Последний в Кореличском районе комбайн «Лида-1300» 2005 года выпуска показывает отличные результаты (+видео с высоты)

Аператыўная ўборка ўраджаю без страт — першарадная задача, якая стаіць перад аграрыямі. Кожны, хто працуе ў полі, разумее важнасць сваёй справы. Многае тут залежыць і ад тэхнікі, таму стану жалезных коней надаецца вялікая ўвага.

На полі аддзялення № 1 СВК «Жухавічы» працуе пяць камбайнаў. Сярод іх — адзіная на Карэліччыне “Ліда-1300” 2005 года выпуска. Па тэмпах уборкі бабуля Ліда, як называюць камбайн у гаспадарцы, не саступае замежным стэпавым караблям і сваім больш сучасным суайчыннікам, а іншых нават абыходзіць.

Камбайн серыйна выпускаецца на заводзе “Лідааграпраммаш” з 2000 года. Створаны на базе нямецкага “Case-525Н”, ён мае высокую эканамічнасць і рэнтабельнасць. Цяпер гэта практычна на 100% беларускі камбайн.

За рулём жухавіцкай “Ліды”, якой, дарэчы, споўнілася 18 гадоў, трынаццаты сезон працуе механізатар Сяргей Касцюк. Мужчына кажа, што за гэты час прыкіпеў да камбайна і не згаджаецца мяняць яго.

— Мне прапаноўвалі новыя агрэгаты, і не раз, — кажа Сяргей. — Але сваю «Ліду» я пакуль не хачу пакідаць.

Механізатар кажа, што яму камфортна працаваць на гэтым камбайне. У кабіне даволі ціха, а сам апарат дазваляе ўбіраць ураджай без страт, і збожжа выходзіць вельмі чыстае.

Сяргей распавядае, што ў юнацтве, да арміі, працаваў памочнікам камбайнера, ездзіў у экіпажы са сваім бацькам на новай на той момант “Ніве”. Пасля арміі вярнуўся працаваць у родны калгас. Кажа, што яго “Ліда” — удасканаленая “Ніва”, таму мужчына хутка прывык да яе. Камбайн просты ў кіраванні, надзейны і эфектыўны.

Кожны год у Сяргея і яго “Ліды” высокія намалоты. Мужчына распавядае, што летась не хапіла некалькі дзясяткаў кілаграм да дзвюх тысяч тон. За поспехі на жніве механізатар быў узнагароджаны граматай Прэзідыума Савета Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў на абласных “Дажынках-2022”. У гэтым годзе Сяргей не змяншае тэмпаў. На 8 жніўня мужчына намалаціў 1047,1 тоны.

— Працую як і ўсе, — усміхаючыся кажа механізатар. — Імкнуся падтрымліваць камбайн такім, як ім ён прыйшоў з завода. Калі раптам нешта ламаецца — выпраўляю сам, сваімі рукамі. Але такое нячаста здараецца, камбайн надзейны. Важна беражліва ставіцца да тэхнікі, тады і паломак менш будзе. Так што мы з  маёй бабуляй Лідай яшчэ паваюем.

Аб Сяргею ў гаспадарцы адклікаюцца няйначай як пра чалавека з залатымі рукамі. Ураджай збірае без страт, поўныя бункеры набірае хутчэй, чым калегі на больш магутных камбайнах.

— Калі такіх механізатараў у гаспадарцы будзе больш, наогул праблем ніякіх не будзе, — кажа кіраўнік аддзялення № 1 СВК “Жухавічы” Валерый Грамыка. — Рабацяга, якіх пашукаць. Добрасумленны, адказны. Якую працу не даручыш, выконвае ўсё, ніякіх пытанняў няма. Калі нешта не ведае, не саромеецца спытаць у больш вопытных калег.

У тэму:

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр ЛУКАШЭНКА звярнуў увагу на забеспячэнне захаванасці дарагой тэхнікі. Напрыклад, камбайны ў лепшых гаспадарках працуюць і да 20 гадоў. Таму Прэзідэнт арыентуе хоць бы на тэрмін у 15 гадоў. «Але не 10! Па тэхніцы будзем весці гаворку аб службе камбайнаў і энерганасычаных трактароў 15 гадоў. Не менш», — падкрэсліў беларускі лідар падчас наведвання ААТ «Жураўлінае» ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці 19 жніўня 2022 года.

Сяргей СТОЛЯР

Фота і відэа аўтара