“Убачыць свет сэрцам”: у Мірскім замку адкрылася новая выстава
17 жніўня ў Мірскім замку адбылося адкрыццё выставы “Убачыць свет сэрцам”. Яна з’яўляецца сумесным праектам музея “Замкавы комплекс “Мір” і “Псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў №1” м. Астрашыцкі Гарадок. На ёй прадстаўлены работы падапечных установы Ерышава Аляксея Андрэевіча і Кныш Ніны Рыгораўны – удзельнікаў майстэрні мастацкай творчасці «Вясёлка ідэй», кіраўніцтва якой ажыццяўляецца інструктарам па працоўнай тэрапіі Лойка Таццянай Вячаславаўнай.
Ва ўмовах дастаткова закрытага соцыума, аўтары работ жывуць у некаторым родзе паралельнай рэальнасці: са сваім распарадкам, тэрапіяй, асабістымі праблемамі. Майстэрня «Вясёлка ідэй», якая працуе на базе дома-інтэрната – гэта месца, дзе ўсе гэтыя ўмоўнасці знікаюць, і кожны чалавек можа стаць мастаком. Таццяна Вячаславаўна адзначае, што для яе, як для кіраўніка, галоўнае стварыць у майстэрні ўтульную сяброўскую атмасферу, дзе кожны можа рэалізаваць свой творчы патэнцыял.
Большасць работ Ніны Рыгораўны выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу. Яна піша цудоўныя нацюрморты і пейзажы. Аляксей Андрэевіч часцей працуе ў жанры партрэта, пейзажа і анімалісткі.
У першую чаргу выстава накіравана на папулярызацыю талентаў падапечных псіханеўралагічнага дома-інтэрната, а таксама прыцягненне ўвагі грамадскасці да іх праблем. Усяго ў выставачнай зале Мірскага замка прадстаўлена 38 работ. Некаторыя з іх могуць здавацца крыху загадкавымі, але ў той жа час цікавымі і неверагодна прыцягальнымі.
Выстава «Убачыць свет сэрцам» будзе працаваць па 11 верасня 2023 г. Гэта ўнікальная магчымасць азнаёміцца з творчасцю падапечных ДУ «Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў № 1», якія бачаць гэты свет сваім сэрцам.
Вераніка Красоўская,
навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”