых рук, разгарнула. Углядаючыся ў тое, што было на паперы, яна на хвіліну змоўкла і, хапаючы на поўныя грудзі паветра, павярнулася тварам да сына. З хвіліну яны стаялі так, без аніводнага гуку, нікому не хацелася парушаць цішыню. Маці глядзела на сына з удзячнай пяшчотай, а ён – з надзеяй і ўпэўненасцю, што надыдзе не адна  ноч,  а ён доўга яшчэ будзе слухаць яе дыханне – лепшую сімфонію любві. Хлопец праглынуў ком у горле і адкрыў сасмяглыя вусны: “Вяртайся хутчэй, мама! Маліся Яму! Ты ж ведаеш малітву “Ойча наш”…, яна дапаможа, выведзе і выратуе!” На блакітным лісточку няўмелай дрыготкай рукой звычайным алоўкам была напісана ікона Ісуса Хрыста. Мама паклала сыну на галаву сваю далонь. Дзіўна, але гэты дотык супакоіў хлопчыка, нібы матуліна рука піла боль з галавы, піла і выпівала да кроплі. Яна гладзіла валасы далонню і штосьці шаптала аднымі вуснамі. Лешка пачуў толькі канцоўку: “Дзякуй, Госпадзі, за яшчэ адзін пражыты дзень. Заўтра нас чакае новы”.

Нахілі, Госпадзе, вуха Сваё,

і пачуй мяне…

Чалавек здольны мірыцца з тым, чаго нельга вярнуць. Цяпер яна радавалася ўжо толькі таму, што  кожны дзень мела магчымасць бачыць сонца і людзей, што адчувала боль і магла з удзячнасцю сказаць: “Дзякую, Усявышні, Табе за кожную лішнюю хвілю, за кожную зморшчыну на ілбе, за сілу й за бяссілле”. Яна зразумела, што Бог даў ёй шанец знайсці сябе і сваё жыццё ў большым — Божым — свеце. Мала-памалу вастрыня ўсяго перажытага згладжвалася напластаваннямі новых падзей. Знаходзячыся ў анкалагічным цэнтры, Валя пастаянна стала наведваць мясцовы храм. У палаце малілася штодня, гледзячы на іконку, напісаную з любоўю яе сынам. Пераасэнсавала-перагледзела ўсё сваё жыццё: пагадзілася, што і напорысты характар свой трэба стрымаць, узгадала, што ёй вечна не стае часу, каб да нядзелькі памыць бялізну ці прыбраць у хаце, а самой пайсці ды памаліцца… Дала зарок перад Богам, што абавязкова зменіцца, будзе хадзіць у храм і дзякаваць Усявышняму, толькі б вярнуць здароўе… Прапанавалі ў якасці эксперыменту ўколы хіміятэрапіі – пагадзілася. Выконвала ўсе медыцынскія прадпісанні. Назіралася ў анкалагічным цэнтры амаль 5 год. Як вынік – пухліна перастала расці, застыла на месцы. Праглядваючы чарговыя яе здымкі, доктар здзіўлена ўзняў бровы, пасля ўсміхнуўся і сказаў: “Відаць, Вы паспелі зрабіць штосьці вельмі добрае, што Бог не дапусціў Вас так дачасна пакінуць гэты свет”. Цёпла ўсміхнуўшыся, Валя адказала не адразу: “Дзякуй Богу за ўсё! Дзівосныя справы Твае, Госпадзі!”

Ужо едучы дадому, міжволі ўзгадвала, як пасля невялікага “паляпшэння” аднойчы прыехала дамоў, а там – гара бялізны дзіцячай, дарослай. Што рабіць — трэба мыць. Нагрэла вады, пазбірала ўсё чыста, але раптам стала так млосна, што пацямнела ўваччу. У думках праляцела: “Сёння ж нядзеля… Я ж абяцала…” Адклала ўсе дамашнія турботы на будзённы дзень. Але прайшло колькі часу і ў адзін з асенніх дзён, калі толькі пачалася копка бульбы (якраз было нейкае свята царкоўнае), сабралася дапамагчы суседцы. На вялікі ўздзіў — у яе аднялася рука. “Вось табе навука, Валя, — падумала жанчына. — Абяцала Богу – трэба трымацца слова свайго. Бо Бог літасцівы, але да пары…”

Прызнанне

З той пары сплыло многа вады. Увесь гэты час дома штодня маліўся за яе здароўе сынок Алёшка, кожны тыдзень наведваў набажэнствы і падаваў запіскі. Святар дазваляў яму нават грошай не плаціць. Верыў хлопчык у сілу малітвы і спадзяваўся на маміна выздараўленне. Недзе на адрэзку матулінай хваробы пайшоў з жыцця бацька. Згарэў ад анкалогіі за адзін год. Было яму толькі 47 гадоў. К таму часу і Лёша вырас, вывучыўся на святара, сабраўся жаніцца. Прадбачыў бацька скоры свой сыход, але перад смерцю даў дамашнім наказ-бласлаўленне: вяселле мусіць быць. І як ні мянялі даты, як ні круцілі, яно адбылося менавіта тады, на калі і было задумана першапачаткова. Ужо будучы дарослым, прызнаўся сын матулі, што даўно ведаў пра яе хваробу, ведаў, маліўся і верыў. Светлымі дажджынкамі пацяклі па яе шчаках слёзы, калі пачула ад сына:

Бога і Маму ў душы нашУ,

Ступаю па грэшнай зямлі  асцярожна,

Каб толькі не здрыгануць душУ,

Звышняга й Маму не патрывожыць.

Валя працягнула да сына рукі, скупа ўсміхнулася. З яе грудзей вырвалася кароткае: “Ах, сынок!”

Як бы да яе завітаў усемагутны лекар, волат-заступнік. Яна не адпускала сына ад сябе, пакуль усё-ўсё не распытала. Ёй цікава было ведаць любую драбязу з яго жыцця. Адчувалася, што маці вельмі ганарыцца сваім малодшанькім, але выгляду не падае. А сынок усё гаварыў-гаварыў:

— Я за ўсё ўдзячны табе, мама. Ты — жывая вада для мяне, мора духоўнага багацця. Ты мацуеш мяне ў веры, надзеі і любові. Будзь і надалей мудрай дарадцай на жыццёвым шляху. Ты — як знак маёй бяспекі. Ведаеш, мама, ёсць у Грэцыі Святая Гара Афон, дзе вельмі многа манастыроў. У адным з іх знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай “Усецарыца”. Гэтая ікона аказвае асаблівы ўплыў на людзей з анкалагічнымі захворваннямі. Па шчырых малітвах вернікаў вылечваюцца самыя цяжкія хваробы. Ікона ацаляе нават тых, у каго, здавалася б, ужо не засталося ніякага шанцу выжыць. Я так мару, каб набыць спіс з гэтай іконы для свайго прыхода, бо такі свет увесь хворы…

Мара і ява

Настаяцель храма святой Варвары з агр. Райца іерэй Аляксей па літасці Божай атрымаў неверагоднай сілы Благадаць і здзейсніў паломніцкую паездку на Афон. Сваімі ўражаннямі ад паездкі бацюшка падзяліўся з намі.

На грэчаскім паўвостраве, дзе размешчана гара, знаходзіцца больш дваццаці манастыроў. Самы старажытны быў пабудаваны ў 963 годзе, а самы позні – у 1542 годзе. Асобам жаночага полу ўваход на гару забаронены, паколькі ўвайсці сюды можа толькі Багародзіца. А мужчынам варта атрымаць спецыяльны дазвол. І яны абавязкова павінны быць хрысціянамі любой канфесіі.

Перш за ўсё, Афон — не гара, на якой жывуць святыя, святой з’яўляецца сама гэтая гара. Усіх, хто прыязджае сюды, уражвае яе дзівосная прыгажосць: скалістыя схілы на марскім узбярэжжы, яе кветкі і дрэвы, разнастайная фаўна і, вядома, велізарная трохкутная вяршыня, якая ўзвышаецца над Паўднёвым ускрайкам Афонскага паўвострава. Чалавеку, які верыць у Бога, такая прыгажосць – сведчанне Божай прысутнасці. Святая гара нібы памежная тэрыторыя паміж небам і зямлёй. Жывы голас на гары Афон чуецца рэдка; паўсюль ціха і маўкліва.

Трэба сказаць, што Афон з’яўляецца на самой справе ўсеправаслаўным месцам не толькі для грэкаў, але і для рускіх, грузін, сербаў, балгар, румын. У кожным манастыры знаходзяцца вядомыя свету цудатворныя іконы, мошчы святых, найвялікшыя рэліквіі. Адметнай асаблівасцю манашаскага служэння тут з’яўляецца ветлівасць. Расхінаючы дзверы сваіх манастыроў перад паломнікамі і іншымі наведвальнікамі, манахі спрабуюць дастукацца да тых, хто  далёкі ад Царквы, пазбаўлены зносін з ёй. Нават калі на Афон прыязджаюць людзі, зусім далёкія ад веры, а дзеля цікаўнасці, кожнага госця трэба “прымаць як самога Хрыста”. І традыцыі Святой гары пацвярджаюць гэта. Таму мы і не былі здзіўлены, што а. Аляксею ўдалося трапіць з рускага манастыра на супрацьлеглы бераг паўвострава, туды, дзе знаходзілася “Усецарыца”.

Прыкланіўшы калені і малітоўна ўзняўшы рукі, бацюшка славіў Госпада за тое, што Ён даў такую магчымасць быць на Святой гары, што яго асабісты лёс склаўся дзякуючы Яе заступніцтву перад Усявышнім. Калі ж ікону ўсклалі з малітвай над яго галавой, неймавернае адчуванне прысутнасці Самой Багародзіцы адчувалася ў душы святара.

Пазней а. Аляксей падзеліцца, што калі сам дакранаешся да бяды, то разумееш, як цяжка іншым. А дапамагчы ты не можаш нічым, толькі малітваю.

Спіс іконы “Усецарыца” – дакладны і ў выглядзе, і ў памеры, як і той, што на Афоне, таму мае такую ж сілу, як і арыгінал. Абраз быў пранесены па ўсіх 20 манастырах Святой гары, прыкладзены да святыняў, у тым ліку да Пояса Прасвятой Багародзіцы.

У Райцы сустракалі дарагую сэрцу Святыню з душэўнай радасцю і хваляваннем ля Праабражэнскага храма. Суправаджаў цудатворную ікону (з благаславення Уладыкі Гурыя) а. Арыстарх, ігумен Лаўрышаўскага манастыра. Крэсным ходам з песнапеннямі суправадзілі “Усецарыцу” да месца Яе пастаяннага пражывання: у храм святой Варвары.

Там адбылася спачатку Літургія, а затым адслужыўся малебен. Кожны з прысутных меў магчымасць прыкласціся да Святыні і памаліцца аб тым, што турбуе сэрца і душу. Углядаюся ў абраз і бачу выяву Божай Маці на Прастоле ў акружэнні двух архангелаў. На каленях Яна трымае Дзіця, паказваючы на Яго правай рукой і як бы гаворачы людзям: “Вось Той, Хто дасць вам палёгку на цяжкім шляху зямнога жыцця”.

Са слязамі на вачах слухалі людзі малітву «Усецарыцы», у якой ёсць вельмі важныя словы пра значэнне нябеснай дапамогі для лекараў і для хворых: “Исцели болящия люди Твоя, о Всемилостивая Царице! Ум и руки врачующих нас благослови, да послужат орудием Всемощного Врача Христа Спаса нашего”.

Сярод натоўпу прысутных стаяла і Валя, якая з удзячнасцю глядзела на сына, пераводзіла позірк на цудатворны абраз і шчыраю малітваю дзякавала за ацаленне:

Колькі дзён Ты мне ні дасі –

Буду ўдзячна і заўтра й сёння,

На зямлі й на небясі

Шчыра ўкленчу святой іконе.

Таіса МУХІНА, агр. Райца