Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Марына Станкевіч: «У Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк прыехаць на вучобу можа любы школьнік краіны»
У Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк прыехаць на вучобу можа любы школьнік краіны. Такім чынам дзяржава дапамагае таленавітай моладзі асвойваць новыя тэхналогіі і ў будучыні стаць вучонымі, — адзначае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Марына Станкевіч.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня пабываў у дзіцячым тэхнапарку і пагутарыў з яго навучэнцамі. Ён адзначыў, што для Беларусі таленавітыя людзі, інтэлект нацыі — гэта самае вялікае багацце. Галоўнае — не нафта і не прыродны газ, а людзі, разумныя, таленавітыя, якія любяць сваю краіну. Менавіта сучаснай моладзі давядзецца праз некалькі гадоў кіраваць краінай, ствараць даброты для яе народа.
Кіраўнік дзяржавы заўсёды з вялікай увагай ставіўся да маладога пакалення, да яго адукацыі, пачынаючы ад дзіцячага сада і агульнаадукацыйнай школы і заканчваючы ВНУ. Вось і тэхнапарк у Беларусі з’явіўся ў 2021 годзе дзякуючы яго падтрымцы: такі ж праект ужо даўно працуе ў Сочы. Менавіта там пабываў наш Прэзідэнт, убачыў, наколькі гэта карысна і запатрабавана ў моладзі.
Заняткі ў тэхнапарку праходзяць па чатырох адукацыйных напрамках: робататэхніка, зялёная хімія, інжынерная экалогія, а таксама інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі. Дзеці займаюцца хіміяй, праграміруюць і збіраюць робатаў на базе чатырох ВНУ краіны – БДУ, БНТУ, БДУІР і БДТУ.
Трапіць у тэхнапарк даволі складана: конкурс складае прыкладна тры чалавекі на месца. Каб прэтэндаваць на 30-дзённае навучанне, неабходна напісаць навукова-даследчую работу або быць пераможцам алімпіяды ці конкурсу. Затым прайсці тэсціраванне з 40 пытаннямі на агульную эрудыцыю, логіку, прасторавае мысленне і субяседаванне. Таму права вучыцца ў тэхнапарку атрымліваюць у асноўным алімпіяднікі, пераможцы і прызёры міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, аўтары навуковых работ і юныя вынаходнікі.
Аднак складана — не значыць немагчыма. У мінулым годзе прайсці складаны адборачны этап змагла 9-класніца сярэдняй школы г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай Віялета Стэльмах. Дзяўчына захапляецца хіміяй і біялогіяй, марыць стаць студэнткай медыцынскага ўніверсітэта. У тэхнапарку вучылася па накірунку «Зялёная хімія» і змагла паглыбіць школьныя веды.
Акрамя таго, у Мірскай СШ другі год працуе STEM-цэнтр, які ствараўся для паглыбленай падрыхтоўкі школьнікаў па прадметах прыродазнаўча-матэматычнага курса, у першую чаргу матэматыцы, фізіцы, біялогіі. Тут навучэнцы займаюцца 3D-мадэліраваннем і робататэхнікай. У мінулым навучальным годзе цэнтр наведалі 150 школьнікаў з Карэліцкага раёна, прайшлі метадычную падрыхтоўку дырэктары школ і педагогі.
Выдатным жыццёвым стымулам для юнакоў і дзяўчат з’яўляецца спецыяльны фонд Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. У Карэліцкім раёне тры чалавекі ўдастоены гэтага дзяржаўнага заахвочвання. У іх ва ўсіх шчасліва склаўся лёс. Напрыклад, Раман Пярэська працуе ўрачом траўматолагам-артапедам ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр спорту».
Сёння ў нашай моладзі ёсць вельмі шмат магчымасцяў для самарэалізацыі, дзяржавай створаны ўсе ўмовы, галоўнае — асвойваць веды, нягледзячы на складанасці, і правільна выбраць свой далейшы шлях, каб хадзіць на працу з задавальненнем.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара