Династия лесничих Королько из Кореличского района: «Лес — это целая жизнь»

Верасень багаты на святочныя дні, і нядзеля трэцяга тыдня не стала выключэннем. У гэты дзень сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі лесу. Свята бярэ пачатак з далёкага 1977 года, калі было прынята “Лясное заканадаўства”, якое займалася рэгуляваннем пытанняў лясной гаспадаркі. Лясы Беларусі з разнастайным жывёльным і раслінным светам – не толькі дар прыроды, але і вынік упартай штодзённай працы вялікай каманды прафесіяналаў: леснікоў і ляснічых, паляўніцтвазнаўцаў і егераў, лесаводаў і рабочых гадавальнікаў, цэхаў дрэваапрацоўкі. Людзі гэтых прафесій робяць усё магчымае, каб захаваць і прымножыць наша нацыянальнае багацце, карыстацца якім будуць яшчэ многія пакаленні беларусаў.

Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў лясной гаспадаркі карэспандэнт раённай газеты “Полымя” наведала Свіцязянскае лясніцтва і пагутарыла з ляснічым Аляксандрам Каралько, які ўзначальвае яго з 2001 года.

– Наш калектыў невялікі, але спрацаваны, і, як мне здаецца, я заўсёды знаходжу паразуменне з падначаленымі. Усе людзі добра ведаюць справу і заўсёды адказна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў, –– расказаў пра калектыў кіраўнік.
Работнікі таксама цэняць свайго ляснічага, кажуць, што ён хоць і патрабавальны, але справядлівы, будуе канструктыўны дыялог з падначаленымі і не патрабуе ад іх невыканальных задач.

У падначаленні Аляксандра Мікалаевіча працуюць васямнаццаць чалавек: памочнік ляснічага, бухгалтар, два майстра, чатыры лесаводы, чатыры рабочыя, занятыя на валцы лесу, трактарыст, вадзіцель і вартаўнік.

У восем гадзін ляснічы ўжо на працоўным месцы. Там разам з майстрамі лесу размяркоўвае работу, якой пазней зоймуцца лесаводы і астатнія работнікі.

Калі скончыцца дзень, загадзя невядома: кіраўнік можа вярнуцца з работы “па званку” ў пяць гадзін вечара, а можа і да васьмі працаваць. Але Аляксандр Мікалаевіч не скардзіцца – кажа, што такі графік і ненарміраваны працоўны дзень сталі звыклымі.

І расказаў, што лесам ён “захварэў » яшчэ ў дзяцінстве. Яму было ад каго пераняць любоў да прыроды – бацька Мікалай Яўгеньевіч доўгі час прапрацаваў у лясніцтве: спачатку егерам, а пазней стаў ляснічым.

У 1992 годзе пасля заканчэння школы Аляксандр Мікалаевіч паступіў вучыцца ў Мінскі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “інжынер лясной гаспадаркі”, а пасля вучобы вярнуўся на малую радзіму, у вёску Міратычы. Уладкаваўся на працу ў Свіцязянскае лясніцтва. Быў спачатку майстрам лесу. Паступова рос па кар’ернай лесвіцы. І гэта невыпадкова. Ужо з першых хвілін зносін зразумела, што ляснічы – чалавек, у якога словы ніколі не разыходзяцца са справай.

Павольны, разважлівы і ўраўнаважаны. Ніводнага лішняга слова, ніводнага лішняга руху. Няўзброеным поглядам відаць, як адказна і грунтоўна ён падыходзіць да кожнага пытання. Яго адметныя рысы характару – працавітасць, дзелавітасць, арганізатарскія здольнасці, імкненне да ўдасканалення. Ён справядліва лічыць, што знайшоў сваё прызначэнне там, дзе нарадзіўся і вырас.

Ляснічы расказаў, што яго праца прадугледжвае папяровую руціну, з якой ён па магчымасці спраўляецца хутка. Асноўны клопат – лес. Лясныя ўгоддзі Свіцязянскага лясніцтва размяшчаюцца прыкладна на 7612 гектарах, падзелены на тры майстэрскія ўчасткі. Кіраўнік асабіста абследуе тэрыторыю, каб ведаць, дзе трэба праводзіць санітарную высечку лесу, а дзе нарыхтоўку драўніны, дзе трэба падрыхтаваць участак да пасадкі новых культур і асабіста праверыць, як прыжыліся саджанцы, як спраўляюцца з працай лесаводы, наколькі прафесійна рэжуць лес вальшчыкі і многае іншае. Ён заўважае кожную дробязь і рыхтуе планы не толькі на дзень-два наперад або на тыдзень, але і на месяц і больш.

Немалаважна і тое, што сям’я ва ўсім падтрымлівае яго, бо працуюць разам з ім жонка Ірына, якая з’яўляецца яго надзейным плячом не толькі дома, але і на рабоце, і сын Пётр.
Ірына Пятроўна родам з г. Гродна. Пасля заканчэння Гродзенскага селькагаспадарчага ўніверсітэта па спецыяльнасці “агранамія” спачатку шчыравала на сельгаспрадпрыемствах. Пачала працоўную дзейнасць у СВК ”Гродзенскі”. Калі выйшла замуж, то прыехала за мужам на Карэліччыну. Некаторы час працавала ў Валеўцы аграномам-насенняводам, але калі з’явілася магчымасць змяніць сферу дзейнасці, зрабіла гэта з вялікім задавальненнем. З 2009 года займае пасаду памочніка ляснічага.

– Ірына Пятроўна, за што любіце сваю прафесію?

– А як яе можна не любіць? Лес – гэта жыццё! Прафесія стваральная, таму і падабаецца мне. У лесе праводжу вельмі шмат часу. Тут у кожную пару года свая прыгажосць, таму і працуеш, і адпачываеш. У зоне ўвагі і рубкі, і лясныя культуры, і ахова лясоў ад пажараў. Шмат што ўваходзіць у кола абавязкаў.

Упадабаўшы прыклад сваіх бацькоў, вырашыў прысвяціць сваё жыццё лесу і сын Пётр, які сёлета скончыў, як і бацька, тэхналагічны ўніверсітэт і прыехаў таксама на сваё першае месца працы на радзіму. Зараз ён – майстар лесу.

– Пытанне аб выбары прафесіі не стаяла – я дакладна ведаў, што буду працаваць у лясной галіне, – дзеліцца юнак. – Значную частку часу ў дзяцінстве праводзіў у лесе. Дзед, бацька, маці, напэўна, яны паўплывалі на выбар прафесіі. Мне падабалася, я жыў у гэтым асяроддзі, таму не ўяўляў для сябе іншага шляху.

Вось так склалася сапраўдная сямейная дынастыя на адным прадпрыемстве. Гледзячы на людзей, улюбёных у лес, думаецца, што яна не перапыніцца, і наступнае пакаленне працягне справу сваіх продкаў: будзе гэтак жа рупліва служыць Яго Вялікасці лесу, які стаў для іх не проста часткай жыцця, а самім жыццём.

А яшчэ мне здалося, што прафесія работнікаў лесу ў чымсьці падобная да прафесіі ваеннага: яны таксама заўсёды напагатове, гатовыя па першым клічы кінуцца на абарону лесу, не шкадуючы пры гэтым ні сіл, ні часу, а часам і рызыкуючы жыццём.

Таму хай прырода будзе ўдзячная за іх працу, за пільную ўвагу, за догляд і клопат пра яе. Хай дрэвы сваімі зялёнымі кронамі ўпрыгожваюць лясы, дораць дамы для лясных жывёл. Хай у кожным лесе заўсёды застаецца той самы астравок спакою і яднання з прыродай. Хай прырода захавае сваё багацце, а праца прыносіць задавальненне!

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва сям’і Каралько