3 верасня — Дзень беларускага пісьменства. Карэліччане дзеляцца меркаваннямі з нагоды свята

Штогод у першую нядзелю верасня ў Рэспубліцы Беларусь  адзначаецца нацыянальнае  свята –  Дзень беларускага пісьменства. З 1994 года традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Сёлета юбілейны трыццаты Дзень беларускага пісьменства прыме г. Гарадок Віцебскай вобласці. Яго канцэпцыя прадугледжвае паказ непарушнага адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

Менавіта ў кнігах, у прыгожым пісьменстве, у словах паэтаў і пісьменнікаў адлюстроўваюцца гісторыя народа, яго слаўныя справы. Беларусам ёсць чым ганарыцца – беларуская пісьменнасць мае шматвяковыя традыцыі. Асветнікі беларускага народа  –  постаці еўрапейскага маштабу. Гэта і Францыск Скарына, фрэска з выявай якога ўпрыгожвае сцяну Падуанскага ўніверсітэта побач з партрэтамі іншых гігантаў Адраджэння,  і прапаведнік Кірыл Тураўскі, і  Еўфрасіння Полацкая, падзвіжніца, якая аддала перавагу  “мёду нябеснай мудрасці”, а не “золату княжацкай славы”, і Сімяон Полацкі, чыю творчасць навукоўцы лічаць не толькі адным з вытокаў беларускай літаратуры, але і пачаткам рускага вершаскладання і тэатра.

Дырэктар ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” Лілія Арцюх  адзначае:

– Святкуючы дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнічаў асвеце і падняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова. На гэтае свята бібліятэкі раёна запрашаюць  чытачоў на  кніжныя выставы, а таксама прапануюць стаць удзельнікамі гадзін радзімазнаўства. Гэты дзень  вяртае нас да вытокаў роднай мовы і культуры.  Усе добра ведаюць імя Францыска Скарыны, які надрукаваў першую кнігу на беларускай мове. Гэта наша гісторыя і спадчына, якімі мы ганарымся. Свята дазваляе папулярызаваць беларускую мову сярод людзей.   Продкі пакінулі нам неацэнны скарб – родную мову, выдатнымі ўзорамі якой з’яўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа. Наша задача і задача  будучага пакалення — захаваць родную мову, не даць ёй знікнуць. Калі знікне мова, то неўзабаве  спыніць сваё існаванне і ўся нацыя. Родная мова не менш каштоўная, чым усякія карысныя выкапні, яе нельга купіць або прадаць, ёй можна толькі ганарыцца і захапляцца.

Настаўнік ДУА “Сярэдняя школа  № 2 г.п. Карэлічы“ Людміла Браніцкая дзеліцца:

– Свята, якое адзначаецца ўжо на працягу трыццаці гадоў, лічу значным і патрэбным. Яно заклікае ўспомніць пра тое, як з’явілася пісьменнасць на беларускай зямлі, як развівалася і ў якім выглядзе прыйшла да нас.  Гэта наша гісторыя, жыццё. Толькі з друкаванага слова, з тых ці іншых прачытаных намі кніг мы можам у нейкай меры спазнаць сябе, абапіраючыся на вопыт тых, хто жыў да нас. Дзень беларускага пісьменства спрыяе аб’яднанню беларускага народа, садзейнічае вяртанню да вытокаў, дазваляе з надзеяй глядзець у будучыню. А мілагучнасць роднай мовы выклікае гонар за сваю краіну. З 1994 года свята прайшло шлях ад звычайнага культурнага мерапрыемства да аднаго з найбольшых нацыянальных праектаў, без якога ўжо цяжка ўявіць духоўнае жыццё нашых грамадзян. І ўвесь гэты шлях мы прайшлі разам і змаглі пабудаваць мірную і прыгожую Беларусь.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара і з  архіва герояў публікацыі