Заместитель начальника управления сельского хозяйства и продовольствия райисполкома Александр Манько: «Кореличский район занимает третье место в Гродненской области по производству свинины»

З пачатку года ў Карэліцкім раёне атрымана 6,3 тысячы тон свініны, што складае 9,8% ад усяго рынку Гродзенскай вобласці. Гэта трэці паказчык сярод раёнаў Гродзеншчыны. Тэмп росту склаў 112%. Пра гэта расказаў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Манько.

На нарадзе па пытаннях развіцця свінагадоўлі 4 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым па краіне вытворчасць свіней за два гады знізілася амаль на 12 працэнтаў. Намечаныя планы па росце аб’ёмаў вытворчасці не выкананы. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што прычыны існуючай сітуацыі крыюцца ў грубых парушэннях біялагічнай абароны комплексаў і недастатковай селекцыйна-племянной рабоце.

Паводле слоў Аляксандра Манько, Карэліцкаму раёну ўдаецца даволі паспяхова вырашаць пастаўленыя Прэзідэнтам краіны задачы. Сёння ў раёне налічваецца амаль 57 тысяч галоў свіней. Пагалоўе пастаянна павялічваецца, напрыклад, у гэтым годзе на 2670 галоў, або на 104,9%. Сярэднясутачныя прывагі роўныя 688 г пры сярэднеабласным паказчыку 682 г. З пачатку года рэалізавана 6 тысяч тон прадукцыі, або 109,3% да аналагічнага перыяду мінулага года.

Як вядома, за 2013-2014 гады ў Гродзенскай вобласці з-за афрыканскай чумы свіней і па іншых прычынах былі закрыты тры свінагадоўчыя комплексы і 26 ферм. Каб аднавіць ранейшыя аб’ёмы вытворчасці, неабходна было будаваць новыя і рэканструяваць існуючыя свінагадоўчыя комплексы. Так, у кастрычніку 2015 года ў КУСП «Чарняхоўскі-Агра» пабудавана новая племянная ферма на 250 асноўных чыстапародных свінаматак з рэпрадуктарам на 950 асноўных свінаматак пры в. Тарасавічы. Гэты комплекс штогод пастаўляе 27 тысяч парасят для далейшага адкорму на свінакомплекс «Камаровічы» СВК «Маяк-Заполле». У гэтым жа годзе аднавілі свінакомплекс у ДП «Лукі-Агра». У 2016 годзе пасля рэканструкцыі быў адкрыты комплекс па адкорме свіней у СВК “Маяк-Заполле”.

Племянная праца і паляпшэнне пародных спалучэнняў свіней знаходзяцца пад кантролем Карэліцкага цэнтра селекцыі і генетыкі, якім кіруе Галіна Карп. Асноўныя пароды, якія разводзяцца ў раёне, — ёркшыр і ландрас. Гэта чыстапародныя свінні дацкай селекцыі. Летась з Чэхіі завезлі чыстапародных свінак пароды дзюрок, каб пашырыць селекцыйны статак. Такім чынам у раёне будзе вырошчвацца і рэалізоўвацца рамонтны маладняк трох чыстых парод. Акрамя таго, племянная ферма КУСП «Чарняхоўскі-Агра» стала першай у Беларусі, дзе атрымалі храчкоў англійскай сальнай пароды ёркшыр. Семянны матэрыял гэтай пароды выкарыстоўваецца Шчучынскім цэнтрам селекцыі па свінагадоўлі ва ўсёй Гродзенскай вобласці.

У час нарады Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што тэма біялагічнай абароны комплексаў, парадку на комплексе — гэта пытанне дзяржаўнай важнасці.

У Карэліцкім раёне гэтае пытанне пад жорсткім кантролем. Пасля пастаноўкі пагалоўя аб’екты зачыненыя для старонніх асоб. Гэтая мера дазваляе мінімізаваць рызыку занясення інфекцыі.

— Работнікі свінакомплексаў пры ўваходзе на аб’ект праходзяць санпрапускнік: пакідаюць у гардэробе асабістае адзенне, ідуць у душ, затым апранаюць чыстае спецадзенне. Абедаюць яны таксама на тэрыторыі комплексу ў пакоях прыёму ежы. Увечары, пасля заканчэння працоўнага дня, тая ж працэдура: душ і змена адзення. Працуюць сістэмы адпужвання дзікіх птушак, усталёўваюцца пасткі супраць грызуноў. Немалаважны і чалавечы фактар, ад якога ў канчатковым выніку залежыць поспех вытворчасці, — рэзюмаваў Аляксандр Манько.

Іна ЛЕЙКА