Пожилые кореличчане присоединились к республиканскому марафону «Шаг к долголетию»

Рэспубліканскі марафон па скандынаўскай хадзе “Крок да даўгалецця”, прымеркаваны да Дня пажылых людзей, прайшоў на Карэліччыне.

Старт марафону быў дадзены ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Да мерапрыемства далучыліся ўдзельнікі з усёй краіны. Не засталіся ўбаку і пенсіянеры Карэліцкага раёна, якія прайшлі дыстанцыю на стадыёне «Юнацтва».

Удзельнікам марафону спрыяла добрае надвор’е. Цёплае восеньскае сонца падымала настрой і выклікала ўсмешкі на тварах пенсіянераў. Мерапрыемства спадабалася ўсім, таму што яны сустрэліся са сваімі знаёмымі, актыўна і з карысцю правялі час.

Ірына Дораш кажа, што мерапрыемства вельмі карыснае для пажылых:

— Рухальная актыўнасць важная, асабліва для людзей паважанага ўзросту. Трэба працягваць падобныя мерапрыемствы і прыцягваць больш удзельнікаў. Гэта надае бадзёрасці, узнімае настрой. Скандынаўскай хадой я займаюся не так даўно, з кастрычніка мінулага года. Я доўгі час працавала ў санітарнай службе, таму ведаю, што хада — адзін са спосабаў падаўжэння жыцця. Калі я выйшла на пенсію, запісалася ў гурток пры Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна, удзельнічаю ў мерапрыемствах. Два разы на тыдзень мы збіраемся і ходзім па стадыёне, Карэлічах. Мне гэта вельмі падабаецца, дае мне бадзёрасць, сілы і натхненне.

Дар’я ВАРАПАЕВА

Фота аўтара