Пункт погляду журналіста: «Ода другому хлебу, або да бульбы з пашанай»

У гэтыя дні пра бульбу гаворыцца шмат. Самы час яе ўбіраць з поля, назапшаваць на зіму тым, хто яе не садзіў. Нездарма яе велічаюць другім Хлебам, без яе чалавек не ўяўляе свайго жыцця. Бульба на стале кожны дзень, а прыгатавая  страва вельмі апетытная. Таму хочацца прысвячаць Оду любімаму прадукту, бо ён гэтага заслужыў.

АД ДЗЯДОЎ І ПРАДЗЕДАЎ

Існуе шмат народных прымавак і прыказак на гэты конт. Да прыкладу, «Бульба хлеб беражэ», «Дзе бульбу не паважаюць, там даходы зніжаюць», «У таго бульба не родзіць, хто араць лянуецца», «Без працы бульба не родзіцца ніколі», «Бульбы ды каша — ежа наша», «Бульбу капаць не рукамі махаць» і іншыя.

Народны паэт Беларусі, класік беларускай літаратуры Пімен Панчанка прысвяціў бульбе цудоўныя вершаваныя радкі:

Печаная бульба — гэта казка,

Паскрабеж нажом — і калі ласка.

Жоўтая скарынка, як пірог,

Будзеш уплятаць як за трох.

Мне ўспамінаюцца эпізоды з жыцця дзяўчат і юнакоў дваццатага стагоддзя.  Яны капалі бульбу  на калгасных палетках, і гэта быў самы шчаслівы час.  Незабыўнымі засталіся піянерскія кастры, калі смажылі бульбу і спявалі песні.  «Ах, картошка — объеденье, Пионеров идеал! Тот не знает наслажденья, Кто картошки не едал!»— адну з іх немагчыма забыцца.

ПОГЛЯД У МІНУЛАЕ

Здаецца, нядаўна гэта было, а прайшло больш трыццаці гадоў. Вёска  жыла паўнацэнным жыццём, яе жыхары працавалі на калгасных палетках і ўвіхаліся  па асабістай гаспадарцы.  Клопатаў дабаўлялася восенню: убіралі дары прыроды, вырашчанае на агародах, капалі бульбу. Што да апошняга,  гэта была самая працаёмкая работа.

Бульбу на вёсцы садзілі ўсе — ад вялікіх сем’яў да адзінокіх жыхароў. Да гэтай працы рыхтаваліся загадзя, прыязджалі сваякі з гарадоў, дапамагалі суседзі — і копка бульбы ператваралася ў сапраўднае свята, якое напрыканцы працы адзначалі за  сталом.

З даўніх часоў да бульбы ў вяскоўцаў былі самыя паважлівыя адносіны.

Яе садзілі на прысядзібных участках і калгасных палетках, некаторыя да пяцідзесяці сотак. Да вечара мяшкі з бульбай вырасталі на полі, як грыбы, і гаспадары вырашчаны ўраджай  звозілі дамоў. Зранку зноў спяшаліся  разагнаць рады і прадаўжаць капаць бульбу. З якой асалодай  яны збіралі вялікія клубні, якія свяціліся на восеньскім сонцы, і вельмі хутка напаўнялі кашы. Асалоду атрымлівалі не толькі ад выкапанай бульбы, а  і ад разаранай ралі, якая вызначалася сваім асаблівым водарам. У такія моманты здавалася, што зямля вядзе з табой размову, і ты ўдзячны за яе шчодрасць.

СВЯТА Ў ГОНАР БУЛЬБЫ

Яно адзначаецца на Карэліччыне ўжо ў другі раз у аграгарадку Цырын. Яго ладзяць работнікі культуры раёна, збіраюцца вяскоўцы і госці. Сапраўды, бульба заслугоўвае таго, каб яе ўшаноўвалі і ладзілі з гэтай нагоды святы.

Вось і гэтая ўрачыстасць пад назвай «Бульбяны разгуляй» мае свае адметнавсці. Гучаць цудоўныя словы, выконваюцца добрыя песні, рыхтуюцца разнайстайныя стравы — і ўдзельнікі святочнага мерапрыемства весяляцца па-добраму і адпачываюць душой. Гэта яны ад чыстага сэрца спяваюць Оду Бульбе — асноўнаму прадукту, без якога не ўяўляюць штодзённага жыцця.

Менавіта  на Цырынскай зямлі з году ў год яе вырошчваюць і дабіваюцца добрых ураджаяў. Хлебаробы шчыруюць з ранку да вечара, і іх старанні не праходзяць дарэмна. Нездарма заўважана, што хлеб і песня побач ідуць, а ў народзе бульбу велічаюць другім хлебам.

Галіна СМАЛЯНКА

1