Начальник отдела образования Кореличского райисполкома Ирина Осташевич: «К началу учебного года каждый ребенок будет обеспечен всем необходимым»

Гатоўнасць  сістэмы адукацыі да новага навучальнага года стала прадметам абмеркавання на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 18 жніўня. Кіраўніка дзяржавы ў першую чаргу цікавілі не агульныя лічбы, як той жа працэнт гатоўнасці школ і іншыя паказчыкі, а шырокі спектр праблемных пытанняў, якія датычацца сферы адукацыі. Аляксандр Рыгоравіч   даручыў  правесці работу над памылкамі ў сістэме.

—  Нарада, праведзеная Прэзідэнтам,  актуальная і карысная.  Кіраўнік дзяржавы акрэсліў тыя праблемныя моманты,   якія існуюць сёння ў сістэме адукацыі, — адзначае начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.

— Зусім хутка пачатак новага навучальнага года. Сёлета ў раёне будзе функцыянаваць 21 установа адукацыі. Паволе папярэдняга падліку,  за парты сядуць  1548 вучняў, з іх упершыню пераступяць школьны парог 129 першакласнікаў. Дашкольныя ўстановы будуць наведваць  449 выхаванцаў.  Усе ўстановы атрымалі сертыфікаты гатоўнасці. Для забеспячэння выканання патрабаванняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы ўстановы  абсталяваны сучаснымі сістэмамі пажаратушэння, сістэмай апавяшчэння і сістэмай аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі. Арганізавана работа па выкананні прапускнога рэжыму.

Для падвозу вучняў задзейнічана 11 аўтобусаў, якія будуць абслугоўваць 411 вучняў. Дарожная тэрыторыя, пад’язныя шляхі да школ  ужо абследаваны супрацоўнікамі ДАІ. На дадзены момант існуе праблема ў абнаўленні дарожных разметак і ўстаноўцы дадатковых дарожных знакаў. Работы ў гэтым накірунку вядуцца па ўсім раёне.

У цэлым  можна  з упэўненасцю сказаць, што да пачатку навучальнага  года кожнае дзіця будзе забяспечана ўсім неабходным для заняткаў у школе, і яны з добрым настроем сустрэнуць Дзень ведаў. Сёлета 215 шматдзетных сям’яў,  у якіх выхоўваецца 473 дзіцяці,  атрымалі  дзярждапамогу ў  памеры 109 рублёў 32 капейкі  на аднаго школьніка для падрыхтоўкі да першага верасня. На прадпрыемствах і ў арганізацыях  па лініі прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў  дапамога да навучальнага года аказваецца  і  малазабяспечаным сем’ям.

Што датычыцца харчавання навучэнцаў, то  ў гэтым годзе  шэсць устаноў адукацыі раёна ўступяць у эксперымент: будуць працаваць па новым меню і  графіку.  У спіс страў у іншых школах таксама  будуць уключаны тыя, якія любяць дзеці: пяльмені, піца, сасіска ў цесце і іншыя.

Асобна Ірына Валер’еўна выказалася аб выніковай атэстацыі, якая праходзіла ў гэтым годзе ў новым фармаце.

— Новаўвядзенні ацэньваю станоўча, бо цэнтралізаваны экзамен апраўдаў сябе і дапамог зменшыць нагрузку на вучняў. Звыш 72% выпускнікоў раёна паступілі ў вышэйшыя навучальныя  ўстановы. Добра спрацавалі па  мэтавых накіраваннях: усяго было выдадзена 14 (шэсць на  педагагічныя спецыяльнасці, пяць —   сілавыя ведамствы, два —   сельская гаспадарка і  адзін —   медыцына), —   адзначыла  начальнік аддзела.

Што тычыцца  арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў новым навучальным годзе, то сёлета  кардынальных змен не чакаецца. Актуальная і важная  па-ранейшаму застаецца  задача  фарміравання гістарычнай памяці маладога пакалення.  Яе рашэнне  непарыўна звязана з грамадзянска-патрыятычным выхаваннем  моладзі на аснове гістарычных традыцый і традыцыйных каштоўнасцяў сучаснай беларускай нацыі.

Асаблівая ўвага  — пытанням кадравага забеспячэння. У гэтым годзе да работы прыступілі  17 маладых  спецыялістаў,  з іх шэсць вучыліся па мэтавых накіраваннях. Раён папоўніўся   васьмю спецыялістамі-дашкольнікамі,  а таксама настаўнікамі замежнай  і беларускай моў, пачатковых класаў і фізкультуры, дэфектолагам. Так, замацаванасць маладых спецыялістаў  у сферы адукацыі сёлета складае звыш 70 працэнтаў.

— Мы прымаем усе неабходныя меры для таго, каб сістэма адукацыі была ў поўным аб’ёме забяспечана ўсімі неабходнымі кадрамі, — запэўніла Ірына Валер’еўна.

Кацярына КУКАНАВА