Руководство Кореличского района делится мнением о закрытии границ Польшей и Литвой

Днямі Польшча прыгразіла цалкам закрыць усе памежныя пераходы з Беларуссю, калі на мяжы адбудзецца нейкі «крытычны інцыдэнт». Польскі ўрад падтрымліваюць Літва і Латвія.

Прэзідэнт, размаўляючы ў БДУ з журналістамі, так пракаментаваў гэтае жаданне прыбалтыйскіх краін: «Гэта ж бокам вылезе! Хочуць яны закрыць — хай закрываюць! Мы ж усё роўна ў Літву, Латвію не ездзім і праз іх таксама не працуем. Каму яны горш зробяць? Яны зробяць горш толькі сабе і сваім людзям. Яны баяцца, што людзі да нас паедуць».

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў назваў гэтыя дзеянні суседніх дзяржаў жаданнем разбурыць усё, што будавалася на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў:

— Нашы народы многія гады жылі пробач у адной краіне — СССР. Дзякуючы гэтаму наладзіліся шматлікія сувязі: эканамічныя, культурныя і чалавечыя. Цяпер гвалтоўным спосабам іх хочуць разарваць. Як следства гэта пацягне за сабой разарэнне сярэдняга і дробнага бІзнесу, спыненне абмену вопытам у сферы культуры і мастацтва. Ды і проста з’ездзіць у госці да родных і сяброў, пакланіцца магілам блізкіх стане немагчымым. Я ўвесь час чытаю розныя інтэрнэт-рэсурсы і бачу, што простыя прыбалты не падтрымліваюць рашэнні сваіх урадаў.

Патрабаванні польскага боку абсурдныя: вывесці з тэрыторыі Беларусі супрацоўнікаў прыватнай вайсковай кампаніі “Вагнер” і вызваліць прыгранічную зону ад нелегальных мігрантаў. Тады хочацца ў сваю чаргу спытаць у Польшчы: «Што на вашай тэрыторыі робяць войскі НАТА? І якое дачыненне мае Беларусь да мігрантаў, якія ідуць сваімі шляхамі, нікога пра гэта не пытаючыся?» Дык чаму Польшча стварае такую істэрыю вакол Беларусі? Адказ просты. Хутка ў іх адбудуцца выбары, таму мэты кіруючай партыі «Права і справядлівасць» — знайсці знешняга ворага ў асобе Беларусі, нагнаць страху на палякаў і пагуляць мускуламі перад выбаршчыкамі.

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, які курыруе сферу эканомікі, Ігар Лазарэвіч лічыць, што закрыццё межаў ударыць у першую чаргу па Польшчы:

— У 2021 годзе экспарт з Польшчы ў Беларусь склаў 1,75 млрд еўра, а ў 2022 годзе — 1,8 млрд еўра. У цяперашні час у нас ужо ёсць амаль 1 млрд еўра. Палякі экспартуюць у Беларусь запчасткі для аўтамабіляў, бытавую тэхніку, прадукцыю хімічнай прамысловасці. Зацікаўлены ў закупках з Беларусі паліва, угнаенняў і драўніны. Рашэнне закрыць межы так ці інакш ударыць па польскай эканоміцы, а таксама па польскім бізнесе. Пры гэтым у Беларусі даўно наладжаны моцныя гандлёва-эканамічныя сувязі з такімі гігантамі сусветнага рынку, як Расійская Федэрацыя і Кітайская Народная Рэспубліка. Менавіта на гэтыя краіны прыходзіцца львіная доля айчыннага экспарту. Таму без гандлю з Прыбалтыкай мы пражывём. Што тычыцца Карэліцкага раёна, то да 2022 года мы экспартавалі ў Прыбалтыку жытні солад, выраблены на Варанчанскім спіртзаводзе. Цяпер гэтыя ж аб’ёмы пастаўляем у Расію. У цэлым сёлета экспарт паслуг арганізацый Карэліцкага раёна нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь вырас у 2,1 раза.

— Агрэсіўныя спробы краін Прыбалтыкі ўстанавіць штучныя бар’еры натыкаюцца на нашу добрасуседскую палітыку бязвізу, — дзеліцца меркаваннем намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, які курыруе сацыяльную сферу, Яўген Чычкан. — Пакуль яны закрываюць межы, мы наадварот робім для жыхароў Прыбалтыкі прыезд у нашу краіну камфортным, зручным і малабюджэтным. Сёння плаціць за візу не трэба, можна па прымальных цэнах пабываць у нашых музеях, тэатрах, наведаць урачоў і касметолагаў, купіць якасныя і смачныя прадукты, запасціся танным палівам. І галоўнае — убачыць на ўласныя вочы, што іх прапаганда хлусіць, робячы з Беларусі краіну-монстра. Паводле свежых звестак Дзяржпагранкамітэта, з пачатку года Беларусь наведалі больш за 300 тысяч іншаземцаў без віз. А ўсяго з пачатку дзеяння бязвізу да нас накіравалася больш за 694 тысячы. З іх звыш 438 тысяч грамадзян Літвы, 48 тысяч неграмадзян і больш за 158 тысяч грамадзян Латвіі.

Напрыклад, у Карэліцкім раёне з пачатку года аб’ём турыстычных паслуг вырас у два разы. Толькі Мірскі замак, не лічачы іншыя гісторыка-культурныя аб’екты, наведала амаль 260 тысяч турыстаў, многія з якіх прыехалі сюды з сумежных краін. І, вядома, засталіся задаволеныя ўбачаным і пачутым.

Нелагічнасць дзеянняў з боку Польшчы даказвае і той факт, што 15 кастрычніка на рэферэндуме падымуць пытанне аб зносе сцяны на мяжы з Беларуссю. Праўда, пры гэтым міністр абароны расказвае пра пагрозу з боку Беларусі і Расіі, міграцыйны крызіс і, вядома, палівае брудам апанентаў кіруючай партыі, якія як раз выступалі супраць будаўніцтва агароджы.

Пры гэтым Беларусь як заўсёды гатова да аднаўлення добрых адносін са сваімі суседзямі.

Іна ЛЕЙКА