В Кореличах открылась персональная выставка Ольги Старжинской “Настроение моей души”
Напярэдадні Дня народнага адзінства ў выставачнай зале Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці адкрылася персанальная выстава майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Вольгі Старжынскай “Настрой маёй душы”.
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – гэта народная творчасць, крыніца чыстая і вечная. Яна ўплывае на чалавека, развівае яго фантазію, узбройвае ведамі і нясе прыгажосць. Гэта тое, што ідзе ад душы, а душа народная добрая і прыгожая. Мастацтва ўзбагачае творчыя імкненні чалавека ператвараць свет, развівае нестандартнасць мыслення, свабоду, індывідуальнасць, уменне ўглядацца і назіраць, а таксама бачыць у рэальных прадметах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва навізну і элементы незвычайнасці. І ўсё гэта пра гераіню сустрэчы.
Вольга Старжынская ўраджэнка Карэліцкага раёна, скончыла факультэт народнай культуры Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка. Больш за 20 гадоў займаецца творчасцю. Майстар валодае вышыўкай крыжыкам, ткацтвам паясоў, выцінанкай, вырабам традыцыйных лялек, фларыстыкай. Яна прыгожа афармляе работы і ўвесь час самаўдасканальваецца.
Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан у сваёй прамове адзначыў, што, праводзячы вольны час у Інтэрнэце, мы губляем каштоўны час. Кожны з нас у чымсьці таленавіты, толькі гэта своечасова трэба разгледзець і развіваць. Асабіта ён ганарыцца тым, што ў нас у раёне ёсць творчыя асобы, якія ўмеюць ствараць утульнасць і прыгажосць сваімі рукамі. І няхай гэты дар будзе высока ацэнены гледачамі і бясконца будзе перадавацца іншым пакаленням.
Падчас адкрыцця экспазіцыі было ўсё: і добрыя словы ў адрас аўтара, і падзяка, і пажаданні далейшага развіцця таленту.
Так, сучаснае грамадства зацікаўлена не толькі ў высокакваліфікаваных, але і творчых людзях, усебакова развітых асобах, якія імкнуцца дасягнуць поспеху ў розных галінах дзейнасці. Кожны чалавек таленавіты па-свойму. І сённяшняя сустрэча таму яркі доказ. У Вольгі Вячаславаўны творчая сям’я. Матуля валодае тэхнікай выцінанкі, займаецца карункапляценнем, і дзеці з захапленнем засвойваюць веды і ўменні старэйшага пакалення.
У сваёй прамове мастачка Вольга Вячаславаўна адзначыла, што любоў да творчасці прывілі бабуля і маці, якія заўсёды былі ў творчым пошуку.
– Асабіста мне больш за ўсё падабаецца працаваць з ніткамі: вышыўка, ткацтва, пляценне, шыццё. Быў у маім жыцці вельмі карысны і цікавы вопыт. Я некаторы час працавала рэстаўратарам у Мірскім замку, дзе займалася рэстаўрацыяй радзівілаўскіх габеленаў. Каб займацца гэтай справай, праходзіла стажыроўку ў Літве ў лепшых рэстаўратараў. Гэта была не проста работа, а выдатная магчымасць дакрануцца да гісторыі нашага краю, — адзначыла майстрыха.
Кожны наведвальнік выставы меў цудоўную магчымасць далучыцца асабіста да мастацтва падчас правяддзення Вольгай Вячаславаўнай майстар-класа па вырабе традыцыйнай лялькі-мотанкі.
Гучала выдатная народная музыка. А яшчэ былі кветкі, апладысменты і ўсмешкі — шмат, вельмі шмат усмешак. Адным словам, настрой не па-восеньскі цёплы і радасны.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара