Председатель Кореличского райисполкома Геннадий Шатуев: «Посеять озимые зерновые культуры необходимо до 30 сентября»
Пасеяць азімыя збожжавыя культуры неабходна да 30 верасня. Такую задачу аграрыям паставіў на аператыўнай штотыднёвай нарадзе старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.
— На сёння толькі чатыры гаспадаркі з дзевяці прыступілі да пасяўной. 6 верасня ў раёне пачнецца масавая сяўба азімых збожжавых, значыць на завяршэнне работ засталося ўсяго 24 дні. Гэта вельмі сціслыя тэрміны, а трэба ўлічыць і чалавечы фактар, і магчымы выхад са строю сельгастэхнікі. Зацягваючы тэрміны пасяўной, мы загадзя губляем цэнтнеры з гектараў у наступнае жніво.
Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць якасці насення і тэхналагічных аперацый. Неабходна больш аператыўна вызваляць палі ад саломы і ўбіраць кукурузу на сілас. Вядома, што каралева палёў надзвычай адчувальная да нізкіх тэмператур і губляе свае пажыўныя ўласцівасці.
У гэтым годзе ў раёне азімыя збожжавыя культуры будуць пасеяны на 13 300 га. Па стане на 5 верасня, насенне пакладзена ў глебу на 524 га, або 4%. Магутнасці машынна-трактарнага парка раёна дазваляюць засяваць 480 га за дзень. Па прагнозах упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, да 30 верасня раён з пасяўной справіцца. Насенным фондам усе сельгаспрадпрыемствы забяспечаны пад поўную патрэбнасць. У дадзены момант праводзіцца яго ачыстка і пратручванне. Для сортаабнаўлення ў элітгасах Гродзенскай вобласці закуплена насенне эліты. Пад пастаянным кантролем райсельгасхарчу і інспекцыі па насенняводстве знаходзіцца якасць сяўбы: падрыхтоўка глебы, норма высеву і іншыя важныя тэхналагічныя аперацыі. Па стане на 5 верасня, 86% палёў ужо вызвалены ад саломы. Засталося вызваліць яшчэ 2426 га, пакуль ні адна з гаспадарак раёна не справілася з гэтай задачай. Уборку кукурузы на сілас пачалі пяць сельгаспрадпрыемстваў з дзевяці. З запланаваных 5248 га ўбрана 486 га, або 9%. Да 15 кастрычніка гэта работа павінна быць завершана.
Яшчэ тры найважнейшыя тэмы ўзняў кіраўнік раёна на аператыўнай нарадзе. Па-першае, неабходна праверыць умовы пражывання адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян перад пачаткам ацяпляльнага сезона. Па-другое, праманіторыць стан дарожнай разметкі і прапускной сістэмы ва ўстановах адукацыі. Па-трэцяе, звярнуць увагу на нашэнне флікераў у цёмны час сутак і вакцынацыю ад грыпу.
— Самая важная задача органаў выканаўчай улады — гарантаваць бяспеку грамадзян. Пажылыя людзі павінны жыць у цяпле і ўтульнасці. Каму трэба, прапануйце сацыяльныя койкі. Дзеці таксама павінны бяспечна дабірацца да школы і дзіцячага сада. Не трэба забываць пра флікеры: гэтая дробязь можа выратаваць жыццё. Што тычыцца вакцынацыі ад грыпу, гэта трэба зрабіць у першую чаргу, — рэзюмаваў Генадзій Шатуеў.
Іна ЛЕЙКА