В г.п. Мир состоялся праздник «Мир-фест»
12 жніўня на цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка Мір адбылося рэгіянальнае гістарычнае свята “MIR-фэст”. Гэтая культурная падзея ўжо па-сапраўднаму стала добрай традыцыяй, якая не першы год радуе мясцовых жыхароў і гасцей цікавай праграмай. Што незвычайнае падрыхтавалі арганізатары мерапрыемства сёлета, на свае вочы ўбачыла карэспандэнт газеты “Полымя”.
Наша Карэліччына, як і ўся Беларусь, мае глыбокія культурныя карані і традыцыі ў песнях, святах і абрадах, народных паданнях, казках і танцах – усё гэта робіць нас адметнымі сярод народаў розных нацыянальнасцей. Сімвалічна, што мерапрыемства такога фармату праводзіцца ў г.п. Мір, які быў цэнтрам многіх гістарычных падзей. Яго гісторыя непарыўна звязана з гісторыяй нашай роднай Беларусі. Мястэчка са старажытных часоў было вядомае на ўвесь свет. Заўсёды тут у згодзе і сяброўстве жылі беларусы і татары, палякі і яўрэі, нават цыганы пачуваліся, як на найлепшым месцы на зямлі.
Старт фестывалю дало тэатралізаванае шэсце “У госці да Радзівіла”. На сцэне па чарзе дыфілявалі прадстаўнікі самага салодкага падворка “Міркія соты” і артысты, якія дапамаглі гледачам пранікнуцца атмасферай традыцый беларускай, татарскай, яўрэйскай і цыганскай культур. Думаю, што такую карціну можна было назіраць шмат гадоў таму, калі ў мястэчку ладзіліся кірмашы. Гледзячы на гэтых людзей, міжволі перасяляешся ў нейкі чароўны і такі далёкі свет.
Яркім працягам дня стала праграма “Гісторыяй адзіны”. Работнікі ўстаноў культуры раёна пазнаёмілі гледачоў з культурай і бытам тых нацыянальнасцей, якія жылі ў Міры на працягу многіх стагоддзяў. Прадстаўнікі кожнай нацыянальнай суполкі выступілі з творчым прывітаннем і правялі вясёлыя нацыянальныя гульні. Самыя актыўныя і спрытныя іх удзельнікі атрымалі прызы.
Падчас правядзення конкурсу “Пір на ўвесь Мір” на суд гледачам і журы беларусы у якасці нацыянальнай стравы прэзентавалі “Рыбку на падушках”, яўрэі – “Яўрэйскі торт”, татары –”Перакачнік мірскі”, цыгане – “Цёплы курнік” , “Мірскія соты” – “Каўбаскі Мірскія ў мядовым соўсе”.
На фестывалі былі арганізаваны падворкі дыяспар, дзе кожны жадаючы змог пазнаёміцца з асаблівасцямі культур народаў: татараў, яўрэяў, цыган і беларусаў. На салодкай пляцоўцы “Мірскія соты” працавала алея майстроў “Пчолка-майстрыха”, кулінарная “Нам тут мёдам намазана” і бібліятэчная “Кніжны рой” платформы. Аматары фотаздымкаў час ад часу спыняліся каля фотазоны “Мядовае сэлфі”.
Супрацоўнікі ўстаноў культуры раёна Кацярына Жамойда і Вольга Ложачнік правялі майстар-клас па народных танцах.
На працягу свята працавалі гандлёвыя і рамесныя рады. Народныя ўмельцы прэзентавалі работы, выкананыя ў розных тэхніках: ткацтва, вышыўка крыжыкам, алмазная мазаіка, жывапіс, а таксама ўпрыгожанні з атласных стужак, вырабы з бяросты, традыцыйныя і сучасныя лялькі, вязаныя цацкі і біжутэрыя.
Нацыянальны фуршэтны стол радаваў сваім багатым асартыментам.
Напрыканцы фэста загадчык ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” Наталля Гароднік выказала словы падзякі ўсім, хто прыняў удзел у мерапрыемстве і ўручыла дыпломы ўдзельнікаў.
Прыгожыя мелодыі і добры настрой гледачам падарылі народны ансамбль песні “Забава”, “Вечарынка” і бард Аляксандр Абадзінскі.
Завяршыў свята вялікі “Мірны карагод”.
Правядзенне мерапрыемстваў такога фармату асабліва важна для глыбокага разумення гісторыі краіны, захавання спадчыны нашых продкаў, умацавання духоўнай сувязі пакаленняў і патрыятычнага выхавання моладзі. Гісторыя – гэта падмурак, без якога немагчыма пабудаваць будучыню. Для развіцця любога мястэчка, горада, дзяржавы ў цэлым вельмі важна захаваць і перадаць нашчадкам свой перажыты досвед і назапашаныя каштоўнасці.
Слова– гасцям
Жыхарка Карэліччыны Святлана Варава адзначае:
– Я прыехала ў Мір з аргагарадка Малюшычы ў госці да сястры. Мы разам прыйшлі на свята. Лічу, што сёння на фэсце кожны меў магчымасць пазнаёміцца з культурай розных народаў, якія пражывалі у г.п. Мір, прыняць удзел у конкурсах, паспрабаваць традыцыйныя нацыянальныя стравы. Цудоўна, што тут былі прадстаўлены не толькі народныя і хрыяціянскія традыцыі, але і сучасныя. Дзякуючы гэтаму народныя святы выклікаюць цікавасць не толькі ў люзей сталага ўзросту, але і ў моладзі, атрымліваюць новае дыханне і працягваюць жыць.
Жыхар Стаўбцоўскага раёна Аляксей Смалянскі падзяліўся:
– Мы з жонкай прыехалі ў г.п.Мір на свята з вёскі Новы Свержань, што на Стаўбцоўшчыне. Я член Ваеннага-навуковага таварыства Рэспублікі Беларусь. Ужо доўгі час займаюся даследчай дзейнасцю і ведаю, што Карэліцкі раён мае багатую гісторычную спадчыну, ён гераічны, партызанскі. Сёння атрымалася цудоўнае свята розных культур і народаў, якія заўсёды жылі ў дружбе і міры. Падабаюцца нацыянальныя падворкі і гасцінныя і ветлівыя іх гаспадары.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара