Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока: «Мы яшчэ раз даказалі ўсім, што спорт здольны сабраць і аб’яднаць сапраўдных і верных сяброў»

«Моцны характар — яркая гульня!»— пад гэтым дэвізам на працягу дзесяці дзён у Беларусі праходзілі II Гульні краін СНД.

Удзельнікамі спаборніцтваў сталі атлеты не толькі дзяржаў СНД, але і іншых дружалюбных краін. Відовішчныя паядынкі, новыя рэкорды, незабыўныя ўражанні і эмоцыі — мільёны балельшчыкаў ва ўсім свеце з вялікай цікавасцю сачылі за спартыўнымі баталіямі, якія праходзілі ў дзесяці беларускіх гарадах. Гэты форум без перабольшання можна назваць самай маштабнай падзеяй лета, —  лічыць член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока.

 

Але не толькі спартыўныя вынікі цікавілі шматлікіх замежных гледачоў. У цэнтры ўвагі ў першую чаргу была наша краіна, нашы гарады і наш беларускі народ. Ва ўмовах складанай палітычнай сітуацыі ў свеце, беспрэцэдэнтнага ціску на Беларусь па ўсіх аспектах грамадска-палітычнага жыцця з боку іншых краін, розных міжнародных федэрацый было асабліва важна арганізаваць і правесці Гульні на высокім прафесійным узроўні. І нам гэта ўдалося. Мы яшчэ раз даказалі ўсім, што спорт здольны сабраць і аб’яднаць сапраўдных і верных сяброў і пацвердзіць непарушнасць і сілу спартыўнага братэрства.

«Ах, спорт! Ты — мір! Ты ўсталёўваеш добрыя, дружалюбныя адносіны паміж народамі. Ты — згода. Ты збліжаеш людзей, якія прагнуць адзінства», — так напісаў заснавальнік сучаснага алімпійскага руху, французскі грамадскі дзеяч, педагог П’ер дэ Кубертэн у сваёй «Одзе спорту». Гэтыя словы сёння асабліва актуальныя. І мне шчыра хочацца, каб усе бітвы паміж краінамі адбываліся выключна на спартыўных арэнах і пляцоўках у рамках спартыўных спаборніцтваў і прыносілі зарад толькі пазітыўных эмоцый.

Іна ЛЕЙКА