Удзельнікі цырымоніі ўшанавання герояў Алеі Славы Карэліцкага раёна разважаюць пра важнасць народнага адзінства

Віктар БАР’ЯШ,
кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт,
член таварыства пластычнай, эстэтычнай і рэканструктыўнай хірургіі Рэспублікі Беларусь (ОПРЭХ) і Еўрапейскага Таварыства (ESPRAS):
— Мой бацька Бар’яш Васілій Васільевіч быў добрым, уважлівым, патрабавальным і сябрам для мяне. Ён навучыў патрабавальнасці да сябе, уважлівым адносінам да людзей, поўнай самааддачы да абранай прафесіі. Я стараюся поўнасцю рэалізавацца ў жыцці.
Сёння нагадаў, як бацька з поўнай самааддачай адносіўся да працы. Дваццаць пяць гадоў узначальваў калгас імя Царука, і гаспадарка дабівалася добрых вынікаў. Хочацца выказаць словы падзякі сённяшняму і ранейшаму кіраўніцтву Карэліцкага раёна за высокую адзнаку працы майго бацькі, а ад сябе асабіста — за запрашэнне на важнае мерапрыемства, цырымонію ўшанавання герояў Алеі Славы Карэліцкага раёна, куды занесены і партрэт бацькі. Падзея ўскалыхнула маю памяць і прымусіла задумацца над жыццёвымі каштоўнасцямі.

Таццяна АРДА,
Герой Сацыялістычнай Працы,
яе партрэт занесены на Алею Славы Карэліцкага раёна ў 2022 годзе:
— Сёння прысутнічаю на ўрачыстым мерапрыемстве як госця. Хаця хвалююся па-ранейшаму, як год таму назад, калі мой партрэт быў занесены на Алею Славы Карэліцкага раёна. Радуе, што нашы рады папоўніліся карэліччанамі, якія ўнеслі свой дастойны ўклад у развіццё раёна. Да чалавека працы заўсёды праяўляюць увагу на Карэліччыне. Гэта патрэбна не толькі для саміх герояў і іх сваякоў, але для падрастаючага пакалення. Моладзь павінна ведаць гісторыю роднага краю і пра тых, хто стаяў каля яе вытокаў. Як вядома, без мінулага няма будучага.

Галіна КАЛТУНОВА,
кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя», аўтар шматлікіх артыкулаў пра людзей працы раёна:
— Мой партрэт занесены на Алею Славы Карэліцкага раёна. Гэта мяне радуе: аказалася побач з героямі сваіх шматлікіх нарысаў пра іх жыццё. Мне ўспамінаюцца цудоўныя сустрэчы, якія пакінулі глыбокі след у маёй душы. Гэта залаты фонд Карэліччыны. Няпроста на словах перадаць іх стваральную працу на карысць нашага раёна. Іх жыцці — яркі прыклад працалюбства для ўсіх нас, якое старэйшае пакаленне паказвала не на словах, а на справе.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ