На встрече с населением агрогородка Оюцевичи обсудили благоустройство и наведение порядка на земле

У аграгарадку Аюцавічы адбылася сустрэча з насельніцтвам па месцы жыхарства. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай і мясцовай улады і адпаведных служб раёна. Размова атрымалася шчырай і адкрытай, выступаючыя імкнуліся дастукацца да сэрца кожнага.

Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў пачаў размову з тэмы дэмаграфічнай бяспекі. Прамоўца гаварыў аб тым, што трывогу выклікаюць факты, калі чалавек пакідае жыццё ў маладым узросце. Прычынай становяцца гібель у дарожна-транспартным здарэнні, на пажары ці вадаёме, падчас сямейных скандалаў і сяброўства з гарэлкай і іншыя. «Для чаго чалавек жыве?» — задаў пытанне Аляксандр Віктаравіч і сам даў тлумачэнні на гэты конт. «Мы жывём у мірнай і спакойнай краіне. Займаемся стваральнай працай. Самае каштоўнае ў чалавека — жыццё і здароўе», — падкрэсліў ён.
Парадак на зямлі — адна з самых хвалюючых тэм. Прадстаўнік мясцовай улады назваў Аюцавічы населеным пунктам кантрастаў. Для пошуку «маляўнічых» малюнкаў далёка хадзіць не трэба: тэрыторыя каля дамоў насупраць праўлення мясцовага прадпрыемства зарасла пустазеллем. Паўстае пытанне: чаму гаспадары дамоў не косяць? У якасці яскравага прыкладу старшыня раённага Савета дэпутатаў паведаў пра свае адносіны да зямлі: імкнецца падтрымліваць парадак каля ўласнага дома і на малой радзіме.
На сустрэчы была закранута і не менш хвалюючая тэма — вываз смецця і бытавых адходаў. «Кожная сям’я павінна заключыць дагавор з раённым унітарным прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі на яго вываз, — адзначыў далей прамоўца. — Заплаціць за дадзеныя паслугі будзе куды танней, чым потым плаціць штрафы».
Адкрыта і шчыра вяла размову на гэтую тэму і дырэктар КСПУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» Анастасія Рабцэвіч. Кіраўнік адзначала, што на ўборку смецця ў Аюцавічах ідуць немалыя грашовыя сродкі прадпрыемства. І гэта не ўсё: праз пэўны час назіраецца той жа непрыглядны малюнак. Чакаюць клапатлівых рук і могілкі, а гэта ж святое месца, і пытанне застаецца адкрытым. Анастасія Пятроўна пераканана, што трэба мяняць адносіны некаторых вяскоўцаў да жыцця, і пачынаць трэба ім з сябе.
Крык душы кіраўніка — п’янства рабочых прадпрыемства, і асабліва ў рабочы час. Тут было б пажадана, каб перагледзелі адносіны да водпуску гарэлкі работнікі гандлю. Вядома, кожны імкнецца выконваць свае абавязкі, але ж гарэлка яшчэ нікога да дабра не давяла. Сапраўды, эгаізм і раўнадушша — страшныя якасці, і яны не да твару вяскоўцам, якія спрадвеку шчыра працавалі, гадавалі дзяцей, вызначаліся гасціннасцю і дабрынёй. Гэта ж датычыць і жыхароў Аюцавіч, пра якіх раней слава грымела на ўвесь раён. Дзе і калі гэта ўсё добрае згубілі? Чаму пра гэта трэба напамінаць сёння на сходах?
І яшчэ немалаважны факт. У Аюцавіцкую школу заўсёды прыязджаць прыемна: яна патанае ў кветках. Тут заўсёды прывівалі вучням любоў да прыгожага і цудоўнага. Своечасовай і зразумелай падалася заўвага дырэктара школы Галіны Бухавец: «Мы ж выхоўваем дзяцей. А які прыклад паказваюць ім бацькі і суседзі?» Сапраўды, спрадвеку праца на зямлі была пачэснай і ганаровай, а падтрымліваць на ёй парадак — святая справа.
Ці змаглі дастукацца прамоўцы да сэрцаў жыхароў Аюцавіч? Ці змогуць вяскоўцы пераасэнсаваць пачутае і паведаць пра гэта астатнім насельнікам аграгарадка?
Адно толькі відавочна, што так далей прадаўжацца не можа. Быць гаспадаром на сваёй зямлі — гэта абавязак, а зрабіць яе прыгашэйшай — справа рук кожнага, хто там жыве. Толькі разам можна зрабіць прыгожым родны куточак на радасць сабе і гасцям.

Галіна СМАЛЯНКА