В Кореличской центральной районной больнице открылось межрайонное многопрофильное отделение реабилитации
У Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы з першага верасня пачало работу міжраённае шматпрофільнае аддзяленне рэабілітацыі.
Па словах галоўнага ўрача раённай бальніцы Дануты Скварады, новае аддзяленне адкрыта на базе хірургічнага аддзялення шляхам перапрафілявання хірургічных ложка-месцаў.
– Разам з неабходнасцю забяспечыць даступнасць усяго спектру медпаслуг для насельніцтва ўсё павінна быць па-гаспадарску і аптымальна, на гэта не раз звяртаў увагу Кіраўнік дзяржавы: “Усюды трэба ўзважваць і лічыць капейку. У тым ліку, у ахове здароўя”.
Па сацыяльных стандартах у Рэспубліцы Беларусь разлік ложкаў на колькасць насельніцтва такі: 9 ложкаў на тысячу жыхароў. Тут улічваюцца ложкі абласных, міжраённых і раённых устаноў аховы здароўя. На сённяшні дзень у Гродзенскай вобласці гэты паказчык роўны 9,58 ложка. Таму пастаўлена задача прывесці яго ў адпаведнасць са стандартам. У сувязі з гэтым праводзіцца скарачэнне стацыянарных ложкаў з канцэнтрацыяй сіл і сродкаў на міжраённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Наладжваецца лагістыка ад невялікіх раёнаў да міжраённых цэнтраў з плячом дастаўкі не больш за 70 км. Гэта дазволіць своечасова і на высокім узроўні аказваць дапамогу пацыентам у крытычным стане. Так, напрыклад, калі гаворка ідзе аб аператыўных умяшаннях, то на базе Карэліцкай раённай бальніцы праводзяцца нескладаныя хірургічныя маніпуляцыі. Пасля іх хворыя атрымліваюць лячэнне ў мясцовай бальніцы, дзе маецца дзесяць хірургічных ложкаў. Калі ж пацыенту патрабуецца складаная аперацыя, то ён накіроўваецца ў бліжэйшае міжраённае хірургічнае аддзяленне, якое мае сучаснае абсталяванне і дзе працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Мы пільна сочым за тым, каб усе такія пацыенты своечасова былі накіраваныя ў цэнтры або абласныя ўстановы.
Што тычыцца медыцынскай рэабілітацыі – гэта той жа лячэбны працэс, задача якога аднаўляць і кампенсаваць медыцынскімі і іншымі метадамі функцыянальныя магчымасці арганізма, парушаныя з-за перанесеных хвароб або траўмаў. Асноўная мэта – папярэджанне інваліднасці, аднаўленне і працяг актыўнай жыццядзейнасці, сацыяльная інтэграцыя і забеспячэнне прымальнай якасці жыцця пацыента. Галоўным ўпраўленнем аховы здароўя Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта было прынята рашэнне адкрыць у г.п. Карэлічы міжраённае шматпрофільнае аддзяленне рэабілітацыі, дзе аднаўленчае лячэнне будуць атрымліваць людзі з бліжэйшых раёнаў: Навагрудскага, Дзятлаўскага, Лідскага, Воранаўскага, Іўеўскага. Правільна падабраны комплекс мерапрыемстваў, распрацаваны ў рамках рэабілітацыйнай праграмы, дапаможа пацыентам прадухіліць развіццё непрыемных наступстваў захворванняў і аднавіць арганізм максімальна хутка і якасна. Рэабілітацыя дае шанс і магчымасць паўнавартаснага жыцця ў грамадстве без якіх-небудзь абмежаванняў, – адзначыла Данута Аляксандраўна.
Пра аддзяленне рэабілітацыі расказала яго загадчык Ларыса Малінковіч.
– Стацыянарнае аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі цэнтральнай раённай бальніцы пачало працу ў верасні бягучага года. Яго магутнасць – 25 ложкаў (у тым ліку пяць ложкаў кардыялагічнага, дзесяць – артапеда-траўматалагічнага, дзесяць – анкалагічнага профіляў). Тут аказваецца медыцынская дапамога пацыентам, якія пакутуюць ад ішэмічнай хваробы сэрца, пасля перанесенага інфаркта-міякарда, траўматалагічных захворванняў (складаных пераломаў, аперацый на суставах) і анкахворым, якія атрымліваюць працэдуры ў раннім і познім пасляаперацыйным перыядзе, а таксама аднаўленне пасля прамянёвай і хіміятэрапіі. Таксама прадастаўляюцца платныя паслугі: знаходжанне ў палаце павышанай камфортнасці.
Наша аддзяленне працуе ў цеснай сувязі з аддзяленнем фізіятэрапіі, якое мае сучаснае абсталяванне, дзякуючы чаму пацыентам даступныя розныя метады рэабілітацыі: ЛФК, апаратная фізіятэрапія, водалячэнне, цеплалячэнне, масаж, эргатэрапія, ігларэфлексатэрапія і іншыя. У бліжэйшы час аддзяленне папоўніцца новым сучасным абсталяваннем. Хворым, якія праходзяць рэабілітацыю, па неабходнасці могуць быць арганізаваны кансультацыі розных спецыялістаў, праводзіцца абследаванне і лячэнне спадарожных паталогій. Працуе псіхолаг.
У цяперашні час у аддзяленні праходзяць рэабілітацыю дзевяць чалавек.
Ганна Лішык, якая прыехала сюды пасля лячэння ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, падзялілася:
– Праходжу рэабілітацыю пасля перанесенага інфаркта-міякарда. У аддзяленні створаны вельмі добрыя ўмовы для аднаўлення пасля хваробы: утульныя палаты, добрае харчаванне. Увесь медперсанал кругласутачна праяўляе клопат і ўвагу. Тут працуюць граматныя і ўважлівыя спецыялісты. Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць загадчыцы аддзялення Ларысе Мікалаеўне Малінковіч за яе прафесіяналізм і ўвагу да пацыентаў.
– Нам тут добра, – сказаў жыхар аграгарадка Вензавец, што на Дзятлаўшчыне, Юрый Горбач, – створаны неабходныя ўмовы. Медперсанал уважлівы і паважлівы. У мяне, як і ў многіх пацыентаў, праблемы з сэрцам, падвышаны ціск. Але ў такіх умовах і з добрым стаўленнем дактароў наша здароўе абавязкова павінна палепшыцца.
– Мы ходзім на фізкультуру, заняткі на трэнажорах усім вельмі падабаюцца. У палатах чыста, усё новенькае. Стаўленне медыцынскага персаналу бездакорнае. За намі пастаянна назіраюць, часта прыходзяць, заўсёды выслухаюць, што турбуе, – сказала Марыя Кісель з вёскі Кальчычы Карэліцкага раёна.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара